Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У некаторых абменных пунктах беларускіх банкаў даляр упаў ніжэй за 7000 рублёў. Такім чынам, вызначаны на падставе попыту і прапановы рынкавы курс за тыдзень умацаваўся ў сярэднім на 1500 пунктаў. Што спрыяе росту вартасьці нацыянальнай валюты пасьля паўгоду такога ж імклівага падзеньня?

Па выніках сёньняшніх таргоў на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рубель адваяваў у даляра яшчэ 20 пунктаў, зафіксаваўшыся на адзнацы 8010. У параўнаньні зь першымі таргамі, якія адбыліся роўна тыдзень таму, прырост склаў амаль 600 рублёў.

На біржавыя навіны неадкладна адрэагавалі камэрцыйныя банкі. Калі яшчэ раніцай 20 верасьня абменныя пункты прымалі даляр у сярэднім па 8000 рублёў, то сёньня максымальная прапанова — 7550, а некаторыя банкі ўсталявалі паказьнікі на ўзроўні 6900. Паказальна, што афіцыйны курс рубля штодня зьніжаецца, ушчыльную наблізіўшыся да 5500 за даляр. У чым сакрэт рэанімацыі беларускай валюты? Колішні кіраўнік Беларускай фондавай біржы Валеры Кругавы перакананы — у адміністрацыйным уплыве:

"Тое, што ім кажуць, тое яны і выстаўляюць, разумееце? Усё гэта — ручное
Даляр умацоўваецца паўсюдна, а ў адной маленькай Беларусі ён, прабачце, слабее ...

кіраваньне. Аб'ёмы зьдзелак на гэтых дадатковых сэсіях таргоў — мізэрныя. І ўжо гэта ўскосна сьведчыць на тое, што мае месца адміністрацыйнае рэгуляваньне. Заяўляюць: беларускі рубель умацоўваецца, даляр падае. Ну не сьмяшыце вы людзей! Ува ўсім сьвеце даляр расьце, ідзе другая хваля крызісу. Даляр умацоўваецца паўсюдна, а ў адной маленькай Беларусі ён, прабачце, слабее. Ну што сказаць? Ня трэба быць экспэртам, каб зрабіць выснову, што ўсё гэта — чухня сабачая. Гэта чыста адміністрацыйнае рэгуляваньне. Толькі ў адрозьненьне ад іншых краінаў, дзе адміністрацыйнае рэгуляваньне ідзе праз прыняцьце законаў, праз распараджэньні, тут па-ранейшаму дзейнічае тэлефоннае права. Тое ж самае тэлефоннае права, толькі ў эканоміцы".

На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка прызначыў старшыню Нацыянальнага банку Надзею Ермакову ўпраўляючай МВФ ад Рэспублікі Беларусь. Фактычна спадарыня Ермакова атрымала карт-блянш на перамовы з гэтай структурай аб фінансавай дапамозе для Менску. Сёньня ў суправаджэньні міністраў эканомікі і фінансаў яна выправілася ў Вашынгтон, дзе падчас штогадовай нарады з удзелам кіраўнікоў МВФ і Ўсясьветнага банку будзе схіляць патэнцыйных донараў да супрацоўніцтва. Напярэдадні яна пацьвердзіла, што патрэбы Беларусі застаюцца ранейшымі:

Надзея Ермакова

"Мы спадзяемся, што да канца кастрычніка ўжо пачнецца дадатковая праца ці дадатковыя перамовы па новым крэдыце. Папярэдне вызначаліся прыблізна ў межах 5—8 мільярдаў даляраў, але, магчыма, такія сумы нам і не запатрабуюцца. Перадусім гэта будзе залежаць ад таго, як МВФ ацэніць нашы захады. Тое, што мы зрабілі першыя крокі на стабілізацыю ці па выхадзе на адзіны курс, яны ўхвалілі. Ну, і другое, што вельмі значна ня толькі для МВФ, але і для нас саміх, — гэта структурныя пераўтварэньні ў нашай эканоміцы і выхад на эфэктыўную працу эканомікі".

Адна з умоваў, каб Беларусь атрымала дапамогу ад МВФ, — выхад на адзіны раўнаважны курс. Беларускія ўлады абяцаюць дасягнуць адзінства на ўсіх сэгмэнтах рынку да сярэдзіны лістапада. Праўда, экспэрты ставяць падобныя прагнозы пад сумнеў, бо пры цяперашнім разьвіцьці сытуацыі хуткая стабілізацыя выглядае малаверагоднай. У банках кажуць, што людзі перасталі несьці валюту ў абменьнікі пасьля таго, як курс пачаў набліжацца да 7000 рублёў за даляр. Ня хочуць прадаваць СКВ па цяперашнім, зь іх гледзішча, яўна заніжаным курсе і экспартэры. Як кажа эканаміст Сяргей Балыкін, спроба найхутчэй зблізіць камэрцыйны курс з афіцыйным можа скончыцца рэанімацыяй чорнага рынку:

Сяргей Балыкін

"Цалкам натуральна, што мы дайшлі да такога стану. Хоць адзін час журналісты і наракалі: маўляў, нашы эканамісты пастаянна прадказваюць крызіс, а поўнамаштабнага крызісу ў нас усё няма і няма. Але я калі паглядзеў на ўсё тое, у чым мы жывём, на кошты, на валютныя курсы, на тое, што адбываецца навокал, дык у нас пэрманэнтны крызіс, у нас пастаянна дрэнна. Бывае, крыху адпусьціць, але ж потым зноў навальваецца, з новай сілай. То бок усе тэндэнцыі заўсёды былі выключна нэгатыўныя. Іншая рэч, што гэта ня рэзкае было падзеньне, а неяк паступова, паступова. А да такога стану нібыта і прызвычайваесься — як у вядомым анэкдоце пра цьвік у адным месцы".

Міжнародны валютны фонд таксама ня надта падзяляе аптымізм беларускіх уладаў што да абяцаньняў стабілізаваць эканамічную сытуацыю. У абноўленым дакладзе "Пэрспэктывы разьвіцьця сусьветнай эканомікі" наўпрост гаворыцца: эканоміка Беларусі рэзка запавольваецца з-за скарачэньня ўнутранага попыту на тле валютнага крызісу і пераарыентацыі патокаў капіталу. Прагноз тэмпаў росту эканомікі на 2011 год скарэктаваны з 5,5% да 5%, тым часам як інфляцыя ў Беларусі сёлета перавысіць 65%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG