Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячаслаў Ракіцкі: “Калі мы сустрэнемся, проста пагаворым, як ён выцерпеў гэтыя зьдзекі...”


Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі

У сераду на тэлеканале “Белсат” адбылася прэм'ера дакумэнтальнага фільму “Дарога Статкевіча”. Тыдзень таму на “Белсаце” дэманстраваўся фільм “Выбар Саньнікава”, а на пазамінулым тыдні – стужка “Дайсьці да Плошчы” пра экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Госьць эфіру – адзін з аўтараў фільмаў пра зьняволеных экс-кандыдатаў Андрэя Саньнікава і Міколу Статкевіча Вячаслаў Ракіцкі.

Соўсь: Вячаслаў, давайце спачатку пра сёньняшнюю прэм'еру. Адкуль і куды вядзе дарога Статкевіча?

Ракіцкі: Дарога Статкевіча ў нашым фільме праходзіць ад вёскі Ляды на Случчыне, дзе ён нарадзіўся, праз Баранавічы, дзе цяпер дажывае век у чаканьні сына з турмы ягоны бацька, празь Менск, дзе Мікола Статкевіч выводзіў на плошчы дзясяткі тысяч людзей, каб бараніць Беларусь ад чужынцаў і сваіх дыктатараў. І ўпіраецца пакуль што гэтая дарога ў муры шклоўскай турмы.
Статкевічава дарога – гэта не дарога да турмы, а дарога да свабоды. Усё сваё жыцьцё Мікола змагаўся і ішоў да свабоды.

Але гэта дарога, так бы мовіць, рэальная, з рэальнымі прыпынкамі. Насамрэч, як гаворыць дачка Статкевіча Каця, якая цяпер жыве і працуе ў Нямеччыне, Статкевічава дарога – гэта не дарога да турмы, а дарога да свабоды. Усё сваё жыцьцё Мікола змагаўся і ішоў да свабоды. І пра гэта мы з Андрэем Кісялём і зьнялі наш фільм.

Соўсь: Давайце згадаем другі ваш з Андрэем Кісялём фільм – “Выбар Саньнікава”. Я ведаю, што вы ў часе выбарчай кампаніі свой голас аддалі менавіта за Саньнікава. Пра што б вы як творца спыталіся ў яго пасьля вызваленьня?

Ракіцкі: Я думаю, што пры гэтай сустрэчы я нічога ў яго ня буду пытацца. Я глыбока перакананы, што гэты чалавек – генэтычны інтэлігент, свайго роду беларускі арыстакрат – зрабіў свой сьвядомы выбар. Ён ня мог павесьці сябе інакш, ён ня мог зьмірыцца з тым, што сучасную Беларусь топчуць, што так брудна гандлюе ёю дыктатар. Таму калі мы сустрэнемся, то проста пагаворым, як ён вынес, як выцерпеў усе гэтыя зьдзекі і пакуты, якія на яго зваліліся толькі за тое, што ён захацеў дэмакратычных зьменаў.

Соўсь: Як вам падаецца, што больш складана, зьняць фільм пра палітыка, калі ён у турме ці калі ён на свабодзе?

Ракіцкі: Ня ў тым складанасьць, здымаць фільм пра чалавека ў турме ці на свабодзе. Заўсёды можна знайсьці драматургічны рэжысэрскі ход. Складанасьць у нашым выпадку была ў іншым, таму што нам даводзілася далучыць да сябе перажываньні, хваляваньні блізкіх і сваякоў. У гэтым цяжкасьці.
Яны перакананыя ў тым, што іхныя муж, сын, бацька зрабілі сьвядомы, правільны выбар, і таму яны гэтак жа мужна пераносяць тое, што пераносяць іхныя блізкія ў Лукашэнкавай зоне.

Значна прасьцей назіраць за героем у ягоным будзённым жыцьці. А вось размаўляць з жонкай, з маці, з дачкой, калі яны кожны дзень думаюць, што робяць там на зоне зь іх блізкімі і сваякамі, няпроста. У пэўнай ступені нам з Андрэем пашанцавала, што сваякі вязьняў – гэта вельмі мужныя людзі. І яны даволі ўпэўнена, цьвёрда трымаліся перад камэрай. Гэтыя людзі – і Ірына Халіп, жонка Андрэя Саньнікава, і Ала Саньнікава, маці Андрэя Саньнікава, і дачка Міколы Статкевіча Каця, і нават бацька Міколы Статкевіча Віктар – яны перакананыя ў тым, што іхныя муж, сын, бацька зрабілі сьвядомы, правільны выбар, яны перакананыя ў іх маральнасьці, і таму яны гэтак жа мужна пераносяць тое, што пераносяць іхныя блізкія ў Лукашэнкавай зоне.


Фільм "Дарога Стакевіча":




Фільм "Выбар Саньнікава":

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG