Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Аргкамітэт кампаніі народных сходаў, якія заплянаваныя на 8 кастрычніка, абвінаваціў беларускія ўлады ў няведаньні заканадаўства, у прыватнасьці, ухваленага ў 2000-м годзе закону "Аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах". Копіі гэтага закону будуць адмыслова накіраваныя ў мясцовыя выканкамы, міліцыю, суды.

Ініцыятары народных сходаў заявілі пра гатоўнасьць правесьці 8 кастрычніка мясцовыя сходы ў 28 гарадах Беларусі. У адпаведнасьці з заканадаўствам, каб правесьці мясцовы сход у горадзе, мікрараёне, пасёлку, на вуліцы ці ў двары, трэба сабраць 10 працэнтаў подпісаў жыхароў гэтых тэрыторыяў. Рашэньне аб скліканьні мясцовага сходу афармляецца пратаколам і даводзіцца да ведама грамадзян не пазьней як за 15 дзён да яго правядзеньня, гэта значыць — да 23 верасьня. Подпісы і пратаколы аб правядзеньні мясцовых сходаў і былі сёньня прадэманстраваныя арганізатарамі кампаніі. Віктар Івашкевіч:

"Аргкамітэты дзейнічаюць, подпісы ў неабходнай колькасьці сабраныя, у Менску сабрана больш за 5 тысячаў подпісаў па канкрэтных дамах, аформленыя пратаколы, і ў юрыдычным пляне забесьпячэньне законнасьці сходаў зробленае. На сёньняшні дзень дакладна вядома, што сходы будуць адбывацца ў 28 гарадах".

Віктар Івашкевіч перакананы, што ўлады ня пойдуць на разгон сходаў 8 кастрычніка, якія арганізоўваюцца на падставе закону. Хоць цяпер улады ў дробязях перашкаджаюць працы арганізатараў, міліцыя затрымлівае зьбіральнікаў подпісаў, канфіскоўвае ўлёткі, нібыта ня ведаючы пра існаваньне закону аб мясцовых сходах. У адказ ініцыятары кампаніі зьбіраюцца абскардзіць гэтыя дзеяньні ў пракуратуры, а таксама перадаць выканкамам, міліцыі, судам копіі гэтага закону. Больш за тое — ініцыятары мясцовых сходаў заклікаюць уладу прыйсьці да людзей 8 кастрычніка і патлумачыць прычыны пагаршэньня жыцьця людзей.

Генадзь Фядыніч: "Мы заявілі, што хочам правесьці ўсё ў адпаведнасьці з законам, і людзі не павінны баяцца прыйсьці ў гэтыя месцы. І запрашаем усе ўлады прыйсьці на гэты сход, як менскаму выканкаму, так і прэм'ер-міністру будуць накіраваныя запрашэньні, таксама як і ўва ўсіх гарадах, дзе будуць праходзіць сходы. Прыходзьце, размаўляйце зь людзьмі не праз шкло тэлевізара, а гледзячы ў вочы, і гаварыце, як сёньня пражыць за гэтыя грошы пры такіх цэнах".

Паводле арганізатараў, на сходах будуць абмяркоўвацца пераважна сацыяльна-эканамічныя праблемы: як спыніць рост коштаў, індэксаваць заробкі і рублёвыя ўклады насельніцтва, скасаваць кантрактную сыстэму, а таксама будзе выстаўлена патрабаваньне аб вызваленьні ўсіх палітвязьняў. На сходах будуць ухваленыя рэзалюцыі і абраныя ўпаўнаважаныя, якія маюць данесьці гэтыя патрабаваньні да ўладаў.

Паводле прадстаўніка аргкамітэту Віктара Івашкевіча, на сходах будзе агучана дата наступнага Народнага сходу — 12 лістапада. На ім плянуецца абмеркаваць рэакцыю ўладаў на рэзалюцыі, якія будуць ухваленыя 8 кастрычніка:

"8 кастрычніка будзе ўхваленае рашэньне аб правядзеньні наступнага сходу па ўсёй Беларусі празь месяц. А на працягу месяца нам і ўсім людзям, якія прыйдуць на сходы, трэба будзе забясьпечыць інфармаваньне ўсіх грамадзян аб нашых патрабаваньнях з тым, каб на 12 лістапада людзей было ў некалькі разоў больш, чым 8 кастрычніка".

Ініцыятары сходаў у рэгіёнах кажуць, што людзі падпісваліся за сходы больш актыўна, чым за апазыцыйных кандыдатаў перад выбарамі 2010 году.

Віктар Болдзін з Магілёва: "Хачу сказаць, што калі ходзіш па кватэрах, то кідаецца ў вочы, што людзі жывуць вельмі бедна, вельмі. Раён такі прамысловы, ля заводу штучнага валакна. Раней рабочы кляс добра зарабляў. Калі прыходзіш цяпер, то на кухнях гаворым альбо пра цэны, альбо пра здароўе. Глядзім на цэны і хапаемся за сэрца. Кухні ўсе з савецкіх часоў, сантэхніка разьбітая, у вачах людзей такі сум і такая надзея..."

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG