Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рашэньне ня ехаць у Вашынгтон залежала выключна ад кіраўніка Нацбанку і беларускага ўраду"


Надзея Ермакова

Надзея Ермакова

Рашэньне не ажыцьцяўляць паездку ў Вашынгтон залежала выключна ад кіраўніка Нацыянальнага банку Рэспублікі Беларусь Надзеі Ермаковай і беларускага ўраду, гаворыцца ў заяве пасольства ЗША, якую дыпмісія распаўсюдзіла 23 верасьня.

Прадстаўнік Беларусі ў Міжнародным валютным фондзе, старшыня праўленьня Нацбанку Надзея Ермакова не бярэ ўдзелу ў гадавым сходзе МВФ і Сусьветнага банку, які праходзіць 22–25 верасьня ў Вашынгтоне. Як паведаміў 22 верасьня на брыфінгу ў Менску прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных, Ермакова не змагла паехаць у Вашынгтон з-за таго, што амэрыканская віза была выдадзена ёй са спазьненьнем. Гэты факт, заявіў ён, можна расцэньваць як парушэньне ЗША сваіх міжнародных абавязаньняў, паколькі «ў свой час Злучаныя Штаты абавязаліся забясьпечыць бесьперашкодны доступ да ўдзелу ў мерапрыемствах міжнародных арганізацыяў, разьмешчаных на іх тэрыторыі».

У сваю чаргу ў амэрыканскім пасольстве заяўляюць, што «ўрад Злучаных Штатаў дзейнічае ў поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі абавязаньнямі, якія тычацца апрацоўкі ўсіх візавых заявак чыноўнікаў беларускага ўраду без празьмерных затрымак». «Пасольства выдала 26 візаў урадавым чыноўнікам у сувязі з паездкамі для ўдзелу ў Генэральнай асамблеі ААН і Штогадовым сходзе МВФ і Сусьветнага банку ў 2011 годзе», — паведамляе дыпмісія ЗША.

«Пасольства шкадуе аб значных абмежаваньнях на магчымасьць апрацоўваць візавыя заяўкі ў выніку аднабаковага рашэньня ўраду Беларусі ў 2008 годзе прымусіць пасольства ў Менску скараціць штат амэрыканскіх супрацоўнікаў на 85%», — гаворыцца ў заяве. Амерыканская дыпмісія адзначае, што «ў выніку такой палітыкі беларускія грамадзяне, якія жадаюць падаць заяўку на атрыманьне амэрыканскай візы, за рэдкім выключэньнем, вымушаныя зьвяртацца ў пасольствы ЗША ў суседніх краінах», перадае БелаПАН.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG