Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: Выхад Раманчука з партыі палепшыць імідж АГП


Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Намесьнік старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук зьвярнуўся да партыйнага кіраўніцтва зь пісьмовай заявай аб выхадзе з АГП. Сваё рашэньне ён тлумачыць жаданьнем засяродзіцца на эканамічнай экспэртнай дзейнасьці. Палітыкі і палітолягі мяркуюць, што выхад Яраслава Раманчука з АГП прадыктаваны палітычнымі падзеямі, якія адбыліся падчас ягонага ўдзелу ў выбарчай кампаніі ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта.

Заяву пра выхад з партыі Яраслаў Раманчук перадаў для АГП праз кіраўніка партыі Анатоля Лябедзьку. Рашэньне ў гэтым пытаньні будзе прымаць палітычная рада партыі. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька

"Яраслаў Раманчук прыняў рашэньне сысьці з палітыкі і цалкам засяродзіцца на экспэртнай дзейнасьці. Я з павагай стаўлюся да ягонага рашэньня і думаю, што многія палітыкі, якія ў той ці іншай якасьці ўдзельнічалі ў прэзыдэнцкай кампаніі, таксама маглі б прыняць гэта да ведама і гэта магло б скіраваць іх на пэўныя дзеяньні. Абсалютна перакананы, што патэнцыял Яраслава Раманчука як эканаміста велізарны і для новай Беларусі ён яшчэ спатрэбіцца".

Намесьнік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, як і Яраслаў Раманчук, удзельнічаў у выбарах у якасьці кандыдата на прэзыдэнта. Рыгор Кастусёў кажа, што многія крокі Яраслава Раманчука былі і застаюцца для яго невытлумачальнымі:

Рыгор Кастусёў

"Для мяне ў выбарчай кампаніі Раманчука было шмат дзіўнага: і заявы пра тое, што яго запрашаюць ва ўрад Беларусі, і ягоная паездка ў Маскву на незразумелую сустрэчу. Для мяне вось такая кампанія Раманчука з палітычным прарасейскім падтэкстам была непрымальная. Таму цяжка камэнтаваць, але як вынік — атрымалася тое, што атрымалася".

Яшчэ адзін экс-кандыдат на пасаду прэзыдэнта, адзін з заснавальнікаў партыі БХД Віталь Рымашэўскі мяркуе, што рашэньне Яраслава Раманчука мае палітычную матывацыю:

Віталь Рымашэўскі

"Што тычыцца выхаду Яраслава Раманчука з партыі і ці палепшыць гэта імідж АГП, то я думаю, што ў сёньняшніх варунках — так, палепшыць. Бо да Яраслава Раманчука склалася вельмі нэгатыўнае стаўленьне нават у тых людзей, якія за яго галасавалі, я гэта ведаю. Ну, а якое рашэньне прыме АГП, — гэта ўжо іх сувэрэннае права".

Тлумачэньне выхаду Яраслава Раманчука з шэрагаў АГП жаданьнем заняцца навуковай дзейнасьцю палітоляг Юры Чавусаў называе палітычнай рыторыкай, якая хавае сапраўдныя прычыны сыходу з палітыкі. Гаворыць Юры Чавусаў:

Юры Чавусаў

"Прычыны, безумоўна, выключна палітычныя. Той недавер, які быў выказаны з боку шырокай дэмакратычнай грамадзкасьці, у тым ліку з боку АГП, быў вельмі вялікі. За ягоныя заявы неўзабаве пасьля прэзыдэнцкіх выбараў АГП атрымала вельмі вялікі адмоўны рэйтынг, і спробы адмываньня іміджу былі марныя. Ну, і ў прынцыпе сама партыя прызнае, што ягонае вылучэньне было памылкай, што спадар Раманчук паводле сваіх асабістых якасьцяў ня справіўся з гэтай роляй партыйнага кандыдата".

Атрымаць камэнтар у Яраслава Раманчука не ўдалося: ён адмовіўся ад інтэрв'ю, спаслаўшыся на тое, што цяпер заняты, бо знаходзіцца за мяжой на міжнароднай канфэрэнцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG