Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі прыняў сёньня ў Варшаве гарадзенскага журналіста ды сябра непрызнаванага афіцыйным Менскам Саюзу палякаў Андрэя Пачобута.

У часе адмыслова брыфінгу ў МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі сказаў, што Пачобут быў вызвалены з турмы “таксама дзякуючы і высілкам польскага ўраду” ды выказаў спадзяваньне, што па вяртаньні ў Беларусь журналіст зможа “напоўніцу карыстацца сваімі грамадзянскімі правамі”.

“Мы спадзяемся, што беларускія ўлады вызваляць і рэабілітуюць усіх лідэраў ды пацярпелых 19 сьнежня. Гэта зрабіла б магчымым узмоцнены дыялёг Эўразьвязу зь Беларусьсю таксама і ў справе эканамічнай дапамогі”, - заявіў Сікорскі.

У сваю чаргу Андрэй Пачобут падзякаваў за “захады МЗС ды асабіста міністра, дзякуючы якім я цяпер вольны”, ды падкрэсьліў, што, выяжджаючы зь Беларусі праз Расею і Ўкраіну, “не парушыў ніякіх законаў”.

Міністар Сікорскі пацьвердзіў таксама, што на саміт "Усходняга партнэрства", што адбудзецца на наступным тыдні ў Варшаве, запрошаны ягоны беларускі калега Сяргей Мартынаў. На пытаньне, ці беларускі бок прыняў запрашэньне, Сікорскі заявіў: “Чакаем адказу”.
XS
SM
MD
LG