Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дашкевіча няма ў магілёўскім сьледчым ізалятары № 4

абноўлена

Пра гэта паведамілі супрацоўнікі ізалятара магілёўскім праваабаронцам Крысьціне Шацікавай і Барысу Бухелю. У вязьніцу праваабаронцы прыйшлі, каб даведацца, ці там Зьміцер Дашкевіч, а таксама зрабіць яму перадачу.

"Нам патлумачылі, што "транзытным" перадачы не прымаюць і наагул такога асуджанага Дашкевіча ў іх няма. Падчас гутаркі высьветлілася, што Дашкевіч знаходзіцца ў СІЗА № 2 Віцебску. Мы гэта даведаліся ў пакоі прыёму перадач. Калі нам яго шукалі, выдалі такую інфармацыю. Калі мы перапыталі — яны ўжо прамаўчалі", - паведаміла "Свабодзе" Крысьціна Шацікава.

Цяпер праваабаронцы накіроўваюцца ў магілёўскую ўправу дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, каб высьветліць падрабязнасьці сытуацыі са зьняволеным лідарам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам.

Ва ўправе дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці не пацьвердзілі інфармацыю пра тое, што Зьміцер Дашкевіч пераведзены з Горак у іншае месца. Паводле праваабаронцы Крысьціны Шацікавай, начальнік управы сказаў, што адміністрацыя горацкай калёніі парушыла закон, калі не паведаміла пра этап Дашкевіча.

Супрацоўнікі магілёўскага сьледчага ізалятара № 4 пацьвердзілі праваабаронцам, што Дашкевіч утрымліваўся тут, але колькі часу — не сказалі.

Начальнік магілёўскага сьледчага ізалятара № 4 пацьвердзіў праваабаронцам Крысьціне Шацікавай і Барысу Бухелю інфармацыю, што Зьмітра Дашкевіча этапавалі з Магілёва ў віцебскі сьледчы ізалятар № 2.

"Нам паведамілі, што Дашкевіча ў Магілёве няма дні тры, - расказала Крысьціна Шацікава. - У магілёўскім ізалятары ён прабыў каля васьмі гадзінаў. Ён цяпер павінен быць у віцебскім ізалятары. Далейшага лёсу Зьмітра ён ня ведае, бо ўсю інфармацыю яны атрымліваюць у заклееных пакетах. Мы мяркуем, што цяпер лёс Дашкевіча варта высьвятляць у Віцебску, калі ён яшчэ там".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG