Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітоляг: Папярэджаньне Эўразьвязу і патрэба ў крэдытах спыніла брутальныя дзеяньні


Адноўленыя сёньня пасьля амаль двух месяцаў агульнанацыянальныя «маўклівыя акцыі» аказаліся зусім нешматлікімі, калі параўноўваць зь летняй актыўнасьцю па ўсёй краіне. У бальшыні гарадоў, анансаваных як месца збору неабыякавых грамадзянаў, на вуліцу выйшлі пераважна супрацоўнікі спэцслужбаў ды міліцыянты. У Менску грамадзкая актыўнасьць таксама непараўнальная з той, што назіралася цягам двух першых летніх месяцаў. Ці варта ініцыятарам з групы «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» працягваць заклікаць беларусаў выходзіць кожную сераду на галоўныя вуліцы сваіх гарадоў?

Лявон Баршчэўскі
Палітык Лявон Баршчэўскі ўхваляе любую спробу грамадзянаў Беларусі прымусіць улады адказаць на найбольш актуальныя пытаньні. Аднак лічыць, што любыя акцыі, у тым ліку і ў фармаце маўклівага супраціву, сябе паступова зжываюць:

«Практыка ранейшых збораў паказвала: правядзеньне рэгулярных мерапрыемстваў, нават пры іншай актыўнасьці людзей — прыкладам, у непараўнальным па сваёй актыўнасьці 1996 годзе — з кожнай акцыяй удзельнікаў станавілася ўсё менш і менш. Таму, на маю думку, ня варта вызначаць вось такога кшталту рэжым загадзя пад нейкія даты, проста каб абавязкова ў гэты дзень адзначыцца. Я прыхільнік таго, што сытуацыя паступова сасьпее, людзі самі праявяць ініцыятыву і тады можна ўключыцца ў іх нейкую арганізацыю, ажыцьцявіць нейкую цэнтралізацыю. Зараз жа я такой пэрспэктывы гэтых акцый, прынамсі вось на гэты канкрэтны момант, ня бачу. Рабіць — дык ужо рабіць, а ня дзеля нейкай птушачкі».

Уладзімер Навасяд
Сябра аргкамітэту ў стварэньні «Партыі свабоды і прагрэсу» Ўладзімер Навасяд салідарны са спадаром Баршчэўскім у тым, што арганізатарам народных выступаў трэба шукаць новую форму камунікацыі з народам. У тым ліку і таму, што сілавікі за папярэднія месяцы дасканала вывучылі тактыку рэвалюцыянэраў ды загадзя ведаюць усе сцэнары разьвіцьця маўклівых акцый:

«Цяпер такая сытуацыя, што калі ёсьць нейкія ідэі і жаданьне нешта рабіць, то, канечне, людзі павінны штосьці прапаноўваць. Але, на мой погляд, зараз гэтыя мерапрыемствы, на жаль, вялікага сэнсу ня маюць. Таму што сытуацыя зьмянілася і нешта трэба далей прыдумляць, прынцыпова новае. Паўтараць нешта тое, што было раней, відавочна, ужо ня мае сэнсу. Тым больш, сілавікі да ўсяго гэтага падрыхтаваныя, сыстэма вучыцца — ня толькі мы, але і яны. Таксама і „Фэйсбук“ асвоілі, і „Вконтакте“, і г.д. Трэба рабіць нешта іншае, бо ў рамках ранейшых мерапрыемстваў на нейкі эфэкт разьлічваць наўрад ці атрымаецца. Неабходна наладжваць новыя камунікацыі, безумоўна, з падключэньнем людзей, якія раней у гэтым бралі ўдзел. І гэтыя камунікацыі павінны перарасьці ў нейкае структурнае асэнсаваньне таго, што адбываецца, і вось гэты імпэт, які быў раней, павінен паўтарыцца ў нечым іншым».

Аляксей Кароль
Палітоляг Аляксей Кароль перакананы, што нават сёньняшнія малалікія акцыі скончыліся б затрыманьнямі, каб не папярэджаньні прадстаўнікоў Эўразьвязу сачыць за тым, што адбываецца з грамадзянамі Беларусі. Так, за некалькі гадзінаў да маўклівай акцыі кіраўніца прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Майра Мора наўпрост заявіла: «Сёньняшняя акцыя будзе паказальнай»:

«Першыя летнія акцыі, якія былі масавымі і нечаканымі па фармаце, яны мелі ўплыў і мелі вялікае значэньне. Таму што ўлада, па сутнасьці, разгубілася перад імі і не адразу знайшла меры супрацьдзеяньня. Але ўрэшце знайшла. Гэта — прэвэнтыўны, брутальны разгон, прычым, разгон ужо саміх акцый. Што, па вялікаму рахунку, і стала прычынай таго, што акцыі згарнуліся. У дадзеным выпадку, сапраўды, папярэджаньне Эўразьвязу і патрэба ў крэдытах МВФ спыніла іх брутальныя дзеяньні. Нягледзячы на тое, што акцыі не былі масавымі, у адваротным выпадку ўсё роўна былі б арышты. Таму што ўлада разумее яшчэ і іншае са свайго досьведу: калі няма пастаянных разгонаў, слабеюць рэпрэсіі, тады ўзмацняюцца актыўнасьць і дынамізм дэмакратычных сілаў. То бок рост незадаволенасьці ў грамадзтве выходзіць на актыўныя формы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG