Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нядаўна ехала зь сяброўкай юнацтва ў Менск і ўсю дарогу вымушаная была слухаць, што мы, "рускіе жэншчыны", здаўна мусілі быць у поўнай залежнасьці ад мужчын, жыць з часоў цара Івана Грознага паводле "Дамастрою" і г.д. Інтуітыўна я ведала, што гэтая "руская", усе продкі якой да пятага калена з-пад Клецку, ня мае рацыі, але, каб запярэчыць, не хапала аргумэнтаў. Ці не маглі б вы, спадар, Уладзімер, дапамагчы падрыхтавацца да будучай дыскусіі?

Зінаіда Іванаўна Валасевіч


Па-першае, спадарыня Зінаіда, можаце сказаць сяброўцы, што Іван Грозны нашым манархам ніколі ня быў. А для сваіх маскоўскіх падданых, дарэчы, царом быў нелегітымным, бо проста прысвоіў сабе тытул, за што яго няраз ушчуваў усяленскі канстантынопальскі патрыярх.

Там у іх, у Масковіі, панавалі эўразійскія, а тады, можна сказаць, наагул азіяцкія парадкі й звычаі. Невыпадкова ж крамлёўскіх уладароў на тагачасных гравюрах вельмі часта нельга адрозьніць ад татарскіх ханаў.

Дзяржава нашых продкаў — Вялікае Княства Літоўскае — належала да іншай, эўрапейскай цывілізацыйнай прасторы, што, сярод усяго іншага, выяўлялася і ў становішчы, якое займалі ў сям’і ды грамадзтве жанчыны.

Іхнія правы рэгуляваліся Статутамі Вялікага Княства, створанымі ў эпоху Адраджэньня пад уплывам рэнэсансава-гуманістычных ідэяў. Найбольш перадавым (прычым у маштабах усёй Эўропы) быў трэці Статут, прыняты ў 1588 годзе. Нормы, у той ці іншай ступені датычныя шлюбна-сямейнага права і статусу жанчын, можна знайсьці там прынамсі ў палове з чатырнаццаці разьдзелаў.

Разгорнем, да прыкладу, разьдзел V. Артыкул 1 — "Якім звычаем бацька, выдаючы дачку сваю замуж, павінен замацаваць запіс вена ад зяця". (Вена — гэта гарантаванасьць жончынага пасагу маёмасьцю мужа.) Артыкул 5 называецца "Аб такой удаве, якая, выходзячы замуж дзеўкай, а пасьля сьмерці мужа свайго з дарослымі дзецьмі застаецца". У наступным артыкуле ідзе гаворка пра забесьпячэньне правоў кабеты, якой выпала быць бязьдзетнай удавой. Артыкул 16 — "Калі б якая ўдава замуж пайшла", артыкул 18 — "Аб крыўдах, якія чыняцца мужам з маёнтку, вянованага жонцы"...

Гарантаванае законам матэрыяльнае забесьпячэньне і права на атрыманьне нерухомай маёмасьці рабіла жанчыну актыўнай удзельніцаю грамадзкага і эканамічнага жыцьця, у тым ліку і ў сфэры абароны ўласных інтарэсаў.

Мой знаёмы гісторык Васіль Варонін знайшоў у дакумэнтах Літоўскай Мэтрыкі надзвычай красамоўныя дакумэнты пра тое, як у XVI стагодзьдзі бараніла свае правы і правы сваіх дзяцей жыхарка Полацку Вульляна Падбярэская. Пасьля сьмерці мужа яна пабралася шлюбам зь ягоным братам і нарадзіла трох сыноў. Прамінулі гады, і раптам высьветлілася, што царкоўнае права забараняе ўдаве выходзіць за роднага мужавага брата. Паўстала пытаньне пра законнанароджанасьць дзяцей. Адстойваючы іхнія маёмасныя правы, Вульляна зьвярталася ў самыя розныя царкоўныя і сьвецкія інстанцыі, ажно да кіеўскага мітрапаліта і каралеўскага суду. Кропку ў згаданай гісторыі паставіў канстантынопальскі патрыярх. Атрымаўшы ад неўтаймоўнай палачанкі ліст, вярхоўны праваслаўны ўладыка ўрэшце пацьвердзіў законнасьць Вульлянінага вянчаньня, а значыць, і права ейных дзяцей на бацькаву спадчыну.

Падобны сюжэт проста немагчыма ўявіць у Масковіі.

Варта адзначыць, што ня ўсе нашы тагачасныя суайчыньнікі былі ад такога становішча жанчын у захапленьні. Сярод незадаволеных былі, між іншым, філёзафы Андрэй Валян і Міхалон Літвін, аўтар выдадзенага ў 1615 годзе ў Базэлі славутага трактату " Аб норавах татараў, ліцьвінаў і маскоўцаў". Мысьляры не належалі да жанчынаненавісьнікаў. Іх турбавала тое, што, валодаючы вялікімі абшарамі, прадстаўніцы "слабой" часткі грамадзтва падрываюць асновы вайсковай службы зь зямлі, а багатыя пасагі нявестаў ня лепшым чынам уплываюць на мараль жаніхоў (якія ў сваім выбары, маўляў, могуць кіравацца зусім не жаданьнямі сэрца). Аднак большасьць шляхты — "палітычнага народу" дзяржавы — такіх меркаваньняў не падзяляла, а наадварот, лічыла шырокія правы жанчын дадатковай гарантыяй шляхецкіх вольнасьцяў.

Статут 1588 году ўтрымліваў і шэраг іншых прававых нормаў, якія абаранялі грамадзянак Вялікага Княства. Забаранялася гвалтоўна браць дзяўчыну замуж. Калі шляхціч жаніўся зь мяшчанкай ці сялянкай, яе дзеці атрымлівалі шляхецтва.

Законы не патрабавалі выходзіць замуж нявіньніцамі, не забаранялі інтымных зносінаў у сьвяточныя дні і падчас пастоў.

У крымінальным праве вельмі цяжкім злачынствам лічылася згвалтаваньне, за якое прадугледжвалася сьмяротная кара. Выратаваць гвалтаўніка ад сьмерці магла толькі згода пацярпелай выйсьці за яго замуж. Але ахвяра мусіла даказаць, што сапраўды такой і ёсьць. Каб выключыць хітрыкі, артыкул "Аб згвалтаваньні дзяўчыны і жанчыны" адназначна патрабаваў у часе гвалту крычаць, што было потым на судзе галоўным доказам.

Безумоўна, тагачасныя законы ня трэба ідэалізаваць. Статут меў і адпаведныя эпосе жорсткія нормы накшталт пакараньня "горлам" за звоз замужняй жанчыны з дому, "няхай яна была б і сама згодная". На гарадзкіх вуліцах можна было спалохацца істоты з адрэзанымі вушамі, носам і вуснамі — так каралі зводніц.

Але ўсё пазнаецца ў параўнаньні. Нашыя прапрабабулі мелі правоў нязьмерна больш, чым жанчыны ў расейскай дзяржаве. Каб канчаткова ўпэўніцца ў гэтым, можаце, спадарыня Зінаіда, пачытаць, апрача Трэцяга Статуту (яго беларускі пераклад выйшаў у 2002 годзе), яшчэ і манаграфію гісторыка права Галіны Дзербінай "Права і сям’я ў Беларусі эпохі Рэнэсансу" (Менск, 1997).

Ейны папярэднік А.Лявіцкі, які на стагодзьдзе раней дасьледаваў праблемы шлюбу і сям’і ў Вялікім Княстве Літоўскім, зрабіў выснову, што там жанчына "была вельмі дзейным супольнікам грамадзтва, карысталася шырокай свабодай і незалежнасьцю і амаль не саступала мужчыну ў паўніне сваіх цывільных правоў, ня ведаючы ні турэмнага, ні манастырскага зьняволеньня, ні горкай дамастроеўскай няволі і прыгнёту, што выпалі на долю жанчыны ў Масковіі". Лявіцкі захоплена пісаў пра жанчын, якія засноўвалі манастыры і друкарні, перакладалі з замежных моваў кнігі, уплывалі на дзяржаўныя справы. Грунтуючыся на актах гродзкіх судоў, ён падае амаль фантастычныя зьвесткі. Як вам падабаецца такі факт: кабета камандавала цэлай арміяй з 6 тысяч пяхотнікаў і кавалерыстаў, зь якімі зьдзяйсьняла наезды на ўладаньні суседзяў. Адначасова ў Лявіцкага можна знайсьці і думку пра тое, што "адмоўныя тыпы жанчын XVI—XVII стагодзьдзяў вызначаюцца багацьцем і разнастайнасьцю". Таксама своеасаблівае сьведчаньне шырокіх правоў "прыўкраснай", як сказаў бы Караткевіч, паловы нашых продкаў.

Патрыярхальным расейскім "Дамастроем", які сьцьвярджаў поўную падначаленасьць жанчыны, у нас і ня пахла. Праўда, гісторыя ведае адно забаўнае выключэньне, зьвязанае зь імем літоўскага маршалка Крыштафа Мікалая Дарагастайскага. Гэты чалавек, вядомы ўсёй адукаванай Эўропе дзякуючы сваёй знакамітай "Гіпіцы" (першай у сьвеце энцыкляпэдыі, прысьвечанай коням), быў ня надта шчасьлівы ў асабістым жыцьці. Карыстаючыся частымі адлучкамі мужа то на вайну, то на лекаваньне, ягоная жонка Соф’я з Радзівілаў залішне прыхільна паглядала ў бок ахмістра Станіслава Тымінскага. У выніку перад чарговай паездкаю на курорт у Падую з-пад пяра аўтара "Гіпікі" выйшаў твор зусім іншага кшталту — "Парадак, паводле якога каб жонка мая і чэлядзь, якая пры ёй будзе, сябе паводзілі да майго вяртаньня...". Лейтматывам "парадку" была думка пра тое, што жонка ні на хвіліну не павінна застацца без прыгляду надзейнага вока.

Спадзяюся, што ў вас, спадарыня Зінаіда, стасункі з мужам будуюцца абсалютна іначай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG