Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Раманчук напісаў заяву аб выхадзе з Аб'яднанай грамадзянскай партыі


Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе АГП, свой выхад з партыі Раманчук патлумачыў неабходнасьцю больш часу аддаваць экспэртнай працы. Рашэньне па заяве яшчэ не прынятае, падкрэсьлілі ў партыі. У сераду ўвечары Раманчук знаходзіўся за межамі Беларусі – нашаму карэспандэнту не ўдалося зь ім зьвязацца.

З красавіка 2000 году Яраслаў Раманчук – намесьнік старшыні АГП. У яго абавязкі ўваходзяць міжнародныя дачыненьні, эканамічныя праграмы, стратэгія разьвіцьця. Аднак, як заявілі ў прэсавай службе партыі, пасьля кампаніі 2011 году Раманчук сваіх абавязкаў не выконвае.

Раманчук быў кандыдатам у прэзыдэнты ад АГП на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году. 20 сьнежня, наступнага дня пасьля жорсткага разгону мітынгу на пляцы Незалежнасьці і арышту сотняў яго ўдзельнікаў, Раманчук склікаў прэс-канфэрэнцыю, на якой пракамэнтаваў тое, што здарылася. Ён заявіў, што дэманстрацыя плянавалася на Кастрычніцкай плошчы як выключна мірнае выказваньне думкі грамадзянаў.

“На жаль, падчас мітынгу Мікола Статкевіч, Андрэй Саньнікаў і Віталь Рымашэўскі заклікалі і павялі людзей на пляц Незалежнасьці. Там імі ж былі справакаваныя забурэньні і ажыцьцёўлена спроба захопу будынку Дому ўраду”. Паводле Раманчука, “падзеі ночы 19 сьнежня паставілі пад пагрозу жыцьці людзей. Андрэю Саньнікаву, падаграванаму ягонай жонкаю Ірынай Халіп, вельмі хацелася сарваць крохкі дыялёг, які нараджаўся паміж Беларусьсю і міжнароднай супольнасьцю”.

Частка аднапартыйцаў Раманчука публічна асудзіла ягоную заяву.

Лідэр партыі Анатоль Лябедзька, камэнтуючы паводзіны Раманчука 11 красавіка, адразу пасьля свайго вызваленьня зь СІЗА КДБ, адзначыў: “Яраслаў сказаў, што калі ён бы гэтага не зрабіў, то была б фізычная расправа нада мною і іншымі людзьмі. Ня ведаю, як бы я ў гэтай сытуацыі дзейнічаў”.

На прэсавай канфэрэнцыі ў красавіку Лябедзька таксама заявіў, што “Яраслаў Раманчук ня створаны для такіх кампаніяў, якія праводзяцца ў Беларусі”. “Я гэта цяпер разумею, і гэта недзе і мая віна, што я да канца не дадумаў, што можа быць вось такі сцэнар”, – дадаў Лябедзька. Ён паведаміў тады пра намер “перафарматаваць каманду”. “Я павінен разумець, хто ёсьць хто ў гэтай камандзе”, – сказаў лідэр АГП.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG