Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Польская інтрыга"


Даўно вядома, што ў беларускай палітыцы шмат завязана на псыхалёгію аднаго чалавека. Апошнія падзеі — добрая ілюстрацыя гэтай тэзы. Возьмем цяперашні дыпляматычны канфлікт з Польшчай. Яго пачаткам паслужыў сюжэт у нядзельнай перадачы "Ў цэнтры ўвагі". Сапраўдная прычына чарговага "наезду" на Варшаву была прыхавана ў самым канцы сюжэту. Галоўны вораг беларускага рэжыму міністар замежных спраў Сікорскі быў абвінавачаны ў тым, што давёў да ведама мэдыяў інфармацыю пра сакрэтныя перамовы Лукашэнкі з кіраўніком баўгарскага замежнапалітычнага ведамства Младэнавым. Вось, аказваецца, з-за чаго разгарэўся ўвесь сыр-бор, а зусім не з-за Беларускага культурнага цэнтру ў Беластоку.

Дзеля таго каб дэзавуяваць свае абяцаньні Младэнаву, якія раптам сталі вядомыя грамадзкасьці, Лукашэнка 9 верасьня адмыслова сустрэўся з журналістамі. А каб адпомсьціць Сікорскаму, учынілі гэты дыпляматычны скандал.

Чаго раптам на гэтыя зьвесткі такая нэрвовая рэакцыя з боку афіцыйнага Менску? На першы погляд, яна нават выгодная кіраўніцтву Беларусі. Па-першае, гэта ціск на Расею. Маўляў — глядзіце, сьвет клінам на Маскве не сышоўся, калі вы будзеце выстаўляць занадта жорсткія ўмовы, то мы сыдзем на Захад. Можна ўзгадаць, як у 2008 годзе, напярэдадні важных сустрэч з крамлёўскімі лідэрамі, Лукашэнка дэманстратыўна прымаў нямецкага амбасадара Вайса.

Па-другое, гэта дэманстрацыя беларускаму грамадзтву, што, насуперак катэгарычным заявам эўрапейскіх палітыкаў, перамовы ідуць, няма ніякай міжнароднай ізаляцыі, пра якую кажа апазыцыя. Наадварот, гэтая інфармацыя павінна была паставіць эўрапейскіх палітыкаў у трохі няёмкае становішча. Яны ж цьвёрда абяцалі ня мець ніякіх афіцыйных дачыненьняў зь беларускім рэжымам да вызваленьня і рэабілітацыі ўсіх палітвязьняў. А вось жа — ня вытрымалі.

Але гэтыя відавочныя палітычныя плюсы для Лукашэнкі перавысіў адзін мінус, які мае больш псыхалягічны, чым палітычны характар. Адна рэч, калі вызваленьне палітзьняволеных, прапанову аб круглым стале можна прадставіць як добрую волю і гуманізм лідэра. І зусім па-іншаму ўсё выглядае, калі гэта адбываецца пад ціскам Захаду. У такім выпадку ў вачах падданых правадыр бачыцца слабаком, які капітуляваў у спаборніцтве з ЗША і ЭЗ.

Асабліва непрыемным быў рэзананс ад заявы пра круглы стол. Яна апынулася ў цэнтры ўвагі беларускай і замежнай грамадзкасьці, мэдыяў. Апазыцыйныя лідэры нават правялі нараду, выпрацавалі свае ўмовы. Галоўная зь іх — вызваленьне палітвязьняў. І цяпер атрымліваецца, што палітзьняволеныя пачалі выходзіць ня толькі пад ціскам Захаду (гэта яшчэ куды ні йшло, усё ж сур’ёзны праціўнік), але і сваіх "адмарозкаў", "пятай калёны"! А што падумае намэнклятура? Што "бацька" ўжо ня той, што быў, зусім аслаб, "не жылец".

І ўсё гэта падстроіў ненавісны Сікорскі. Лукашэнка расцаніў абнародаваньне згаданай інфармацыі як правакацыю, "польскую інтрыгу", якая можа тарпэдаваць нармальны закулісны торг з Захадам.

Нешта падобнае было на пачатку 2008 году. Тады таксама ў выніку таемных перамоваў былі вызваленыя палітвязьні. Загваздка адбылася толькі з Казуліным. Улады хацелі яго выслаць за мяжу, а той упіраўся. І ў самы крытычны момант торгу зьявіліся амэрыканскія эканамічныя санкцыі супраць "Белнафтахіму". Лукашэнка быў абураны, у выніку зь Беларусі выслалі большасьць дыпляматаў ЗША на чале з амбасадарам.

Цяпер жа ў адказ на "правакацыю" Сікорскага — толькі сюжэт па БТ да голая рыторыка. Маўляў, не, ніякага торгу няма, мы вызваляем вязьняў не пад ціскам Захаду, увогуле крэдыты нам асабліва і не патрэбныя, бо ніякага крызісу няма. А тым часам большасьць палітзьняволеных ужо на свабодзе.

Гэта значыць, што сытуацыя цяпер значна горшая, чым тры гады таму. І даводзіцца суняць сваю ганарлівасьць. Можа, сапраўды "бацька" ўжо слабы?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG