Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці слушна разумеюць Беларусь на Захадзе?


Сёньня быў агучаны даклад «Democratic Change in Belarus: A Framework for Action» («Дэмакратычныя зьмены ў Беларусі: Рамачная праграма дзеяньня»). Гэты дакумэнт супольна падрыхтавалі экспэрты Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі і арганізацыі Freedom House. Ён зьмяшчае рэкамэндацыі як заходнім палітыкам, так і беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, што рабіць дзеля ўсталяваньня рынкавай эканомікі і дэмакратычнага ладу ў Беларусі.

У дакладзе ацэньваецца цяперашняя сытуацыя ў Беларусі, разглядаюцца магчымыя варыянты яе зьменаў і даюцца практычныя рэкамэндацыі ў палітычнай і эканамічнай сфэрах. Так, у галіне палітыкі аўтары дакладу падкрэсьліваюць, што Захад (і асабліва Злучаныя Штаты) павінен разглядаць Беларусь як краіну, якая належыць да зоны стратэгічных інтарэсаў Захаду, а не як краіну, на якую зьвяртаюць увагу толькі ў выпадках парушэньня правоў чалавека.

«Абсалютна правільнымі» называе такія высновы сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі
«Безумоўна, для эўрапейскіх палітыкаў не зьвяртаць увагі на Беларусь як на стратэгічнага партнэра — гэта вялікая памылка. Бо ў кантэксьце таго, што Літва ўжо ўваходзіць у Эўразьвяз, а Ўкраіна дэкляруе скіраванасьць на цеснае супрацоўніцтва з Эўропай, і Беларусь з гэтага працэсу выпасьці ня можа. І яна будзе альбо добрым суседам Эўразьвязу, альбо — ворагам, якога будуць выкарыстоўваць іншыя дзяржавы. Напрыклад, Расея, альбо цяпер беларускае кіраўніцтва, па ўсім відаць, вядзе перамовы пра стратэгічнае супрацоўніцтва з Кітаем».

Не зусім дакладнымі лічыць рэкамэндацыі экспэртаў у эканамічнай сфэры фінансавы аналітык Сяргей Чалы. У прыватнасьці, экспэрты раяць апазыцыі «глядзець на рукі ўраду» пры продажы важных для эканомікі прадпрыемстваў і агучваць кожны выпадак прыватызацыі па цане, ніжэйшай за рынкавую. «А ў нашых умовах на першы плян выходзіць не цана, а працэдура прыватызацыі», — перакананы спадар Чалы:

Сяргей Чалы
«У нас праблема ў тым, што вельмі складана сказаць, якая насамрэч рынкавая цана. Даказаць, што нешта прадалі ніжэй за рынкавыя кошты, вельмі складана. Найчасьцей у нас пры вызначэньні цаны выкарыстоўваюць балянсавы кошт з каэфіцыентам і папраўкай на інфляцыю. Але ён для многіх прадпрыемстваў аказваецца завышаным. Пры адсутнасьці рынку нельга даведацца пра рынкавую цану».

Таму, працягвае спадар Чалы, найперш трэба сачыць за правядзеньнем аўкцыёнаў у Беларусі:

«Хутчэй трэба было б глядзець на тое, што калі арганізуецца аўкцыён, там усяго адзін удзельнік. Зразумела, што гэта карупцыйная схема для сваіх. Больш за тое, былі выпадкі, калі зьяўляўся яшчэ адзін удзельнік — і тады гэты аўкцыён адмяняўся. Вось такія рэчы сапраўды ёсьць сэнс адсочваць».

У дакладзе Захаду раяць узмацніць сваё пасланьне да беларускай намэнклятуры, пацьвердзіць, што цяперашнія санкцыі, візавыя і эканамічныя, будуць замененыя шчодрай фінансавай дапамогай, калі Беларусь стане на шлях дэмакратычных і эканамічных рэформаў.

Уладзімер Ганчарык
Былы кіраўнік беларускіх прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык згадвае, што гэта ня новая прапанова. Аднак запалоханыя чыноўнікі на яе наўрад ці адгукнуцца, кажа ён:

«Я ня ведаю, для чаго гэта робіцца! Гэта тое ж самае, што наступаць на адны і тыя ж граблі. Сама па сабе прапанова слушная і яе трэба было б падтрымаць. Але я буду пэсымістам у гэтым выпадку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG