Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На акцыях у рэгіёнах пераважалі міліцыянты і «ціхары»


Сёньня больш як ў 30 гарадах беларускіх рэгіёнаў група «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» плянавала правесьці «маўклівыя акцыі». Арганізатары заклікалі грамадзкіх актывістаў і сяброў апазыцыі зьбірацца ў 19 гадзінаў на плошчах.

Загадзя падрыхтаваліся да акцыі таксама міліцыянты і супрацоўнікі КДБ. Паводле назіраньняў карэспандэнтаў «Свабоды», колькасьць службістаў нават пераважала.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Моладзь аднаўляе акцыю

У сераду ў Гомелі каля сотні мінакоў сабраліся ля найпрыгажэйшага ў горадзе фантану, што побач з цыркам, каб пабачыцца, паразмаўляць, папляскаць у ладкі. Яны прыйшлі сюды, нягледзячы на шматлікія міліцэйскія й спэцназаўскія патрулі й відэаапэратараў у цывільным.

Спадарыня Марыя: «Я удзельнічаю ў маўклівай акцыі пратэсту супраць дыктатуры. Пакуль усё спакойна, пакуль не падыходзілі. Думаю, што ў іх іншая тактыка. Міліцыянтаў зараз шмат, і яны ходзяць узад-уперад. Яны, відаць, спрабуюць псыхалягічна ціснуць, трохі нас палохаць: глядзіце, калі што — забярэм».

Кастусю Жукоўскаму міліцыянты заламалі рукі, заціснулі рот, запіхнулі ў машыну й павезьлі ў невядомым накірунку

Удзельнікі маўклівай акцыі двойчы пляскалі ў далоні, але нікога міліцыя не забірала. Толькі прыкладна хвілін за 40 да акцыі спэцназаўцы затрымалі ля ўласнага дома грамадзкага актывіста Кастуся Жукоўскага. Яму заламалі рукі, заціснулі рот, запіхнулі ў машыну й павезьлі ў невядомым накірунку.

Некаторых удзельнікаў ранейшых «маўклівых» акцыяў і зборшчыкаў подпісаў за правядзеньне Народнага сходу міліцыянты адмыслова папярэджвалі. Апавядае маладая маці спадарыня Ксенія, да якой дадому прыходзіў ўчастковы міліцыянт:

«Прыйшоў і сказаў, каб я у сем гадзінаў вечары 21 верасьня сядзела дома, бо да мяне павінна прыйсьці камісія па справах няпоўнагадовых. Ён яшчэ заходзіў дамоў паглядзець, як я жыву».

Ксенія, аднак, на акцыю прыйшла. У адноўленай акцыі пратэсту ўдзельнічала пераважна моладзь.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


У Магілёве й Бабруйску адбыліся маўклівыя акцыі пратэсту

У Магілёве Тэатральны сквэр, ад якога меліся распачаць шпацыр удзельнікі маўклівай акцыі пратэсту а 19 гадзіне ўжо быў ачэплены міліцыяй. Як патлумачыў адзін зь міліцыянтаў, у сквэры нібыта знойдзеная падазроная торба і для бясьпекі людзей праход па ім забаронены. На прыпынку, які знаходзіцца адразу ля сквэру, людзей тым ня менш не эвакуявалі.

На пешаходнай вуліцы Ленінскай, якая гэтым разам стала месцам акцыі маўклівага пратэсту, было мнагалюдна. Гаворыць адзін з удзельнікаў акцыі:

«Моладзі дужа шмат. І знаёмых там людзей таксама мы сустрэлі шмат. Таксама дужа шмат супрацоўнікаў у цывільным, спэцслужбаў. Мы падтрымліваем нашых таварышаў нязгодных зь сёньняшнім жыцьцём, зь цяперашняй ўладай, зь цяперашняй сваволяй».

На Ленінскай прысутнічала амаль усё кіраўніцтва абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў, а таксама кіраўнік міліцыі спэцыяльнага прызначэньня ды супрацоўнікі КДБ. Непадалёк ад касьцёлу стаяў амапаўскі аўтобус, а ля кінатэатру «Радзіма» — аўтазак. Кожную вялікую групу людзей суправаджалі міліцыянты.
Калі некалі баяліся, што з працы звальнялі, то цяпер людзі самі хочуць уцячы, а іх не адпускаюць..

«Чаго баяцца? Ужо і губляць асабліва няма чаго. Калі некалі баяліся, што з працы звальнялі, то цяпер людзі самі хочуць уцячы, а іх не адпускаюць. Па два па тры месяцы на працу не выходзіць, а ім яшчэ і даплачваюць, абы працавалі. Таму каго палохаць?», — заяўляе яшчэ адзін удзельнік акцыі.

За гадзіну акцыі нікога на Ленінскай не затрымалі. Ачапленьня сквэру зьнялі як толькі паменела людзей на Ленінскай.

У Бабруйску інцыдэнтаў не адбылося

У Бабруйску ў сквэр насупраць плошчы Леніна прыйшлі каля трыццаці чалавек. У асноўным гэта былі заўсёднікі мясцовых маўклівых акцыяў. Міліцыі было няшмат — некалькі патрулёў. Інцыдэнтаў не адбылося.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


На маўклівую акцыю выйшла ад 70 да 100 чалавек

Дакладную колькасьць удзельнікаў вызначыць было складана з-за таго, што яна адбылася не на плошчы, а на вялікім участку праспэкту Машэрава.

Людзі хадзілі гуртамі па некалькі чалавек і ў далоні не пляскалі. Аднак тое, што гаварылі многія па-беларуску й абмяркоўвалі сацыяльна-палітычную сытуацыю ў краіне адрозьнівала іх ад звычайных мінакоў.

Вызначаную тэрыторыю патрулявалі пару дзесяткаў міліцыянтаў, у рэзэрве стаяў аўтобус з спэцназам, а за ЦУМам — аўтазак.

Затрыманьняў падчас акцыі не адбылося, міліцыянты толькі падыходзілі да некаторых асобаў, якія сядзелі на лаўках, а таксама правяралі дакумэнты ў журналістаў.

Як распавёў кіраўнік Берасьцейскай гарадзкой арганізацыі партыі БНФ Віктар Клімус, новы фармат акцыі забясьпечыў больш бясьпечнае яе правядзеньне:

«Акцыя была досыць сьціплай, сапраўды ня вельмі багата людзей у ёй паўдзельнічалі, але вельмі важна, што яна ўсё ж адбылася. Сам сцэнар сёньняшняй акцыі дазволіў, каб яна прайшла больш бясьпечна, бяз затрыманьняў. Хаця, канешне, гэта папсавала відовішчнасьць. Вялікая прастора, па якой былі раскіданыя ўдзельнікі не заўсёды чыталася як нейкая акцыя пратэсту».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Міліцыянты перапісалі пашпартныя дадзеныя маладзёнаў

Сёньня ў Горадні месцам правядзеньня маўклівай акцыі была прызначана вуліца Савецкая ў цэнтры гораду. Яна — пешаходная, мае даўжыню пяцьсот мэтраў і выходзіць на плошчу Савецкую.

Арганізатарамі акцыі было прапанавана ўдзельнікам хадзіць па вуліцы туды і назад ад 19-й да 20-й гадзіны. Аднак колькасьць мінакоў не перавышала звычайнай. Каля восьмай гадзіны вечара на Савецкай плошчы міліцыянты перапісалі пашпартныя дадзеныя маладзёнаў, якіх было прыблізна паўтара дзясятка, нікога не затрымлівалі.

Сваімі ўражаньнямі ад бачанага сёньня ўвечары на Савецкай вуліцы падзяліўся адзін з гарадзенцаў:

«Сам фармат акцыі, мне здаецца, такі дзіўны, што калі яшчэ пляскалі ў далоні, то можна было ідэнтыфікаваць удзельнікаў. А калі гэта проста шпацыр па вуліцы, то цяжка сказаць, хто шпацыруе ў рамках акцыі, а хто — проста так. Мне здаецца, што звычайны чалавек не заўважыў, што нейкая акцыя адбылася. Ну скажам, каб да мяне прыехаў госьць з Польшчы, і я хацеў бы яго завесьці на гэтую маўклівую акцыю, то не атрымалася б напэўна».
Проста прыйсьці пастаяць — людзі ў гэтым ня бачаць проста сэнсу.

У раённых гарадах Гарадзеншчыны: Лідзе, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозаўцы, Наваградку, дзе летам звычайна адбываліся сацыяльныя акцыі, сёньня амаль ніхто не прыйшоў. У кожным з гэтых гарадоў на плошчах і цэнтральных вуліцах дзяжурылі толькі людзі ў цывільным. Актывісты лічаць, што акцыя была непадрыхтаванай.

У невялікім гарадку Бярозаўка Лідзкага раёна усё ж традыцыйна ў цэнтар прыйшло шэсьць чалавек, якія, дарэчы, прыходзілі на ўсе папярэднія акцыі летам, але яны трохі пастаялі і разышліся. Увесь гэты час за імі назіралі міліцыянты, якія сядзелі ў аўта. Вось што кажа адзін з актывістаў наконт таго, што акцыя не адбылася.

Спадар: «Ня ведаю, але ў нас фактычна не было ніякай інфармацыйнай кампаніі. От, хто ў інтэрнэце пабачыў, тыя і прыйшлі, якія, дарэчы, заўсёды прыходзілі».

У Лідзе, дзе звычайна на акцыю прыходзіла да 80 чалавек і болей, сёньня на цэнтральнай плошчы хадзілі толькі пяць чалавек, якія яўна прыйшлі на акцыю, а побач хадзілі людзі ў цывільным, якія яўна за імі назіралі — так распавядаў адзін з лідзкіх актывістаў.

На яго думку акцыі не адбылося па наступных прычынах:

Спадар: «У нас, да прыкладу, не было ніякіх абвестак, ніякай інфармацыі — фактычна акцыя была непадрыхтаваная. Ніякага пляну дзеяньняў, ніякіх мерапрыемстваў няма, а проста прыйсьці пастаяць — людзі ў гэтым ня бачаць проста сэнсу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG