Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: ініцыятараў Народнага сходу перасьледуюць, запалохваюць, арыштоўваюць


Улётка Народнага сходу.

Улётка Народнага сходу.

У Гомелі мясцовыя ўлады перасьледуюць грамадзкіх актывістаў, якія займаюцца падрыхтоўкай Народнага сходу. У іх забіраюць інфармацыйныя матэрыялы пра сход, запалохваюць, штрафуюць. Дваіх актывістаў пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі.

Яшчэ падчас збору подпісаў на вуліцы Юбілейнай супрацоўнікі Чыгуначнага райаддзелу міліцыі сталі затрымліваць грамадзкіх актывістаў.

Iльля Міронаў
29-гадовы Iльля Міронаў: «Зьбіраў подпісы за Народны сход. Нас затрымалі 5 верасьня, як сказалі, для ўдакладненьня пашпартных зьвестак. Затрымалі й адвезьлі ў аддзяленьне міліцыі й трымалі пару гадзінаў. Іх больш цікавіла, ці маем мы дачыненьне да якіх-кольвечы партыяў і аб’яднаньняў, навошта мы ходзім, хто будзе на сходзе».

З распараджэньня начальніка аддзелу грамадзкага парадку Чыгуначнага РАУСу маёра Аляксандра Кошмана міліцыянты скапіявалі сабраныя подпісы жыхароў, заявіўшы, што будуць тэлефанаваць людзям і пытацца, ці карэктна паводзілі сябе зборшчыкі подпісаў.

Ксенія Яраслаўцава
Праз колькі дзён участковы Юры Козел запрасіў зборшыцу подпісаў Ксеню Яраслаўцаву нібыта на размову. Аказалася — для вярбоўкі ў сакрэтныя інфарматары.

Яраслаўцава: «Участковы выклікаў для гутаркі. Прыходжу я да іх, а там яшчэ сядзіць дзядзька ў цывільным. Міліцыянты сказалі пакінуць рэчы й ісьці ў кабінет Кошмана з гэтым дзядзькам. І там ён пачаў прапаноўваць супрацоўніцтва: каб я дакладала, што ў нас адбываецца, якія мерапрыемствы будуць і гэтак далей. Ён ставіў пад пагрозу маю будучыню й майго дзіцяці. З гадзіну ён спрабаваў мяне ўгаварыць, але я, канечне, адмовілася».

Двое невядомых у цывільным спынілі ля пад’езду дому й зборшыка подпісаў Віталя Пратасевіча. Адзін зь іх папярэджваў:

«Пастой і паслухай моўчкі. Вось гэтыя ўлёткі прыраўноўваюцца зараз да ўздыму народу на бунт. І подпісы ты зьбіраеш? Кажу: так, зьбіраю, маю права — артыкул 37 Канстытуцыі. Гаворыць: у цябе дзевяціпавярхоўка на два пад’езды. У кожным пад’езьдзе знойдзецца 3-4 чалавекі, якія напішуць, нават калі ты не заходзіў да іх дамоў, што ты заходзіў, і ў іх прапалі рэчы: тэлефон, грошы. Кажуць мне: думай сам. Павярнуліся і пайшлі».

Васіль Такарэнка
20 верасьня на вуліцы Юбілейнай грамадзкія актывісты Андрусь Цянюта й Васіль Такарэнка раздавалі мінакам запрашэньні на Народны сход, які мае адбыцца 8 кастрычніка ля ДК «Віпра». Міліцыянты затрымалі іх, забралі інфармацыйныя матэрыялы, склалі пратаколы й адвезьлі ў ізалятар, а 21 верасьня — даставілі ў суд.

Судзьдзя Чыгуначнага раёну Ільля Сьвірыдаў пакараў Цянюту адміністрацыйным арыштам на 10 сутак, а Такарэнку — 350-тысячным штрафам. Гэта першы судовы прэцэдэнт, калі Народны сход міліцыя й суд прыраўнялі да несанкцыянаванай масавай акцыі.

Такарэнка: «Мы нічога кепскага не рабілі. Улады ня хочуць, каб грамадзтва ведала пра Народны сход 8 кастрычніка. Цалкам відавочна, што гэта было мэтанакіраванае затрыманьне й мэтанакіраваны прысуд, каб запужаць трохі напярэдадні Народнага сходу».

Варта дадаць, што 22 верасьня нібыта за лаянку й супраціў міліцыі быў пакараны ў Цэнтральным судзе 15-суткавым арыштам сябра гарадзкога аргкамітэту за правядзеньне Народнага сходу Кастусь Жукоўскі. Спэцназаўцы нібыта хацелі ўручыць актывісту позву ў Чыгуначны РАУС да маёра Кошмана для высьвятленьня таго, чаму тэлефон Кастуся пазначаны ў інфармацыйных лістках пра Народны сход.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG