Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей распусьціў сваю раду


Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей распусьціў грамадзка-кансультатыўную раду, каб яе сяброў не абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з уладамі.

Паводле Інтэрфаксу, сябры рады атрымалі адпаведнае паведамленьне ад Уладзімера Макея.

"Праца рады ня можа быць па-сапраўднаму плённай у атмасфэры абвінавачваньня ў тым, што гэтая структура цалкам падкантрольная ўладзе і сябры рады — прызначэнцы адміністрацыі", - патлумачыў спадар Макей.

У сваім лісьце Макей адзначае, што "ўдзельнікі дзейнасьці рады зазнаюць незаслужанае шальмаваньне з боку зьнешніх і ўнутраных апанэнтаў шчырага дыялёгу".

Ён перакананы, што ў сытуацыі, якая склалася, "дзейнасьць рады наносіла б страты рэпутацыі кожнага зь яе сяброў, вяла да расколу грамадзянскай супольнасьці краіны". Ён мяркуе, што ўлада не павінна "даваць падстаў для рознага роду пагалосак і абвінавачваньняў у няшчырасьці паводзінаў".

Макей падзякаваў сябрам рады за досыць плённае, на яго погляд, супрацоўніцтва за мінулы пэрыяд.

"Перакананы, што вашы асабістыя вопыт і нацэленасьць на канструктыўныя справы спатрэбяцца ў будучыні ў кантэксьце ідэі вялікага дыялёгу, пра які было абвешчана кіраўніцтвам краіны" рэзюмаваў ён.

Грамадзка-кансультатыўная рада была ўтворана ў 2009 годзе пры адміністрацыі прэзыдэнта. Яе мэта палягала ў абмеркаваньні актуальных пытаньняў разьвіцьця дзяржавы і грамадзтва, выпрацоўцы прапаноў па ўключэньні Беларусі ў агульнасусьветныя працэсы, удасканаленьні кірункаў сацыяльна-эканамічнага і палітычнага разьвіцьця краіны.

Рада зьбіралася вельмі рэдка. А ў лістападзе мінулага году Ўладзімер Макей прыпыніў дзейнасьць гэтага фармаваньня на нявызначаны час. Ён абгрунтаваў сваё рашэньне тым, што з боку прадстаўнікоў апазыцыі і некаторых сяброў рады пайшла крытыка: маўляў, гэта "бутафорская" і "дэкляратыўная" структура. Потым рада зноў спрабавала аднавіць сваю працу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG