Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Самае сьмешнае, што дыктатуры моцныя да моманту, калі яны перастаюць быць дыктатурамі”


Пітэр Доран

Пітэр Доран

У пятніцу ў Вашынгтоне быў абнародаваны даклад “Democratic Change in Belarus: A Framework for Action” (“Дэмакратычныя зьмены ў Беларусі: Рамачная праграма дзеяньня”).

Гэты дакумэнт супольна падрыхтавалі экспэрты Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі і арганізацыі Freedom House. Ён зьмяшчае рэкамэндацыі як заходнім палітыкам, так і беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, што рабіць дзеля ўсталяваньня рынкавай эканомікі і дэмакратычнага ладу ў Беларусі.

Карэспандэнтка Радыё Свабода ў Вашынгтоне Ірэна Халупа гутарыць з старшым аналітыкам Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі Пітэрам Доранам – ён кіраваў праектам “Дэмакратычныя зьмены ў Беларусі”.

Халупа: Ці ня можа быць так, што, выступаючы з гэтым дакладам, вы залішне ўпэўненыя ня толькі ў немінучай палітычнай сьмерці Лукашэнкі, але й таксама ў калектыўнай гатовасьці беларусаў да пераменаў? Бо, нягледзячы на паглыбленьне эканамічнага крызісу ў Беларусі, там, здаецца, не назіраецца апошнім часам значных знакаў сацыяльнай незадаволенасьці...

Доран: Вельмі добрае пытаньне. Думаю, важна адзначыць, што нідзе ў дакладзе ня сказана, што паводле стану на гэты дзень Лукашэнка траціць уладу. Але ў дакладзе канстатуецца, што ўмовы для пераменаў у Беларусі – і эканамічна, і ў значнай меры палітычна – ніколі не былі лепшыя, чым цяпер. І менавіта ў той момант, калі такія ўмовы існуюць, высілкі амэрыканскіх і эўрапейскіх палітыкаў могуць даць найлепшы плён, дапамагаючы беларускаму народу ўзяць адказнасьць за свой лёс і прысьпешыць пераход да дэмакратыі.
У дакладзе канстатуецца, што ўмовы для пераменаў у Беларусі – і эканамічна, і ў значнай меры палітычна – ніколі не былі лепшыя, чым цяпер.

Калі здаецца, наколькі моцны, наколькі забясьпечаны палітычна, эканамічна цяперашні рэжым, наколькі мудра ён гарантаваў сваю бясьпеку, то самае сьмешнае ў гэтым тое, што дыктатуры моцныя да моманту, калі яны перастаюць быць дыктатурамі. Як мы бачылі, тое, зь якой хуткасьцю адбываліся сёлетняй вясною зьмены на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, сьведчыць, як імкліва, здавалася б, моцныя ў вайсковым пляне рэжымы падаюць. Мы лічым, што раз умовы эканамічна і палітычна настолькі высьпелі для пераменаў, трансатлянтычная супольнасьць павінна дакладна і выразна дзейнічаць.

Халупа: Вы згадалі, што гэты даклад чакае сэрыя прэзэнтацыяў. Дзе вы прадставіце яго, апрача Вашынгтону?

Доран: Мы ня хочам, каб прэзэнтацыі адбываліся адно ў Злучаных Штатах, таму што ў сытуацыі, калі пытаньне Беларусі вырашаецца з трансатлянтычнай пэрспэктывы, мы цьвёрда перакананыя, што адказ ляжыць у беспасярэдняй сынхранізацыі і каардынацыі палітыкі паміж Злучанымі Штатамі і Эўрапейскім Зьвязам, а таксама паміж ЗША і паасобнымі дзяржавамі Эўразьвязу.

Мы будзем праводзіць прэзэнтацыю ў Варшаве – там гэта адбудзецца ў кулюарах канфэрэнцыі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ 3 кастрычніка. 5 кастрычніка падобная імпрэза адбудзецца ў Брусэлі.
Мы хочам ясна выказацца адносна магчымай дапамогі рэжыму Лукашэнкі з боку МВФ, хочам выступіць адзіным згуртаваным фронтам у абароне грамадзянскай супольнасьці, незалежных мэдыяў і палітычнай апазыцыі.

Мэта гэтых эўрапейскіх сустрэч абсалютна ясная: мы хочам даць пасланьне, што трансатлянтычная каардынацыя мае жыцьцёва важнае значэньне на гэтым этапе, хочам ясна выказацца адносна магчымай дапамогі рэжыму Лукашэнкі з боку МВФ, хочам выступіць адзіным згуртаваным фронтам у абароне грамадзянскай супольнасьці, незалежных мэдыяў і палітычнай апазыцыі, а таксама ажывіць тыя цудоўныя праявы салідарнасьці, якія мы бачылі паміж Злучанымі Штатамі і Эўропаю адразу пасьля надыходу палітычных рэпрэсіяў. Мы хочам, каб гэтая салідарнасьць перайшла ў дзеяньне і вывераныя палітычныя крокі, якія могуць на працягу найбліжэйшых месяцаў зрабіць супольна Злучаныя Штаты і Эўропа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG