Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі судзяць пабітага грамадзкага актывіста


Кастусь Жукоўскі ў калідоры суду

Кастусь Жукоўскі ў калідоры суду

У судзе Цэнтральнага раёну Гомелю пачаўся суд над зьбітым спэцназаўцамі грамадзкім актывістам Кастусём Жукоўскім. Яго вінавацяць ў лаянцы на вуліцы і ў супраціве міліцыі.

Адно зь першых хадайніцтваў Кастуся Жукоўскага — весьці судовае паседжаньне па-беларуску і выклікаць лекара. Актывіст заявіў, што яму баліць галава, яго ванітуе, баляць рукі, шыя, нага.

Судзьдзя Марына Дамненка, якая разглядае адміністрацыйную справу ў дачыненьні да Жукоўскага, аб’явіла перапынак, каб выклікаць сьведкаў і даць магчымасьць аказаць Кастусю мэдычную дапамогу.

Спадар Жукоўскі апавёў на судовым паседжаньні, што ўчора ля яго дому на вуліцы Кніжнай дзяжурыла міліцэйская машына зь невядомымі ў форме спэцназу. Ён вярнуўся і зьняў машыну на відэа. А калі выйшаў на двор другі раз, то машына паехала за ім. Аднекуль з-за кантэйнэра для сьмецьця зьявіліся, як сказаў актывіст, «тры злачынцы», заламалі яму рукі. Ім дапамагалі два спэцназаўцы, якія выскачылі з машыны.

Жукоўскі толькі й пасьпеў крыкнуць: «Дапамажыце! Ратуйце!»

Актывіста адвезьлі спачатку ў Чыгуначны аддзел, дзе дапытваліся, чаму ягоны тэлефон пазначаны ў запрашэньнях на «Народны сход», які мае адбыцца 8 кастрычніка ля ДК «Віпра» на вуліцы Юбілейнай. Пасьля гэтага перавезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі, каб скласьці адміністрацыйны пратакол і адправіць ў ізалятар.

У судзе Жукоўскі пад пратакол расказаў, што яго абражалі, а ён у сваю чаргу называў міліцыянтаў у форме, але бяз бэджыкаў, «казламі» — гэтак, як публічна выказваўся Аляксандар Лукашэнка.

«Калі гэта лаянка, то я сапраўды лаяўся», — зазначыў актывіст.

У Кастуся парвана футболка. Судзьдзя дазволіла актывісту з прычыны дрэннага самаадчуваньня даваць паказаньні седзячы.

А 14-й гадзіне судовае паседжаньне мае быць адноўлена.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG