Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін будзе балятавацца на пост прэзыдэнта Расеі

абноўлена

Уладзімер Пуцін і Дзьмітры Мядзьведзеў, архіўнае фота.
Уладзімер Пуцін і Дзьмітры Мядзьведзеў, архіўнае фота.
Прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў прапанаваў вылучыць кандыдатуру Ўладзімера Пуціна на пасаду прэзыдэнта краіны. Пуцін пагадзіўся і прапанаваў Мядзьведзеву пост прэм’ер-міністра.

Прэзыдэнцкія выбары ў Расеі адбудуцца ў сакавіку 2012 году.

Мядзьведзеў зрабіў гэтую заяву на зьезьдзе партыі «Адзіная Расея». На гэтым форуме дзейнаму прэзыдэнту краіны прапанавалі ўзначаліць выбарчы сьпіс партыі на выбарах у Дзярждуму. Гэтыя выбары пройдуць у сьнежні 2011 году.


Някляеў: «У Пуціна на першым пляне ідэя геаграфічнага пашырэньня Расеі»


Уладзімер Някляеў
«Для мяне гэтае рашэньне не зьяўляецца палітычна лягічным. Але, відаць, у расейскага кіраўніцтва па-ранейшаму нейкая свая лёгіка.

Што тычыцца стасункаў Беларусі і Расеі, то, канечне, яны вымалёўваюцца больш небясьпечнымі і больш рызыкоўнымі, чым у тым выпадку, калі б прэзыдэнтам заставаўся Мядзьведзеў. Той, калі не спавядае, дык ва ўсялякім разе дэманструе дэмакратычныя памкненьні.

А ў Пуціна ўсё гэта на заднім пляне, як у тэатры. А на першым — ідэя велічы Расеі, ідэя яе пашырэньня. Пашырэньня толькі геаграфічнага, а не пашырэньня глыбіннага, вэртыкальнага, па лініі зямля — неба. Пакуль бачна памкненьне зямля — зямля, то бок захапіць як мага больш. А пасьля ўжо разводзіць рукамі і пытацца: а дзеля чаго, дзеля чаго?»


Коктыш: «Да Лукашэнкі няма даверу ні ў Пуціна, ні ў Мядзьведзева»


Кірыл Коктыш
Дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыла Коктыш:

«Мне здаецца, што гэта нейкае чаканьне таго, што структура глябальнай эканомікі ў сёньняшнім стане доўга існаваць ня будзе. І наперадзе нас чакаюць істотныя трансфармацыйныя працэсы. Таму Пуцін і імкнецца выйсьці наперад, каб у ручным рэжыме, а не ў рэжыме інстытуцыянальным кіраваць новымі працэсамі.

На беларуска-расейскіх дачыненьнях гэта асабліва не адаб’ецца. Сёньня адносіны беларускага прэзыдэнта што зь Мядзьведзевым, што з Пуціным, мякка кажучы, асабліва ня склаліся. Яны ня роўныя. Гэта — ня драма, не катастрофа. Але ж цёплых адносінаў, даверу ўжо няма. Таму, мне здаецца, нічога прынцыпова ня зьменіцца».


Мацкевіч «Аднаўленьне СССР могуць пачаць з Беларусі»


Уладзімер Мацкевіч
Палітоляг Уладзімер Мацкевіч пракамэнтаваў для «Свабоды» прапанову Ўладзімеру Пуціну балятавацца ў прэзыдэнты Расеі:

«Значыць, на найвышэйшым роўні ў Расеі вырашылі не распальваць сытуацыі, а вырашыць супрацьстаяньне ў элітах мірным шляхам. Гэтага варта было чакаць. І адбылося тое, што мела месца адбыцца.

Але як гэта паўплывае на Беларусь? Думаю, што Пуцін у трэці свой прыход да прэзыдэнцкай улады ўсё ж такі адкрые свой сапраўдны твар. І пачне рабіць адкрыта тое, што раней рабіў паціху. Гэта значыць, што будзе ўзьнятая вялікадзяржаўная, шавіністычная ідэалёгія. Будзе ўзяты кірунак на аднаўленьне Савецкага Саюзу. І магчыма, што гэтае аднаўленьне Масква вырашыць пачаць менавіта зь Беларусі. Якім чынам — лагодным, мірным альбо гвалтоўным, больш радыкальным — цяпер гэта сказаць цяжка».


Шушкевіч: «На беларуска-расейскіх дачыненьнях гэта ніяк не адб’ецца»


Станіслаў Шушкевіч
Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі XII скліканьня Станіслаў Шушкевіч пракамэнтаваў для «Свабоды» прапанову Дзьмітрыя Мядзьведзева Ўладзімеру Пуціну балятавацца ў прэзыдэнты Расеі:

«Для мяне тут няма ніякай нечаканасьці. Гэта рашэньне самога Пуціна, і Мядзьведзеў павінен яго выконваць. У Расеі так ужо склалася».

Карэспандэнт: «А як гэта адаб’ецца на дачыненьнях Расеі зь Беларусьсю?»

«Аніяк абсалютна. Тое, што было, тое і будзе».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG