Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З помнікам пачакаем


Сёлета — дваццатыя ўгодкі распаду СССР. Якім спадару Арлову бачыцца помнік Савецкаму Саюзу? І — пастарайцеся адказаць шчыра — няўжо ў вас усё ж няма ні кроплі настальгіі па той краіне, дзе вы нарадзіліся й вырасьлі?

Вашая чытачка Маргарыта.
Манрэаль



Помнік Савецкаму Саюзу?

Напачатку пытаньне здалося мне дзіўнаватым і нават парадаксальным.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы падае цэлы шэраг значэньняў слова "помнік".

"Архітэктурнае або скульптурнае збудаваньне ў знак ушанаваньня памяці якой-небудзь асобы або падзеі". Не падыходзіць.

"Прадмет матэрыяльнай культуры мінулага". Таксама ня тое.

"Твор старажытнай пісьменнасьці". І ня блізка.

"Тое, што нагадвае аб чыіх-небудзь справах". Гэта ўжо цяплей.

А вось, нарэшце, і значэньне, што выглядае збольшага прымальным: "Збудаваньне на магіле з граніту, мармуру і падобнага ў памяць памерлага".

Але дзе ўзводзіць тое збудаваньне ? Што лічыць магілай СССР? Дый ці такі ўжо мёртвы гэты "памерлы"?..

Хацелася б памыліцца, аднак — калі глядзіш на праблему з нашых, Маргарыта, шыротаў — выглядае, што час для надмагільля, якое паставіць у гісторыі СССР апошнюю кропку, пакуль не прыйшоў.

Між тым — пакуль мы спрабуем уявіць, як выглядала б гэтае надмагільле — на абшарах былой савецкай імпэрыі ўжо можна знайсьці нямала спробаў мэмарыялізацыі яе, гэтае імпэрыі, асобных "велічных дасягненьняў".

Калі вы даўно не пераведвалі Бацькаўшчыны, то, прыехаўшы, зусім побач зь Менскам, ува ўрочышчы Курапаты, зможаце ўбачыць сотні драўляных крыжоў. Зрэшты, пра Курапаты вы, безумоўна, ведаеце. Як і пра тое, што ў 1930-я там кожную ноч нястомна працавалі каты з НКВД. Але ёсьць рэчы, пра якія варта нагадваць зноў і зноў. Паводле афіцыйных дадзеных дзяржаўнай камісіі, колькасьць расстраляных у Курапатах ацэньваецца ў 30 тысяч чалавек. Археолягі, якія праводзілі эксгумацыю сотняў безыменных магіл, кажуць пра чвэрць мільёна ахвяраў.

Віленскі музэй генацыду ў былым будынку КГБ Літоўскай ССР з камэрамі й расстрэльнымі сутарэньнямі. Колішняя савецкая турма ў латыскай Ліепаі, дзе наведнікі могуць на нейкі час ператварыцца ў вязьняў. Сьціплыя мэмарыяльныя знакі побач зь неспарахнелымі баракамі й калючым дротам былых астравоў архіпэлягу ГУЛАГу.

Хіба ўсё гэта — ня помнікі Савецкаму Саюзу?

Ёсьць і помнікі іншага кшталту. Вы ўбачыце іх у менскім мэтро і тралейбусе, у краме і на лавачцы ў парку, у кабінэтах самых розных узроўняў. Гэтыя помнікі ня проста жывыя, але — асабліва ў нашай атмасфэры — надзіва жывучыя й маюць неблагія ўмовы для размнажэньня.

Ня так даўно мяне запрасілі на прэзэнтацыю кнігі "Імёны Свабоды" ў Салігорск. Была арандаваная заля ў гарадзкім Доме культуры. Ужо заплаціўшы належныя грошы, арганізатары мусілі завізіраваць дамову ў загадчыка ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму. Дама, што займае гэтую пасаду, ня проста катэгарычна адмовілася ставіць подпіс, але выдала гнеўную тыраду, у якой вынесла мне страшны прысуд: "антысаветчык!".

Думаю, Маргарыта, што вы, хоць і жывяце за акіянам, як вынікае з вашага ліста, з савецкіх часоў, маеце ўяўленьне пра такі від тутэйшага насельніцтва, як homo sovieticus. Прапаную, дарэчы, разам падумаць, якім мог бы стаць помнік згаданаму homo, калі від нарэшце канчаткова вымра і будзе прызнаны тупіковай галіной эвалюцыі.

А пакуль што нам, беларусам, велізарным і, на вялікі жаль, жывым помнікам Савецкаму Саюзу вельмі часта здаецца краіна, у якой мы жывем.

Я разумею, што з адлегласьці некаторыя нашы падзеі і зьявы могуць успрымацца нечым кшалту фата-марганы, але вы, пэўна ж, ведаеце, што насамрэч можа чакаць таго, хто ня згодны зь цяперашнім рэжымам.

А ці чулі вы там, у Манрэалі, што ў сёньняшняй Беларусі ставяцца помнікі Сталіну? Адзін, зьняты з п’едэсталу ў 1960-я, праз сорак гадоў вярнуўся на ранейшае месца ў гарадку Сьвіслач на мяжы з Польшчай. Другі помнік "найлепшаму сябру савецкіх дзяцей" (мільёны якіх ён пакінуў без бацькоў, а мяне — без абодвух дзядоў) нядаўна зьявіўся недалёка ад Менску, дзе збудавалі "лінію Сталіна" — псэўдагістарычны мэмарыял, які ў 1941 годзе не адыграў у адпоры гітлераўцам практычна аніякае ролі.

"Лінію Сталіна" дыктатар намагаецца стварыць і ў галовах сваіх падданых...

Што да настальгіі, то яна, ведама ж, ёсьць. Аднак краіна, па якой я сапраўды ўсё часьцей настальгую, называецца не СССР. Яна называецца Дзяцінства. Гэта краіна, дзе ня толькі я сам, але і бацькі былі неўміручымі. Дзе ў старэйшай групе дзіцячага садка я прыдумаў, што дзяўчынка, якая мне падабаецца, на выходныя ператвараецца ў матылька, і да таемных сьлёз баяўся, што нехта зловіць яе для калекцыі ў свой сачок і ў панядзелак па абедзе на суседнім ложачку пакладуць спаць іншую дзяўчынку. Дзе, ледзь навучыўшыся літары ператвараць у словы, мы зь сябрам напісалі на парэнчах моста церазь Дзьвіну: ВОВА + ВАСЯ = ДРУЖБА ДА ГРОБА...

Перапрашаю за гэты прыступ настальгіі.

А вось краіна юнацтва ўжо называлася Савецкім Саюзам. Там са мною, студэнтам гістарычнага факультэту і маладым літаратарам, праводзіў "прафіляктычныя гутаркі" літаратуразнаўца ў званьні маёра, які клапатліва папярэджваў, што калі не пагаджуся ім дапамагаць, сашлюць у салдаты куды-небудзь пад Магадан і ў мамы, зь якой мы толькі што пахавалі тату, ня вытрымае хворае сэрца.

Пазьней была спроба міліцыі — безумоўна, на загад зь іншага ведамства — прышыць нам з жонкаю крымінальную справу. За тым "праектам" стаялі людзі з фантазіяй. Нас спрабавалі абвінаваціць не ў захоўваньні і пашырэньні самвыдату або ў тым, што ў нас праходзяць падазроныя сходкі. Сьледчы агаломшыў паведамленьнем, што, паводле іхніх зьвестак, у нашай кватэры... робяцца падпольныя аборты. На пытаньне пра доказы нам прачыталі паказаньні суседзяў-алькаголікаў: "Ведут нелюдимый образ жизни, разговаривают на белорусском языке". Зразумела, што ад беларускай мовы, публічнае карыстаньне якой у паўсядзённым жыцьці лічылася тады крамолай, да падпольных абортаў заставаўся адзін крок...

Хіба можна настальгаваць па немагчымасьці выехаць за мяжу нават у Беласток ці Варшаву? (Ня кажучы ўжо пра Манрэаль, да якога было далей, чым да Месяца.)

Па цэнзуры, пэрлюстрацыі, русыфікацыі? Пагатоў усё гэта вярнулася. Як і праслухоўваньне тэлефонных размоваў. Хіба што тэхналёгіі больш сучасныя дый мову падсуседзі трохі падвучылі. Памятаю, як пры канцы 1980-х гаварылі зь Сяргеем Навумчыкам па міжгорадзе, а на дроце разам з намі былі двое хлопцаў з "органаў". Адзін пытаецца: "Слышь, Витя, а красавик, это какой месяц? Март или апрель?" А Витя: "Ну всё, ребята, з…и своей мовой!". І — кароткія гудкі.

Што праўда, жыве ў маёй душы і настальгія па адной цалкам рэальнай краіне, абрысы якой я даволі ўпэўнена правяду на контурнай мапе. Назоў той краіны — Вялікае Княства Літоўскае. Ды тут я зусім не арыгінальны. Згадаем, да прыкладу, Чэслава Мілаша.

Цікавае пытаньне: колькі настальгіі трэба чалавеку?

Унівэрсальнага адказу, вядома, няма. У кожнага настальгія і яе "доза" — непаўторна свае. Лішні раз пераканаўся ў гэтым аднойчы ў Нью-Ёрку. Іду сабе па вуліцы, і раптам — помнік Уладзіміру Ільлічу. Балючы ўшчык ніякіх істотных зьменаў у краявід ня ўносіць: на пляскатым даху прысадзістага дома насупраць па-ранейшаму стаіць Ленін. Праўда, паказвае не на віна-гарэлачную краму, як почасту бывала ў СССР, а на вітрыны сэкс-шопу. Мой праваднік, амэрыканскі беларус, патлумачыў, што з прычыны настальгіі помнік прывезьлі морам з Адэсы і ўсьцягнулі на дах яшчэ савецкія эмігранты.

Дык усё ж, колькі трэба чалавеку настальгіі? Відаць, столькі, каб захаваць аптымізм і ўбачыць гістарычную пэрспэктыву.

Мне хочацца верыць, што ўсё больш беларусаў, і найперш маладых, настальгуюць па той краіне, якая ўжо даўно жыве ў нашых мроях і снах.

Калі яна станецца явай, тады і падумаем, якога помніка заслугоўвае савецкае мінулае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG