Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Бяляцкага: яшчэ 18 беларускіх чыноўнікаў стануць "неўязнымі"


З ініцыятывы літоўскага Міністэрства замежных спраў 18 беларускіх чыноўнікаў, зьвязаных зь перасьледам праваабарончага цэнтру "Вясна" і яго кіраўнікоў, будуць унесеныя ў нацыянальны сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Літву.

Літоўскае Міністэрства замежных спраў яшчэ 14 верасьня зьвярнулася ў дэпартамэнт міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы з просьбай пачаць працэдуру ўнясеньня ў сьпіс васямнаццаці беларускіх службовых асобаў. Таксама Вільня зьвярнулася да іншых краін Эўразьвязу з заклікам разгледзець магчымасьць унясеньня згаданых беларускіх чыноўнікаў у свае нацыянальныя сьпісы непажаданых замежных грамадзянаў. Ад іншых камэнтароў у МЗС Літвы адмовіліся:

"Гэта канфідэнцыйная інфармацыя, ніхто ня будзе камэнтаваць".

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных спаслаўся на адсутнасьць афіцыйных дакумэнтаў:

"Дакумэнт зь пячаткай прынясіце, тады пагаворым".

Прозьвішчы і пасады неўязных чыноўнікаў не называюцца. Гаворыцца толькі, што яны зьвязаныя зь перасьледам "Вясны" і яе лідэраў. Паводле праваабаронцаў, сярод неўязных могуць быць прадстаўнікі сьледчай групы, падатковай інспэкцыі, а таксама судоў, якія адмовіліся задаволіць хадайніцтва аб вызваленьні з-пад арышту кіраўніка "Вясны" Алеся Бяляцкага.

Паводле галоўнага рэдактара газэты "Lietuvos rytas" Рымвідаса Валаткі, такое рашэньне сьведчыць пра тое, што ў літоўскіх палітыкаў "ёсьць нейкія рэшткі сораму".

"Хаця калі казаць у цэлым, то якая карысьць ад гэтага спадару Бяляцкаму, які сядзіць у турме, што некаторыя чыноўнікі ня будуць мець магчымасьці
МЗС Літвы быў бы больш пасьлядоўны, калі б ён аштрафаваў сваіх чыноўнікаў, зь якіх усё і пачалося ...

паехаць у Літву? З аднаго боку, можа, яны ніколі і ня езьдзілі ў тую Літву. З другога боку, можа, яны і езьдзілі, але іх прапускалі. Лепш зрабіць так, каб невінаваты чалавек ня трапіў у турму, чымсьці потым пагражаць пальчыкам тым нядобрым людзям, якія яго пасадзілі ў турму. Я думаю, што МЗС Літвы быў бы больш пасьлядоўны, калі б ён аштрафаваў сваіх чыноўнікаў, зь якіх усё і пачалося. Спачатку трэба выпісаць фолы літоўскім чыноўнікам, а потым турбавацца пра беларускіх".

Ці магчыма, што гэта зроблена зь ведама прэзыдэнта Літвы Далі Грыбаўскайце, якую ў незалежных мэдыях крытыкавалі за выказваньні на адрас беларускай апазыцыі? На гэта спадар Валатка сказаў:

"Прэзыдэнт Літвы ненавідзіць апазыцыянэраў усякага кшталту. Я ня думаю, што гэта яна зрабіла. Гэта справа рук тых кансэрватараў, якія саромеюцца такой літоўскай палітыкі, і яны знаходзяцца ў такім падвойным стане сваёй душы. Я маю на ўвазе ня толькі Зінгерыса, але і міністра замежных спраў Ажубаліса. Гэта спробы нешта зрабіць са сваім сумленьнем, якое цяпер вельмі неспакойнае".

Сябра рады праваабарончага цэнтру "Вясна" Ўладзімер Лабковіч станоўча ацаніў рашэньне літоўскага боку:

Уладзімер Лабковіч

"Прынамсі, калі гэта ня будзе мець нейкага практычнага выніку і не паўплывае на лёс Алеся Бяляцкага, але ж гэта паказвае стаўленьне, ацэнку дзейнасьці гэтых асобаў і наагул пазыцыю Літвы і ЭЗ адносна арышту Алеся Бяляцкага. Гэта пэўная адзнака тым асобам, якія, замест таго, каб займацца эканамічнымі злачынствамі, вырашылі ўзяць удзел у палітычным перасьледзе. І тое, што яны зараз запэцканыя ў гэтым палітычным перасьледзе, і было адзначана такім рашэньнем Літвы".

Паводле Лабковіча, днямі адвакат меў сустрэчу з Алесем Бяляцкім. Ён апавёў, што Бяляцкі, як і раней, не прызнае сваёй віны, трымаецца мужна і на здароўе ня скардзіцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG