Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастуся Жукоўскага асудзілі на 15 сутак

абноўлена

З Кастуся Жукоўскага міліцыянт здымае кайданкі.
З Кастуся Жукоўскага міліцыянт здымае кайданкі.
Сёньня судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Марына Дамненка пакарала грамадзкага актывіста, сябра гарадзкога аргкамітэту за правядзеньне Народнага сходу Кастуся Жукоўскага 15 суткамі арышту: 7 — нібыта за лаянку на вуліцы, 8 — за супраціў міліцыі. Кастуся Жукоўскага спэцназаўцы затрымалі 21 верасьня, хвілін за сорак да пачатку маўклівай акцыі пратэсту, непадалёк ад уласнага дома, калі ён выйшаў на вуліцу.

Спэцназаўцы адмыслова чакалі Кастуся Жукоўскага ў машыне каля ягонага дома на вуліцы Кніжнай.

Жукоўскі: «Машына паехала за мной, а сьпераду ля сьметніцы чакалі тры чалавекі. Яны выскачылі, заламалі рукі, ногі, укінулі ў машыну. Людзі на мяне напалі невядомыя, я спрабаваў вылезьці, выбрацца. Яны мне і рукі ламалі, і шыю. Нагой я зачапіўся за машыну. Зьбілі трохі».

У судзе спэцназаўцы Сяргей Мітчанка, Андрэй Юранаў і Аляксандар Мядзьведзеў, наадварот, казалі, што чакалі Кастуся, каб уручыць яму позву ў Чыгуначны райаддзел міліцыі. Кастусь нібыта сам на іх выскачыў, абарваў бэджыкі, ды так, што ў аднаго спэцназаўца рацыя ўпала. Пры гэтым ён лаяўся, крычаў нешта пра люстрацыю, не падпарадкоўваўся. Андрэй Юранаў наагул сьцьвярджаў: «Пасадзілі культурна, акуратна».

Жукоўскі рэагаваў на паказаньні сьведкаў-спэцназаўцаў заявамі: «Яны хлусяць!», пытаўся: «Дзе тая позва, якую хацелі ўручыць?». Прасіў выклікаць яшчэ двух спэцназаўцаў, якія абражалі яго, пагражалі забіць і яго, і дачку.

У Кастуся Жукоўскага наагул было багата хадайніцтваў — весьці судовае паседжаньне па-беларуску, каб не прыніжаць ягоную нацыянальную годнасьць, і абавязкова выклікаць лекара, бо яго нудзіць, яму баліць галава, рукі, шыя, нага. На Кастусю была парвана верхняя футболка — ля шыі і рукаво.

Жукоўскі: «У мяне баліць нага, яна мяне турбуе. Учора балела галава, крыху ванітавала. Але лекар сказаў, што страсеньня мозгу няма. Нагу нават і не глядзеў. Нага турбуе, і цяпер яшчэ баліць галава, шыя і крыху рукі. Як звычайна пасьля іх. Кідалі мяне на халодную падлогу, мяне насілі, бо я ня мог ісьці ў Цэнтральным райаддзеле».

Пасьля так званага «культурнага затрыманьня» актывіста адвезьлі спачатку ў Чыгуначны аддзел, дзе дапытваліся, чаму ягоны тэлефон пазначаны ў запрашэньнях на Народны сход, які мае адбыцца 8 кастрычніка ля ДК «Віпра» на вуліцы Юбілейнай. Пасьля гэтага перавезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, каб скласьці адміністрацыйны пратакол. І толькі празь пяць гадзін адвезьлі ў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі, да нэўрахірурга ў абласны шпіталь, а пасьля — у ізалятар.

У судзе Жукоўскі пад пратакол распавёў, што яму спэцназаўцы пагражалі, абражалі, а ён, у сваю чаргу, называў міліцыянтаў у форме, але бяз бэджыкаў, «казламі» — гэтак, як публічна выказваўся Аляксандар Лукашэнка.

Жукоўскі: «Мяне гэтыя незнаёмыя людзі з аб’яднанай злачыннай групоўкі — адзін у аддзеле пагражаў забіць маю дачку, а другі абзываў недабітым брудным жыдам. Я сам ня жыд, супраць жыдоў нічога ня маю. У гэтым я бачу ня толькі распальваньне міжнацыянальнай варажнечы, але й антысэміцкія праявы сярод міліцыянтаў».

Кастусь Жукоўскі камэнтуе свой прысуд
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:16 0:00
Наўпроставы лінк


Вырак судзьдзі Кастусь Жукоўскі пракамэнтаваў так:

«Гэта ня суд, а судзілішча. Я лёгка абышоўся: людзі ні за што сядзяць гадамі. Мне пашанцавала, бо маглі сказаць, што я там яго згвалціў, забіў і зноў згвалціў. Ад гэтай улады можна чакаць усяго. 15 сутак — гэта не чатыры гады, як Мікіту Ліхавіду ці Зьмітру Бандарэнку, якія сядзяць ні за што. 15 сутак ні за што. Гэта — насмарк, я абышоўся насмаркам».

На здымку: Кастусь Жукоўскі ў калідоры суду Цэнтральнага раёну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG