Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бадзей: Ва ўмовах рынку наўрад ці можна прыйсьці да курсу 5000


Дзелавая супольнасьць усё больш пераконваецца, што "рынкавы курс" рубля, які вызначаецца на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы, рэгулюецца штучна. Пра гэта сьведчаць і "засьцярогі" Аляксандра Лукашэнкі, які непакоіцца, каб рубель не пачаў умацоўвацца больш за афіцыйны курс, і аналягічныя заявы кіраўнікоў ураду і Нацыянальнага банку. Дарэчы, сёньня таргі на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы прыпыненыя (паводле афіцыйнай вэрсіі -- з тэхнічных прычынаў).

Паводле незалежных экспэртаў, фінансавы сэктар атрымаў чарговы арыенцір рублёвага курсу — да паказьніка, вызначанага ў кабінэтах Нацбанку. Прынамсі, Аляксандар Лукашэнка наўпрост даў зразумець, што ёсьць усе падставы для ўмацаваньня беларускага рубля на ўзроўні 5000:

"Ну і што мы бачым літаральна праз адзін тыдзень пасьля таго, як вы
сёньня Міхаілу Мясьніковічу і Надзеі Ермаковай трэба працаваць так, каб гэты даляр не абваліўся ўжо ніжэй за ўсталяваныя пяць тысяч ...

захацелі — вы — абсалютна рынкавага курсу, рынкавых адносінаў і гэтак далей? Што мы бачым? Калі вам праўду сказаць, то сёньня Міхаілу Мясьніковічу і Надзеі Ермаковай трэба працаваць так, каб гэты даляр не абваліўся ўжо ніжэй за ўсталяваныя пяць тысяч. Народ прапануе валюту, і ня толькі людзі нясуць яе абменьваць. Праўда, людзі малайцы, яны адразу зарыентаваліся: вось ён, высокі курс, трэба хутчэй абмяняць на беларускія рублі. Прадпрыемствы дзесьці там прыпазьніліся, але таксама кожны дзень мы бачым прырост валюты ад прадпрыемстваў на біржы, так жа?".

У рэальнасьці карціна не такая аптымістычныя. Людзі сапраўды панесьлі валюту ў банкі, калі адчулі, што сфармаваны на першай дадатковай сэсіі курс у 8600 рублёў за даляр адпавядае рынкаваму. Але пасьля таго, як за тыдзень асобныя банкі абвалілі даляр нават ніжэй за 7000, плынь ахвотных спынілася. Наадварот, цяпер тыя, хто здаў "зялёныя" амаль што па 9000, хочуць іх набыць па 7500—7700. Аднак, як і раней, абменьнікі прадаюць толькі валюту, набытую ў насельніцтва, а банкі свае рэзэрвы агаляць ня хочуць.

Ці ёсьць небясьпека, што пры падобных тэндэнцыях зноў адродзіцца чорны рынак? Меркаваньне былога міністра эканомікі, кіраўніка Саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў Георгія Бадзея:

Георгій Бадзей

"Чорны рынак — гэта ўвогуле перажытак, яго не павінна было б быць. І калі ня будзе тых неразумных абмежаваньняў, татальнага кантролю, а будзе сапраўды нармальна, адкрыта працаваць біржа і абменныя пункты, ніякага чорнага рынку ня будзе. Вядома, адкрыцьцё другой сэсіі, пачатак другаснага продажу — гэта адкрыцьцё каналаў руху. Але ў такім рэжыме, як я лічу, трэба папрацаваць прынамсі хоць месяц, каб рабіць нейкія высновы. То бок каб сам мэханізм пэўным чынам устаяўся, каб не было такіх рэзкіх ваганьняў як з боку пакупнікоў, так і прадаўцоў. І тады сапраўды будзе нейкая ўсярэдненая велічыня. Да чаго яна прывядзе? Ну, думаю, што, канечне, наўрад ці мы калі-небудзь на рынку прыйдзем да курсу 5000 — я маю на ўвазе, безумоўна, аглядную будучыню — тое, што сёньня наш Нацбанк усталёўвае і дэкляруе, але дзесьці паміж 8000 і 5000 і павінна знаходзіцца гэтая залатая сярэдзіна".

Намесьнік старшыні праўленьня Нацбанку Тарас Надольны мяркуе, што пакуль складана спрагназваць паказьнік адзінага курсу, але выказаў перакананасьць, што ён знаходзіцца паміж цяперашнім афіцыйным курсам і тым узроўнем, які склаўся на дадатковай сэсіі. Намесьнік прэм'ер-міністра Сяргей Румас удакладняе, што рэальныя лічбы, хутчэй за ўсё, стануць вядомыя празь месяц:

Тарас Надольны

"Што тычыцца выхаду на адзіны курс, то тэхнічна самы лепшы час — гэта дваццатыя лічбы месяца. У сілу шэрагу фактараў. Гэта, найперш, падатковыя дні, да гэтых датаў завяршаецца канвэртацыя валюты "Белтрансгазам" для разьліку за газ, і, такім чынам, "Белтрансгаз" ня страчвае на курсавой розьніцы, атрымаўшы ад спажыўцоў сродкі па афіцыйным курсе і затым сканвэртаваўшы іх па практычна такім жа курсе, а не па курсе другой сэсіі. Я думаю, што калі ўсё пойдзе паводле пляну, то ў кастрычніку месяцы мы зможам працэс завяршыць".

Учора ў інтэрвію Радыё Свабода былы дырэктар Беларускай фондавай біржы, кіраўнік банку "Эўрапейскі" Валер Кругавы выказаў перакананьне: улады задзейнічаюць адміністрацыйны рэсурс, каб умешвацца ў мэханізм курсаўтварэння. А камэрцыйным банкам нічога не застаецца, як карэктаваць паказьнікі ў адпаведнасьці з "генэральнай лініяй":

"Тое, што ім кажуць, тое яны і выстаўляюць, вы ж зразумейце. І гэтымі размовамі пра адзіны курс у межах 5—6 тысяч давайце лепш ня будзем сьмяшыць народ. Калі мы пачнём цытаваць, што там і хто зьбіраецца рабіць цягам гэтага году, то гэта будзе зборнік анэкдотаў. Дык ня будзем яго працягваць. Ці мала што нам чарговым разам абяцаюць! Не падгоняць яны сустрэчныя курсы да 6000 — грошай ня хопіць, нават для гэтых дадатковых сэсій. І да 7000 не падгоняць, увогуле сьмешна разважаць на гэтую тэму".

Карэспандэнт: "Беларуская дэлегацыя выправілася ў ЗША, спрабуючы аднавіць перамовы з МВФ. Магчыма, адзінага курсу на ўзроўні афіцыйнага ўдасца дасягнуць за кошт прыцягнутых сродкаў?".

"Ну і што? Вы забыліся, як, дапусьцім, праводзілі інвэстыцыйны форум у Лёндане, на які ляталі ўсе, каму не ляніва, і пасьля якога нібыта прывезьлі дамоваў на 10 мільярдаў даляраў? Дык, калі не памыляюся, нават 10 даляраў ніхто рэальна тут не атрымаў. Вось вам і ўсе палёты — ня больш чым піяр. Трэба ж трымаць справаздачу, што нешта робіцца, так? Таму могуць лятаць колькі заўгодна, усё роўна пралятаюць больш, чым прывязуць".

Дарэчы, у апошні момант ня здолела паляцець у ЗША старшыня Нацбанку Надзея Ермакова. МЗС Беларусі з гэтай нагоды ўжо выказаў прэтэнзіі амэрыканскаму боку, які нібыта замарудзіў зь візай для беларускай чыноўніцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG