Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Майра Мора: Мая акрэдытацыя прыпала на час крытычнага зьбегу абставінаў у нашых дачыненьнях


Майра Мора
Майра Мора
Вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх палітвязьняў — гэта ўмова, якую Эўразьвяз ставіць, каб вярнуцца да дыялёгу. Пра гэта заявіла ў Менску на першай прэс-канфэрэнцыі кіраўніца прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі, амбасадар Майра Мора.

Напачатку Майра Мора адзначыла, што лічыць для сябе вялікім гонарам быць першым амбасадарам Эўразьвязу, які стала працуе ў Беларусі. І выказала спадзяваньне, што гэта можа быць пачаткам новага разьдзелу ў дачыненьнях.

«Мая акрэдытацыя прыпала на час крытычнага зьбегу абставінаў у нашых дачыненьнях. Мы вітаем нядаўнія крокі беларускага кіраўніцтва, скіраваныя на тое, каб выпусьціць зьняволеных палітыкаў і актывістаў апазыцыі. Вельмі спадзяемся, што яны ўсе будуць вызваленыя ў найбліжэйшай будучыні. Эўразьвяз ня можа разглядаць магчымасьць любога руху да нармальнага дыялёгу, пакуль ня будуць адпушчаныя ўсе палітвязьні і пакуль яны ня будуць рэабілітаваныя. Разьвіцьцё двухбаковых стасункаў залежыць ад прагрэсу беларускіх уладаў у сфэры правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратыі».

Адказваючы на пытаньні, Майра Мора адзначыла, што вызваленьне палітвязьняў і фінансавая дапамога ніяк ня ўвязваюцца ні з боку Брусэля, ні зь беларускага боку, як можна меркаваць па выказваньнях Аляксандра Лукашэнкі. Аднак вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх палітвязьняў — гэта ўмова, каб вярнуцца да дыялёгу.

Майра Мора спадзяецца, што вяртаньне да нармальнага дыялёгу можа адбывацца адначасова з адкрытым абмеркаваньнем у самой Беларусі, як вырашыць праблемы, зь якімі зараз сутыкаецца краіна. Эўразьвяз хоча бачыць эканамічна моцную і незалежную Беларусь. Яна адзначыла, што нават у гэтыя цяжкія часы эўрапейскі бок ніколі не спыняў стасункаў зь Беларусьсю і прытрымліваўся палітыкі крытычнага ўзаемадзеяньня. Беларусь застаецца ўдзельніцай ініцыятывы «Ўсходняе партнэрства», таксама заплянаваны шэраг тэхнічных дыялёгаў. Некалькі месяцаў таму эўрапейцы прапанавалі афіцыйнаму Менску распачаць перамовы па спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі. Але дагэтуль Брусэль не атрымаў адказу.

«Эўразьвяз заклікае Беларусь забясьпечыць выкананьне міжнародных абавязаньняў у сфэры правоў чалавека,свабоды мэдыяў, свабоды слова і сходаў. Парлямэнцкія выбары ў наступным годзе даюць Беларусі новую магчымасьць правесьці выбары ў поўнай адпаведнасьці з прынятымі міжнароднымі стандартамі і па шляху мадэрнізацыі. Мы заклікаем Беларусь устойліва рухацца да дэмакратыі, поўнага захаваньня прынцыпу вяршэнства закону і правоў чалавека».
Мы заклікаем Беларусь устойліва рухацца да дэмакратыі, поўнага захаваньня прынцыпу вяршэнства закону і правоў чалавека.

Таксама спадарыня Мойра адзначыла, што ЭЗ мае важныя эканамічныя інтарэсы ў Беларусі. Гэта рынак, які шмат абяцае і знаходзіцца ў нас на парозе, сказала яна. І для Беларусі было б вельмі выгадна паляпшэньне гандлёвых адносінаў з Эўразьвязам. Але каб двухбаковыя стасункі маглі раскрыць свой поўны патэнцыял, Беларусь павінна зрабіць рашучыя крокі ў кірунку прыватызацыі і адкрыць сваю эканоміку. Яна выказала спадзяваньне, што Беларусь знойдзе сілы, каб забясьпечыць дэмакратычныя стандарты. Узаемадзеяньне з Эўразьвязам залежыць ад захадаў беларускага боку па правядзеньні палітычных і эканамічных рэформаў. Эўразьвяз гатовы адкрыць новую старонку, калі абставіны ў Беларусі гэта дазволяць. Яна паабяцала, што эўрапейскі бок будзе надалей назіраць за тым, што адбываецца ў Беларусі. У тым ліку — за маўклівай акцыяй 21 верасьня. Майра Мора сказала: «будзе вельмі важна ўбачыць, што адбудзецца сёньня. Мы назіраем за ўсім, што адбываецца ў Беларусі, асабліва ў сфэры правоў чалавека. І гэта будзе паказьнікам. Убачым».

20 верасьня амбасадар Майра Мора, кіраўнік прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі, уручыла даверчыя граматы кіраўніку краіны.

Прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі прыступае да выкананьня абавязкаў, каардынацыі і вядзеньня перамоваў ад імя Эўрапейскага Зьвязу.

Мясцовае прадстаўніцтва ЭЗ у трэціх краінах уваходзіць у сфэру паўнамоцтваў высокага прадстаўніка ЭЗ па замежных пытаньнях і палітыцы бясьпекі, віцэ-прэзыдэнта Эўрапейскай камісіі Кэтрын Эштан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG