Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект дамовы куплі-продажу 50% акцый "Белтрансгазу" знаходзіцца ў высокай ступені гатовасьці, паведамілі агенцтву Інтэрфакс-Захад у апараце Саўміну пасьля сустрэчы прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча з кіраўніком "Газпраму" Аляксеем Мілерам.

"Асаблівую ўвагу Міхаіл Мясьніковіч і Аляксей Мілер аддалі абмеркаваньню міжурадавага пагадненьня аб умовах куплі-продажу акцый і далейшай дзейнасьці "Белтрансгазу", — заявіў прадстаўнік Саўміну.

Ён таксама паведаміў, што бакі працягнулі перамовы па пытаньнях фармаваньня цэнаў на газ для Беларусі з 2012 году і тарыфаў на транспартаваньне газу па яе тэрыторыі. "У часе сустрэчы былі таксама закрануты некаторыя аспэкты цэнаўтварэньня на газ для Беларусі з 2015 году, калі Расея плянуе выйсьці на роўнадаходную цану для ўнутраных і зьнешніх спажыўцоў", — адзначыў суразмоўца.

Як паведамлялася, беларускі бок падрыхтаваў да перамоваў праект кантракту на пастаўкі газу ў Беларусь у 2012—2014 гадах і на транзыт газу праз тэрыторыю рэспублікі, дамову куплі-продажу 50% акцый "Белтрансгазу" і пагадненьне пра адтэрміноўку бягучых плацяжоў "Белтрансгазу" на адрас "Газпрому".

На працягу верасьня ўрад Беларусі і "Газпром" правялі сэрыю перамоваў пра супрацоўніцтва ў газавай сфэры. "Газпром" тры разы заяўляў, што ход перамоваў дазваляе спадзявацца: падпісаньне новага кантракту на пастаўку і транзыт газу магчымае на пачатку сьнежня 2011 году.

У адпаведнасьці з дасягнутымі ў ліпені дамоўленасьцямі, умовы газавага кантракту на 2012—2014 гады ўвязаныя з вызначэньнем парамэтраў набыцьця "Газпромам" 50% акцыяў "Белтрансгазу".

У 2011 годзе ў Беларусі завяршаецца дзеяньне чатырохгадовага кантракту з "Газпромам" на пастаўку газу. З 2008 году цана газу для Беларусі вызначаецца паводле формулы, аналягічнай формуле для паставак расейскага газу ў Эўропу.

У 2008—2010 гадах да гэтай цаны ўжываўся паніжальны каэфіцыент, з 2011 году Беларусь плаціць роўнадаходную з эўрапейскай цану за вылікам экспартнага мыта і транспартных выдаткаў.

Старшыня ураду Расеі Ўладзімір Пуцін у жніўні гэтага году даручыў Міністэрству энэргетыкі Расеі і "Газпрому" вызначыць велічыню паніжальнага "інтэграцыйнага" каэфіцыенту цаны на газ для Беларусі з 2012 году.

У 2011 годзе сярэдняя цана для Беларусі, паводле ацэнкі ўраду, складзе $270 за тысячу кубамэтраў.

"Газпром" ужо валодае 50% акцый "Белтрансгазу", купіўшы іх за 2,5 мільярда даляраў паэтапна роўнымі долямі на працягу 2007—2010 гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG