Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова атрымала амэрыканскую ўязную візу са спазьненьнем. Пра гэта сёньня паведаміў на брыфінгу ў адказ на пытаньне «Свабоды» прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных. Ён таксама заявіў, што ўлады Беларусі зацікаўленыя ў наладжваньні дыялёгу з Брусэлем.

Старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова зьбіралася ачоліць беларускую дэлегацыю на гадавым паседжаньні кіраўніцтва Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку ў Вашынгтоне. Аднак учора некалькі беларускіх чыноўнікаў паляцелі ў ЗША безь Ермаковай. «У яе не атрымалася», — коратка пракамэнтавалі ў Нацбанку гэты факт. Пасьля пачаліся кулюарныя размовы пра тое, што Ермаковай нібыта амэрыканцы не далі ўязной візы.

На сёньняшнім брыфінгу ў МЗС Беларусі на просьбу «Свабоды» афіцыйны прадстаўнік міністэрства Андрэй Савіных патлумачыў сытуацыю:

«Віза была прадстаўленая. Але прадстаўленая са спазьненьнем. У прынцыпе, гэта можна разглядаць як парушэньне амэрыканскім бокам сваіх міжнародных абавязаньняў. Злучаныя Штаты Амэрыкі ў свой час абавязаліся прадставіць бесьперашкодны доступ да ўдзелу ў мерапрыемствах міжнародных арганізацыяў, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі. Такая несвоечасовасьць у выдачы візы фактычна зьяўляецца дадатковым бар’ерам, які стварае непатрэбныя перашкоды для працы Беларусі ў рамках МВФ».

Леў Марголін лічыць, што крэдыт у адзін мільярд даляраў, які паабяцаў Беларусі Кітай, зусім не зьмяншае патрэбы ў крэдыце ад МВФ:

«Кітайцы ніколі не даюць крэдыты проста так. Яны самі сказалі, што гэта крэдыт зьвязаны, які ідзе на сумесныя праекты. А гэта значыць, што жывых грошай ня будзе. Будзе кітайскае абсталяваньне, кітайскія спэцыялісты, нейкае будаўніцтва. І на памер золатавалютных рэзэрваў ён мала паўплывае.
Калі б спадарыня Ермакова разьлічвала на посьпех свайго візыту, то яна б паляцела туды. Няхай сабе і са спазьненьнем.

Калі б спадарыня Ермакова разьлічвала на посьпех свайго візыту, то яна б паляцела туды. Няхай сабе і са спазьненьнем. Але ж не сакрэт, што Беларусь дагэтуль ня выканала шмат чаго з абяцанага Міжнароднаму валютнаму фонду. Таму, я думаю, яна проста скарыстала тое, што віза, можа, і сапраўды была дадзеная са спазьненьнем».

На гэтым жа брыфінгу карэспандэнт «Свабоды» папрасіў Андрэя Савіных выказаць сваё стаўленьне да ўчорашніх выказваньняў кіраўніка прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майры Моры. Тая на першай жа сваёй прэсавай канфэрэнцыі заявіла: «Вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх палітвязьняў — гэта ўмова, якую Эўразьвяз ставіць, каб вярнуцца да дыялёгу».

Прэсавы сакратар МЗС адзначыў: «Нам вядомае гэтае меркаваньне. Магу дадаць, што Рэспубліка Беларусь зацікаўленая ў разьвіцьці канструктыўных, устойлівых і раўнапраўных дачыненьняў з Эўрапейскім Зьвязам».

«Я ня думаю, што на гэтае пытаньне сёньня болей адказаў бы і сам міністар замежных спраў Беларусі», — гаворыць палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

«Тут усё вырашае адзін чалавек. І часам здаецца, што ён сам яшчэ ня ведае, што ён зробіць ці скажа заўтра. У абодвух бакоў зараз ёсьць зацікаўленасьць у аднаўленьні дыялёгу. Але Эўропа памятае, што яна ўжо наступала на беларускія граблі. А афіцыйны Менск зноў, згодна са сваёй улюбёнай мэтодай, паспрабуе, кажучы побытавай мовай, разьвесьці Брусэль. То бок саступіць мінімум, а атрымаць максымум. Таму сюжэт тут вельмі нявызначаны».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG