Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: "Трэба працаваць так, каб гэты даляр не абваліўся ніжэй за 5 тысяч"


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праблемы на валютным рынку краіны былі часовымі і ён упэўнены ў далейшым умацаваньні беларускага рубля.

"І што мы сёньня бачым, праз тыдзень, як вы захацелі рынкавага курсу, рынкавых адносін? Калі вам праўду сказаць, сёньня Міхаілу Ўладзіміравічу Мясьніковічу (прэм'ер-міністру — Інтэрфакс) і Надзеі Андрэеўне Ермаковай (кіраўнік Нацбанку — Інтэрфакс) трэба працаваць так, каб гэты даляр не абваліўся ніжэй за 5 вызначаных тысяч", — заявіў Лукашэнка ў часе паездкі па Менскай вобласьці.

Афіцыйны курс Нацыянальнага банку Беларусі: 1 даляр ЗША — 5 400 беларускіх рублёў.

21 верасьня на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы курс беларускага рубля зьнізіўся з 8030 да 8010 за адзін даляр.

19 верасьня курс складаў 8 430 за даляр.

У першы дзень дадатковых таргоў, 14 верасьня, даляр ЗША каштаваў 8600 беларускіх рублёў.

Валютны крызіс у Беларусі Лукашэнка назваў "панікай асобных групаў насельніцтва"

"Людзі — малайцы. Яны адразу зарыентаваліся: вось ён, высокі курс, і трэба хутка абменьваць на беларускія рублі. Прадпрыемствы трохі запазьніліся, але сёньня кожны дзень мы бачым прырост валюты ў прадпрыемстваў на біржы. Прытым у разы", — кажа Лукашэнка.

Кіраўнік краіны прызнае, што крызісная сытуацыя на валютным рынку "вымусіла нас павярнуцца ў патрэбны бок, падкарэктавацца". "Галоўны сэнс гэтай карэкціроўкі ў тым, што дурных грошай больш ня будзе, ніхто ўвальваць у эканоміку і сельскую гаспадарку шалёных грошай ня будзе", — паабяцаў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама заявіў: "Першыя крокі, калі мы пачалі стабілізаваць валютны рынак, пацьвярджаюць, што нельга спыняць жыцьцё, трэба будаваць малочна-таварныя фэрмы, вырабляць сельскагаспадарчую прадукцыю".

Лукашэнка верыць, што дэстабілізацыі сытуацыі ў Беларусі ня будзе: "Вось наша пятая калёна спрабуе разгайдаць нашу дзяржаву. Ніколі нічога ня ўдасца, калі ў цябе грамадзянін накормлены і апрануты".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG