Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савіных: Візу Ермаковай выдалі са спазьненьнем


Андрэй Савіных
Андрэй Савіных
Прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных на просьбу "Свабоды" пракамэнтаваў той факт, што старшыня Нацыянальнага банку Надзея Ермакова не паляцела ў ЗША на паседжаньне кіраўніцтва Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку.

Савіных абверг чуткі, што Ермаковай не далі амэрыканскую візу. Ён кажа, што візу Ермакова атрымала, "але са спазьненьнем".

"Гэта ў прынцыпе можна разглядаць як парушэньне амэрыканскім бокам сваіх абавязкаў. Такія паводзіны прадстаўнікоў ЗША ствараюць дадатковыя перашкоды для працы Беларусі ў рамках МВФ", — заявіў афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных.

22 верасьня стала вядома, што Ермакова ня будзе ўдзельнічаць у гадавым сходзе кіраўніцтва МВФ і Ўсясьветнага банку.

Надзея Ермакова павінна была адправіцца ў Вашынгтон 21 верасьня на чале беларускай дэлегацыі. Аднак 22 верасьня ў прымальні Нацыянальнага банку паведамілі, што Ермакова ў ЗША не паехала і знаходзіцца на сваім працоўным месцы.

"У яе не атрымалася", — адзначылі ў прымальні, не ўдакладняючы падрабязнасьцяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG