Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Працяг суду над распаўсюднікам беларускіх кніг


Алесь Яўдаха, архіўнае фота.

Алесь Яўдаха, архіўнае фота.

У судзе Кастрычніцкага раёну Менску аднавіўся разгляд крымінальнай справы супраць заснавальніка беларускамоўнага інтэрнэт-сэрвісу «Кнігі поштай» Алеся Яўдахі. Яго вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, а менавіта — распаўсюдзе беларускіх кніг праз паштовую рассылку. Чарговае паседжаньне было прысьвечанае допыту сьведкаў з боку абвінавачаньня — супрацоўнікаў падатковай службы і паштавікоў.

Пасьля месячнага перапынку ў судзе прадоўжыўся допыт сьведак, у тым ліку з боку абвінавачаньня. Прадстаўнікі падатковай службы паведамлялі, як з дапамогай Алеся яны набывалі кнігі «Маладафронтаўцы», паводле падаткоўцаў — забароненыя ў Беларусі. На пытаньне суду, кім і зь якіх прычынаў кніга забароненая, падаткоўцы адказаць ня здолелі. Алесь Яўдаха, у сваю чаргу, сытуацыю пракамэнтаваў наступным чынам:

«Калі і былі з майго боку нейкія парушэньні, то яны не цягнулі на крымінальную адказнасьць ні ў якім выглядзе. Я не адчуваю за сабой той віны, якую яны мне інкрымінуюць, тым больш у тым аб’ёме».
Я не адчуваю за сабой той віны, якую яны мне інкрымінуюць, тым больш у тым аб’ёме.

Агулам у судзе было заяўлена 230 сьведак з боку абвінавачаньня. Гэта менчукі і жыхары іншых рэгіёнаў Беларусі, якія набывалі беларускія кнігі з дапамогай Алеся. Многія зь іх выказваліся на карысьць абвінавачанага, які дапамагаў атрымоўваць кнігі ў самых аддаленых месцах краіны. Пра патрэбу такой працы наўпрост ведае брат Алеся — Сяргей Яўдаха, які мае ўласную інтэрнэт-краму:

«Інтэрнэт-паслугі зараз вельмі запатрабаваныя».

Карэспандэнтка: «Вы адчуваеце гэта ў сваёй працы?»

«Так, канечне. Бо праз інтэрнэт людзі з розных куткоў Беларусі могуць атрымаць доступ да кніг і дыскаў, якія ім цяжка адшукаць у крамах, бо іх недастаткова. Людзі замаўляюць, і бізнэс ідзе пакрысе».

Алесь Яўдаха высылаў праз пошту кнігі вядомых беларускіх аўтараў: Васіля Быкава, Уладзімера Арлова, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна і многіх іншых, якія цяжка набыць у дзяржаўных крамах. Пракуратура ўгледзела ў гэтым незаконнае прадпрымальніцтва і зьвярнулася ў суд. Выдаўцы і распаўсюднікі кніг зазначаюць, што дзейнасьць Алеся Яўдахі — гэта ўнёсак у разьвіцьцё беларускай мовы і культуры. А перасьлед за гэтую дзейнасьць — працяг наступу ўладаў на ўсё беларускае ў Беларусі.
Чалавек наладзіў сыстэму распаўсюду, за што і пацярпеў, бо зрабіў гэта лепш за ўсіх.


Пісьменьнік Анатоль Івашчанка: «Мне падаецца, што працэс Алеся Яўдахі — паказальны, бо калі так падыходзіць, то ўсім вядома, што на кожнай імпрэзе стаяць людзі, якія прадаюць кнігі, дыскі ці нейкія вырабы, і ніхто іх не чапае. А тут чалавек наладзіў сыстэму распаўсюду, за што і пацярпеў, бо зрабіў гэта лепш за ўсіх. Мне падаецца, што дзейнасьць Алеся ня вартая ўсёй той шуміхі, якая вакол яго цяпер ёсьць».

У судзе над Алесем Яўдахам абвешчаны перапынак, наступнае паседжаньне адбудзецца 28 верасьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG