Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі зрабіў рэвэранс перад Грыбаўскайце


Прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які ў чацьвер сустрэўся з прэзыдэнткай Літвы Далёй Грыбаўскайце, пахваліў яе крытычныя заўвагі наконт беларускай апазыцыі, паведамляе lrytas.lt са спасылкай на агенцтва BNS.

М.Саакашвілі спадабаліся словы Д.Грыбаўскайце пра тое, што апазыцыю хвалююць толькі грошы.

«Я чытаў вашу заяву пра беларускую апазыцыю. Вельмі добрая заява», - сказаў Саакашвілі на пачатку размовы.

«Ну, як сказаць. Вядома, гэта далікатнае пытаньне», - адказала літоўская прэзыдэнтка.

Фрагмэнт гэтай размовы можна было пабачыць у відэаматэрыяле, зьмешчаным на афіцыйным сайце прэзыдэнткі. Прэзыдэнты сустрэліся ў Нью-Ёрку, дзе абое ўдзельнічаюць у сэсіі Генэральнай асамблеі ААН.

Д.Грыбаўскайце на мінулым тыдні скрытыкавала беларускую апазыцыю, заявіўшы, што частку яе прадстаўнікоў падтрымлівае Крэмль і што яны амаль не гавораць пра незалежнасьць, а проста імкнуцца здабыць «больш грошай».

«Калі прыгледзецца больш уважліва, то частку зь дзевяці кандыдатаў, якія ўдзельнічалі ў прэзыдэнцкіх выбарах, фінансаваў і падтрымліваў Крэмль», — заявіла Грыбаўскайце у інтэрвію Літоўскаму радыё.

«Калі гутарыш ці чуеш, як размаўляюць некаторыя прадстаўнікі апазыцыі, мы часьцей за ўсё ня чуем, што іх прыярытэтам і мэтай зьяўляецца незалежная Беларусь. Гэтага амаль ня чуем. Часьцей за ўсё чуем, што трэба больш грошай, і што Расея, у прынцыпе — сябар. Гэта, несумненна, выклікае ў нас пэўную занепакоенасьць, паколькі нацыянальным інтарэсам Літвы адпавядае незалежны сусед, незалежная краіна», — дадала Грыбаўскайце.

Гэтая заява прэзыдэнткі выклікала супярэчлівыя ацэнкі літоўскіх палітыкаў і палітолягаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG