Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы фармат «маўклівага пратэсту»: ні лёзунгаў, ні аплядысмэнтаў


Сёньня арганізатары «Рэвалюцыі праз сацыяльныя сеткі» аднаўляюць маўклівыя акцыі пратэсту і ў Менску, і ў рэгіёнах. Паводле загадзя распаўсюджанага ў інтэрнэце пляну, удзельнікаў заклікаюць зьбірацца а 19-й гадзіне на ўчастках галоўных вуліц у Берасьці, Горадні, Гомелі, Магілёве і Віцебску, а ў астатніх гарадах і райцэнтрах — на галоўнай плошчы.

Тым часам супрацоўнікі КДБ і міліцыі спрабуюць запалохаць дэмакратычных актывістаў, пагражаюць ім штрафамі й арыштамі.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


«Выходзіць трэба. Паказаць уладзе, што нас не зламалі»

У Магілёве арганізатары адмовіліся ад ранейшага месца правядзеньня акцыі. Замест плошчы Леніна людзей заклікаюць прыйсьці на пешаходную вуліцу Ленінскую. Адзін з арганізатараў — сваё імя ён папрасіў не агучваць — тлумачыць, чаму:

«Акцыя будзе праходзіць не на адным месцы, а на працягу ўсёй пешаходнай вуліцы, так будзе цяжэй вылічваць удзельнікаў. Людзі проста будуць гуляць безь якіхсьці лёзунгаў і заклікаў. Так нашмат бясьпечней, чым знаходзіцца ў адным месцы, дзе лягчэй зьвінаваціць ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах».
Людзі проста будуць гуляць безь якіхсьці лёзунгаў і заклікаў. Так нашмат бясьпечней, чым знаходзіцца ў адным месцы.

Карэспандэнт: «Ці ёсьць сэнс у правядзеньні такіх акцыяў?»

Арганізатар: «Каб людзі бачылі, што іх многа, нязгодных з рэжымам, з эканамічнай абстаноўкай. І паказаць маразм уладаў. Я так думаю, што сёньня на Ленінскай будзе дужа шмат працаўнікоў розных дзяржаўных структур — ахоўных і не ахоўных».

Папярэднія запалохваньні моладзі ў Бабруйску

У Бабруйску людзей заклікаюць зьбірацца на маўклівую акцыю пратэсту ў традыцыйным месцы — у сквэры насупраць плошчы Леніна. Заўсёднік такіх акцыяў, мясцовы жыхар Эдуард спадзяецца, што ў сквэр прыйдуць да чатырох дзясяткаў чалавек:

«Я размаўляў зь некаторымі людзьмі. Некаторыя баяцца, на некаторых ужо ціснуць. Да некаторых прыходзілі на працу й пагражалі, калі сёньня будуць на плошчы, то да звальненьня. Таксама запалохвалі ў тэхнікумах і вучэльнях. Выходзіць трэба. Паказаць уладзе, што нас не зламалі. Іншага выйсьця ў нас няма».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


«Маўклівыя» зьмяняюць месца сустрэчы

Маўклівая акцыя ў Берасьці адбудзецца гэтым разам не на плошчы Леніна, а на праспэкце Машэрава — ад скрыжаваньня з вуліцай Савецкай да скрыжаваньня з бульварам Касманаўтаў. Пра гэта паведамляецца ў адпаведнай суполцы «Вконтакте».

Час правядзеньня акцыі не зьмяніўся — яна плянуецца з 19-й да 20-й гадзіны. «Маўчуны» мяркуюць ня пляскаць у ладкі, а проста гуляць па вуліцы гуртамі.

Берасьцейскія актывісты выказваюць розныя меркаваньні наконт зьмены месца правядзеньня акцыі. Рэгіянальны каардынатар «Маладой Беларусі» Юры Бацук лічыць новае месца збольшага ўдалым:

«Ёсьць тут свае плюсы і мінусы. Мінус, вядома, што ёсьць верагоднасьць таго, што людзі — ведаючы, што раней зьбіраліся на плошчы Леніна — ня факт, што ўсе пра новае месца ведаюць. Але плюс новага месца — тое, што там ёсьць дарога. Таму людзі будуць з двух бакоў знаходзіцца і аўтамабілісты будуць бачыць людзей. Што тычыцца зьмены сцэнару — я лічу, што гэта разумна, бо калі людзі пляскалі ў далоні, то было каго схапіць. А цяпер, калі яны проста будуць хадзіць, то за што арыштаваць чалавека, які проста прагульваецца па вуліцы?».
За што арыштаваць чалавека, які проста прагульваецца па вуліцы?

Намесьнік кіраўніка арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты» Ўладзімер Вуек зь Берасьця лічыць, што гэтая акцыя можа адцягнуць увагу ад плянаванага «Народнага сходу»:

«Калі глядзець па цэнах у крамах, як яны за кожную ноч вырастаюць, а заробкі не падымаюцца, у людзей узьнікае шмат пытаньняў. Людзі, хутчэй за ўсё, будуць выходзіць на знак пратэсту. Аднак, хутчэй за ўсё, людзей будзе не такая значная колькасьць, дый супрацоўнікі сілавых структураў будуць спрабаваць блякаваць, затрымліваць і потым асуджаць за парушэньне закону аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў. А гэта можа нэгатыўна адбіцца перад правядзеньнем Народнага сходу 8 кастрычніка».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Я думаю, што ізноў выйдуць такія, як мы»

Гарадзенскі прадпрымальнік Павал разам з жонкай пацярпеў за летнія акцыі маўклівага пратэсту, абаіх аштрафавалі. Што ён думае наконт аднаўленьня такіх акцый зь сёньняшняга дня?

Павал: «Я думаю, што ізноў выйдуць такія, як і мы. Але людзей мала выйдзе. Па-першае, мала хто ведае, а па-другое, усе за-па-ло-ханыя. Можа, восьмага кастрычніка штосьці будзе, а зараз, падобна, толькі моладзь зь ліку тых, каго яшчэ не даціснулі».

Ціск ідзе па ўсіх напрамках, кажа прадпрымальнік Павал:

«У жонкі дзьве праверкі цягам гэтых двух месяцаў было. Плюс яшчэ ўсіх цягалі ў міліцыю, яшчэ раз падпісвалі паперку, што азнаёмленыя з законам, па якім нас ужо штрафавалі. Потым нас яшчэ падатковая аштрафавала і зараз яшчэ чакаем зь дзяржкантролю штраф. А штраф нам далі з жонкай па трыццаць базавых, вырашылі, напэўна, што „іпэшнікі“ ў нас заможныя».

Удзельнікі маўклівых пратэстаў малалікія, таму дамагчыся нейкіх зьменаў маларэальна, лічыць гарадзенскі прадпрымальнік Павал:
Пакуль ня выйдуць масы, тут цяжка чагосьці дамагчыся.

«Пакуль ня выйдуць масы, тут цяжка чагосьці дамагчыся. Каму выходзіць? Зноў некалькі „іпэшнікаў“, некалькі студэнтаў, інтэлігенцыі трошку, і ўсё. Сумняваюся, што будзе нешта сур’ёзнае».

Прадстаўнік БХК у Горадні Раман Юргель: «Людзі застрашаныя тымі прысудамі несправядлівымі, незаконнымі дзеяньнямі міліцыі. Пакаралі больш за сто чалавек за маўклівыя акцыі пратэсту ў ліпені. Больш за дваццаць зь іх абскардзілі гэтыя несправядлівыя рашэньні, зьвярнуліся ў абласны суд. Іх выклікалі потым у міліцыю, папярэджвалі аб адказнасьці адміністрацыйнай ці крымінальнай, каб яны не хадзілі больш. Выклікалі гэтых людзей таксама ў КДБ, дзе бралі тлумачэньні, лісты апытаньня яны запаўнялі і таксама бралі падпіску, што яны папярэджаныя аб крымінальнай адказнасьці за ўдзел у такіх акцыях».

Запалохваюць усіх, каго затрымлівалі на ранейшых акцыях

Усім, каго раней затрымлівалі падчас сацыяльных акцыяў на Гарадзеншчыне, міліцыянты давалі падпісваць паперу, у якой чалавек папярэджваецца аб адказнасьці за паўторны ўдзел у сёньняшняй акцыі.

Найбольш арганізавана сацыяльныя акцыі на Гарадзеншчыне праходзілі ў Лідзе, Ваўкавыску, Бярозаўцы і Слоніме. У Лідзе, да прыкладу, і падчас апошніх акцыяў зьбіралася звыш 80 чалавек.

Адзін з актывістаў распавядае, што ўсіх патэнцыйных удзельнікаў міліцыянты перад сёньняшнім днём наведалі на працы альбо дома. Прычым на працы дадаліся яшчэ і размовы з работнікамі ідэалягічнага аддзелу:

«Каб нічога не праводзіў, нічога не арганізоўваў, бо інакш будзе штраф — такія размовы былі. А яшчэ, маўляў, гэта нашкодзіць людзям. І ўчастковы прыходзіў, прынёс падрыхтаваную паперу, каб толькі расьпісацца, што за правядзеньне незаконных акцый пагражаюць штрафаваць».

Ціск на школьнікаў і іх бацькоў

Раней сацыяльныя акцыі адбываліся і ў невялікім гарадку Бярозаўка, што ў Лідзкім раёне. У іх бралі ўдзел больш за дзесяць чалавек, нават школьнікі, якіх потым выклікалі разам з бацькамі і настаўнікамі ў міліцыю.
Адзін напісаў, што гэта маразм, другі — што „ня бачу ніякіх законных падставаў“, карацей, ніхто гэтых папярэджаньняў не ўспрыняў.

Зараз усіх яшчэ раз папярэдзілі. Адзін мясцовы актывіст распавядаў, што праз тэлефон адмовіўся ісьці ў міліцыю, бо лічыць, што такія папярэджаньні незаконныя:

«Астатнім тлумачылі, што яны папярэджваюцца аб крымінальнай адказнасьці зь пералікам артыкулаў. Але хлопцы таксама рознае ім напісалі: адзін напісаў, што гэта маразм, другі — што „ня бачу ніякіх законных падставаў“, карацей, ніхто гэтых папярэджаньняў не ўспрыняў».

У Ваўкавыску, Слоніме і Наваградку ў акцыях брала ўдзел невялікая колькасьць людзей, хоць у Ваўкавыску таксама былі затрыманьні і папярэджваньні ў міліцыі. Перад сёньняшнім днём мясцовыя актывісты казалі, што іх у міліцыю не выклікалі.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Арганізатары запрашаюць мінакоў на маўклівую прагулку

У Гомелі маўклівую акцыю пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку», своеасаблівы прамэнад на паветры, вырашана аднавіць не на плошчы Леніна, а між прыпынкам грамадзкага транспарту «Фабрыка «8 сакавіка» і цыркам. Арганізатары праз інтэрнэт запрасілі мінакоў на маўклівую прагулку.

Калі двухсотмэтровы ўчастак будзе заблякаваны сілавікамі, арганізатары запрашаюць мінакоў на супрацьлеглы бок вуліцы Савецкай.

Любы неадэкватны чалавек альбо той, хто прыйдзе нападпітку, будзе разглядацца як правакатар. Арганізатары раяць таксама не прыносіць з сабой ні сьцягоў, ні плякатаў. Аднак тыя, хто гатовы да затрыманьня, па заканчэньні могуць пляскаць у далоні і скандаваць лёзунгі.

17 верасьня міліцыя затрымала Дзьмітра Шаўчэнку й Дзьмітра Карашкова, якія распаўсюджвалі ўлёткі пра аднаўленьне маўклівых акцыяў у горадзе. Абодвум прысудзілі арышт: Карашкову — на 3 сутак, Шаўчэнку — на 15. Апошні й цяпер за кратамі.

Удзельнікі маўклівых акцыяў пратэсту кажуць, што затрыманьнямі й арыштамі міліцыя запалохвае мінакоў.
Людзі дзеляцца інфармацыяй, проста выходзяць і размаўляюць.

Гаворыць спадар Ільля, адзін з распаўсюднікаў улётак:

«Матэрыял быў пра тое, каб у сераду, 21 верасьня, людзі не баяліся і выйшлі проста пагуляць ад цырку, фантану да фабрыкі „8 сакавіка“. Інфармацыйныя матэрыялы былі бязь лёзунгаў, без абразы нейкіх асобаў».

Суразмоўнік кажа, што ў людзей няма нейкай публічнай трыбуны, сродку масавай інфармацыі, каб абмеркаваць набалелыя праблемы. Таму прагулкі і сустрэчы «на паветры» — бадай, адзіны такі спосаб.

«Праваахоўныя органы ўспрымаюць гэтую прагулку як масавае мерапрыемства, хоць такім яно ня ёсьць. Людзі бязь лёзунгаў гуляюць, гутараць між сабой. У нас проста няма альтэрнатыўных сродкаў масавай інфармацыі, апроч інтэрнэту, які апошнім часам таксама блякуюць. Таму людзі дзеляцца інфармацыяй, проста выходзяць і размаўляюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG