Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На саміт «Усходняга партнэрства» Беларусь запросяць на ўзроўні прадстаўніка МЗС


Для удзелу ў саміце «Ўсходняга партнэрства», які адбудзецца ў Варшаве 29-30 верасьня, польскі бок запрасіў «прадстаўніка Беларусі на узроўні МЗС». Пра гэта паведаміў журналістам прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск.

Паводле яго слоў, у тэлефоннай размове з канцлерам Нямеччыны Ангелай Меркель 21 верасьня дасягнута паразуменьне з нагоды польскай канцэпцыі надыходзячага саміту. «Я пераконваю лідэраў Эўропы, а ў выпадку з Бэрлінам гэта было зрабіць крыху цяжэй, што ў адносінах зь беларускай апазыцыяй трэба ствараць умовы для канчатковага круглага стала ў Беларусі. Я праінфармаваў сваіх партнэраў у Эўропе, што мы запросім прадстаўніка Беларусі на узроўні МЗС», — цытуе Туска Польскае агенцтва друку (PAP).

Дональд Туск
Як паведаміў прэм’ер, ён сёньня тлумачыць Эўропе, што Польшча адчувальная да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі, але разам з тым і найбольш гатовая да таго, каб дапамагчы ў падрыхтоўцы да круглага стала ў гэтай краіне.

«Неабходны элемэнтарны кантакт з рэжымам — не для таго, каб яму дараваць, а для таго, каб інфармацыя пра тое, што мы хочам рабіць у Беларусі, як мага хутчэй дайшла да высокага узроўню, і я думаю, што скептыцызм немцаў таксама быў пераадолены», — сказаў кіраўнік польскага ўраду, паведамляе БелаПАН.

«Усходняе партнэрства» — ініцыятыва ЭЗ, накіраваная на шэсьць краін Усходняй Эўропы і Паўднёвага Каўказу: Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну. УП было заснавана 27 краінамі-сябрамі ЭЗ і шасьцю партнэрскімі краінамі на саміце ў Празе 7 траўня 2009 году. Ініцыятыва нацэлена на ўмацаваньне адносін паміж Эўразьвязам і яго ўсходнімі суседзямі за кошт паглыбленьня палітычнага супрацоўніцтва і эканамічнай інтэграцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG