Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запрасілі на Народны сход — пакаралі арыштам і штрафам


Васіль Такарэнка

Васіль Такарэнка

Сёньня судзьдзя Чыгуначнага раёну Гомеля Ільля Сьвірыдаў пакараў грамадзкіх актывістаў: Андруся Цянюту — адміністрацыйным арыштам на 10 сутак, Васіля Такарэнку — 350-тысячным штрафам. Гэта першы выпадак, калі міліцыя й суд прыраўнялі Народны сход да несанкцыянаванай масавай акцыі.

20 верасьня на вуліцы Юбілейнай Цянюта й Такарэнка раздавалі мінакам запрашэньні на Народны сход, які мае адбыцца 8 кастрычніка. Іх затрымалі, завезьлі ў ізалятар, а сёньня — судзілі.

Васіль Такарэнка запатрабаваў, каб суд вёўся на роднай яму беларускай мове, і судзьдзя Сьвірыдаў стаў весьці апытаньне абвінавачанага актывіста на беларускай мове. Да таго ж задаволіў хадайніцтва, каб праслухаць мабільны тэлефон, празь які Такарэнка зрабіў аўдыёзапіс свайго затрыманьня — як пасьля высьветлілася, спэцназаўцам Віктарам Герашчанкам. Судзьдзя нават улічыў, прызначаючы пакараньне, што Васіль даглядае маці — інваліда 1 групы.

Такарэнка: «Я стаяў ля ганку пад’езду, падлятае нейкі спэцназавец — у яго нават біркі не было. Я прашу назвацца: хто ён, што ён, зь якой нагоды да мяне. А ён проста ўзяў мяне за руку й пацягнуў — там аўтатранспарт стаяў. Прыцягвае, а там нейкі прапаршчык кажа: „Чаго ты яго прыцягнуў? Пры ім жа нічога няма“. Я стаяў ля ганку і чакаў магчымасьці раздаць інфармацыйныя матэрыялы жыхарам пад’eзду пра Народны сход».

Спэцназаўцы тым часам зьвязаліся зь дзяжурнай часткай Чыгуначнага РАУСу, што затрымалі чалавека з улёткамі — і ім загадалі везьці яго ў аддзел.

Андрусь Цянюта
Падобным чынам быў затрыманы й Андрусь Цянюта. Супраць іх склалі адміністрацыйныя пратаколы паводле артыкула 23.34 — парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавага мерапрыемства.

І Такарэнка, і асабліва Цянюта даводзілі судзьдзі, што закон пра масавыя мерапрыемствы паводле свайго артыкула 3 «не распаўсюджваецца на сходы, якія праводзяцца ў адпаведнасьці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь пра рэспубліканскія й мясцовыя сходы». Аднак судзьдзя толькі запытаўся: «Вы мелі дазвол гарвыканкаму на правядзеньне сходу?». Актывісты, вядома, ня мелі, бо дазвол у дадзеным выпадку не патрабуецца.

Судзьдзя адхіліў нават хадайніцтвы, каб выслухаць у якасьці сьведак Уладзімера Кацору й Кастуся Жукоўскага, чальцоў гарадзкога аргкамітэту дзеля правядзеньня Народнага сходу.

Спэцназавец Ючко, які затрымліваў Андруся Цянюту і сьведчыў супраць яго ў судзе, заявіў, што яму няма справы ні да зьместу ўлёткі, ні да заканадаўства пра масавыя мерапрыемствы ці мясцовыя сходы: сказалі даставіць у аддзел распаўсюднікаў запрашэньня — ён і даставіў.

Уладзімер Кацора
Прысутны на судзе Ўладзімер Кацора так пракаментаваў судовыя выракі:

«Як бачна, ні міліцыя, ні судзьдзя самі не чыталі ці не хацелі чытаць Закон аб масавых мерапрыемствах, паводле якога рэспубліканскія й мясцовыя сходы не падпадаюць пад ягонае дзеяньне. Таму вынесеныя пастановы пра пакараньне Цянюты й Такарэнкі арыштам і штрафам незаконныя, і мы будзем разам з пакаранымі абскарджваць іх у абласным судзе й пракуратуры.

Ніхто ня хоча бачыць, што многія гараджане незадаволеныя цяперашнім сваім становішчам. Прынамсі, больш за 10 адсоткаў жыхароў вуліцы Юбілейнай, шэрагу іншых вуліц і дамоў падпісаліся за тое, каб 8 кастрычніка правесьці сход па сацыяльна-эканамічных пытаньнях. Гэта адбудзецца на пляцоўцы ля ДК глухіх „Віпра“, якую гарвыканкам вылучыў дзеля правядзеньня розных мерапрыемстваў на адкрытым паветры. Мы надрукавалі абвесткі і інфармуем грамадзян за 15 дзён, які патрабуе закон, пра Народны сход».
XS
SM
MD
LG