Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Нашаму пакаленьню добрага жыцьця, відаць, ужо не дачакацца..."


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі "Паштовая скрынка 111". Эфір 21 верасьня 2011 году

Значную частку пошты "Свабоды" па-ранейшаму складаюць лісты на тэму цяперашняга бязладзьдзя, якое пануе ў беларускай эканоміцы. Куды падзелася адносная стабільнасьць, якой так хвалілася ўлада на працягу апошніх гадоў? Чаму ніхто не панёс адказнасьці за правалы ў эканамічнай палітыцы?

Адзін са слухачоў, якія спрабуюць адказаць на гэтыя пытаньні ў сваіх лістах на "Свабоду", — Барыс Руцько зь Менску, з допісу якога пачну сёньняшнюю размову. Ён піша:

"Сёньня ўжо ўсім відавочна, што фінансава-эканамічны крызіс у Беларусі паглыбляецца. А гэта значыць, што будуць расьці кошты на прадукты харчаваньня, камунальныя паслугі, праезд і г.д. І ў такой сытуацыі дзяржаўныя прадпрыемствы Беларусі існаваць ня змогуць. Ім давядзецца замарожваць зарплаты. А ўсе ўзрослыя выдаткі лягуць на сабекошт, так што ніхто нічога ў іх купляць ня будзе. У грамадзтве будуць нарастаць пратэставыя настроі, абурэньне і незадаволенасьць дзейнай уладай. Такім чынам, сытуацыя будзе набліжацца да ўсенароднага бунту.

Ці ня з гэтай прычыны Аляксандар Лукашэнка раптам захацеў, каб войскі АДКБ абаранялі збанкрутаваныя рэжымы ад народнага гневу? Відавочна, што Лукашэнка баіцца страціць уладу. Ён апасаецца ня толькі свайго народу, але і пагрозы звонку. І імкнецца цяпер цягнуць час, каб утрымацца ў крэсьле да выбараў 2015-га году. Ягоная ідэя круглага стала, якая раптам узьнікла на тле крызісу, — гэта адна з хітрых камбінацый дзеля ўтрыманьня ўлады любымі спосабамі. Але гэтая ўлада высьлізгвае зь ягоных рук. Цяпер ён, відаць, будзе сьпіхваць усё на ўрад: маўляў, гэта Мясьніковіч ды ягоныя міністры вінаватыя ў тым, што эканоміка абрынулася. А ён, Лукашэнка, тут ні пры чым..."
.

І кіраўніка ўраду, і міністраў, і ўвогуле ўсе больш-менш значныя пасады ў дзяржаве аж да намесьнікаў старшыняў райвыканкамаў разьмяркоўвае выключна Аляксандар Лукашэнка. Ён так доўга выбудоўваў гэтую сваю аўтарытарную піраміду ўлады і так упарта ўводзіў у вушы народу, што ўлада ў дзяржаве — гэта толькі ён, што народ за 17 год гэты тэзіс цьвёрда засвоіў. І ніякімі перастаноўкамі ўва ўрадзе, ніякімі абвінавачаньнямі на адрас пабочных сілаў перакласьці віну за крызіс на кагосьці іншага Лукашэнку ня ўдасца. Ён, відавочна, і сам гэта разумее, бо віноўнікаў асабліва не шукае. У якасьці апраўданьняў — чаму ў краіне зьнікла валюта і дзяржава апынулася на мяжы банкруцтва — Лукашэнка на працягу апошніх месяцаў паўтарае спасылкі на тое, што Расея падняла для Беларусі кошты газу і нафты і што беларускія грамадзяне вывезьлі валюту, купляючы за мяжой ужываныя іншамаркі. Апраўданьні ня надта пераканаўчыя — улічваючы той факт, што газ і нафту, нягледзячы на ўсе апошнія падаражэньні, Беларусь купляе ў Расеі ўсё роўна па коштах, значна ніжэйшых за сусьветныя. А ўжываныя іншамаркі беларусы амаль увогуле перасталі купляць яшчэ ў чэрвені. Валюта, аднак, пасьля гэтага ў беларускіх банках не зьявілася...

Пра некаторыя рэаліі сёньняшняга вясковага жыцьця паведамляе ў сваім новым лісьце на "Свабоду" Алесь Васілеўскі зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну. Ён піша:

"Трэба ўжо ня проста ўставаць з каленяў — трэба ўваскрасаць. Бо інакш нацыя проста вымра, — спачатку духоўна, а потым і фізычна — што ўжо і адбываецца зь вёскай. Летам яшчэ сяк-так, "зьбіралава" пчалінае дзеля выжываньня, а ўзімку ў нас — нібы ў магіле. Вясковец ужо ня мае ніякіх правоў у сябе дома і нават на гародзе. Хутка, можа, і рыдлёўку з рук адбяруць — каб ня выжыў нават. Чырвоныя камсамольцы-раскулачнікі цяпер ужо ў новых, так бы мовіць, рэвалюцыйных штанах і хустках, але душы ў іх тыя ж — прагныя да нажывы за кошт чужой працы. Вось цяпер рассылаюць паперы: тэрмінова зарэгіструйце свае хаты. Тым хатам па 60 гадоў — і ніхто нават за камуністамі не патрабаваў рэгістрацыі. Але "рэгістрацыя" — гэта толькі так завецца. Насамрэч патрабуюць выкласьці за нейкую паперку немалыя грошы. Ды яшчэ перад гэтым пахадзіць па кабінэтах, пакланяцца. Аказваецца, дамы нашы без гэтых паперак нам нібыта і не належаць. Цікава, можа, мы іх укралі некалі ў 40-я гады ў сталінскага рэжыму?.. Увогуле, цяжка на душы. Нашаму пакаленьню, відаць, добрага жыцьця ўжо не дачакацца. Надта шмат бруду пад нагамі, які, відаць, і падчас дэмакратыі невядома калі падсохне...".

Калі ў пасьляваенныя гады людзі на папялішчах сяк-так аднаўлялі спаленае альбо разбуранае жытло, уласнымі сіламі будавалі ў вёсках драўляныя хаты — ніхто, зразумела ж, не пытаў на гэта дазволаў і ўхваленьняў у бюро тэхнічнай інвэнтарызацыі ды раённага архітэктара. Цяпер улады, абгрунтоўваючы свае патрабаваньні розных дазволаў ды рэгістрацый, спасылаюцца на тое, што ў гэтай справе патрэбен парадак. Так, патрэбен. Але ня можа быць аднолькавага падыходу да рэгістрацыі новага чыноўніцкага катэджа ў Драздах і — спарахнелай драўлянай хаткі недзе ў барысаўскіх лясах. А ўлада ж імкнецца і з аднаго, і з другога ўладальніка спагнаць сотню-другую даляраў. Калі для гаспадара палаца коштам пад мільён даляраў гэта не праблема, то жыхар хаткі ў паніцы. Сама гэтая спарахнелая пабудова наўрад ці 200 даляраў каштуе. І скончыцца ўся задума, хутчэй за ўсё, тым, што як стаялі гэтыя хаты без дакумэнтаў — так і будуць стаяць. Пакуль ад старасьці не паваляцца.

Наступны ліст даслала нам Тамара Краўчук з Камянца Берасьцейскай вобласьці. Гэта — ліст-успамін, ліст-разважаньне над лёсам уласнай сям'і і краіны, над нялёгкім шляхам розных пакаленьняў беларусаў да свабоднага і годнага жыцьця. Спадарыня Тамара піша:

"Гэта было на пачатку 50-х гадоў. Мне тады было гадоў сем ці восем. Да нас у хату прыходзілі бацькавы сябры. Маці накрывала на маленькі столік — нібыта госьці. Але мужчыны сядалі не за стол, а слухалі радыё. У нас была вялікая радыёла: можа, трафэйная, а можа, немцы пакінулі. А магчыма, яшчэ зь Белавежы, дзе да вайны жылі мае родныя. У таты былі мянушкі "Балаховец" і "Палітыкан". Што праўда, ён у рэальнасьці быў і тым, і другім.

Дык вось, калі ў хаце пачыналі слухаць радыё, мяне з маёй крыху старэйшай за мяне сястрой выпраўлялі на вуліцу — пільнаваць, ці ня йдзе да нас хто чужы. Калі мы бачылі незнаёмага чалавека, то павінны былі стукаць у вакно.

Мяне тады ахоплівала такое дзівоснае пачуцьцё таямніцы! Мы адчувалі, што дапамагаем у нейкай патаемнай важнай справе. Толькі дарослай я зразумела, што мой бацька і ягоныя сябры слухалі тады заходнія радыёстанцыі — "Свабоду", "Голас Амэрыкі", Бі-Бі-Сі.

На жаль, тата рана памёр: мне было толькі 9 гадоў, а яму — 59. Мінулі цяжкое дзяцінства, школа. І настаў час, калі я сама стала слухаць тыя ж радыёстанцыі. Як я цяпер разумею свайго бацьку, прыкладаючы вуха да старэнькага прымача, каб пачуць родны голас беларускай "Свабоды"!

У савецкія часы я, назьбіраўшы за год грошай, пабывала па турыстычных пуцёўках у некалькіх краінах Эўропы. Бачыла, як адпачываюць старыя немцы на ўлоньні прыроды ў Саксоніі, прыехаўшы ў дамы адпачынку на ўласных "Трабантах". І думала пра няшчасную долю нашых пэнсіянэраў...

А потым разваліўся Савецкі Саюз. Якое цудоўнае тады было адчуваньне — колькі надзей і чаканьняў! Я была так узрушана, нібы мне падарылі нешта такое, пра што я марыла ўсё сваё жыцьцё і займець што дагэтуль не было ніякай надзеі. Гэта было так, нібы я ўсё папярэдняе жыцьцё была ў клетцы — а тут раптам мяне выпусьцілі на волю! Вось пра што марыў мой бацька!

Але нядоўга мы цешыліся... Вельмі шкада. Мне ўжо за 60. Няўжо "Свабоду" я буду толькі слухаць? Няўжо мне не наканавана пажыць ва ўмовах свабоднай дэмакратычнай краіны?"
.

Думаю, спадарыня Тамара, Вы агучылі думкі, пачуцьці, чаканьні і расчараваньні тысяч і тысяч беларусаў вашага пакаленьня. Ніякія аналітыкі ды прагназісты ня здольныя прадказаць, якім будзе далейшы лёс беларускай дзяржавы, ці хутка грамадзяне Беларусі зноў адчуюць той смак свабоды, які так хмяліў і натхняў на пачатку 90-х гадоў. І ўсё ж многія і многія ў Беларусі не без падстаў спадзяюцца і вераць, што 17 год — дастатковы тэрмін для таго, каб грамадзтва асэнсавала, якую цану заплаціла за ўласныя ілюзіі ды памылкі, і знайшло ў сабе сілы зьмяніць уласны лёс.

І на заканчэньне — ліст-падзяка, ліст-просьба ад Генадзя Маркоўскага з Маладэчна. Слухач піша:

"Слухаю вас не адзін дзясятак гадоў. Вельмі рады, што ў сваіх перадачах вы закранаеце ўсе пытаньні, якія хвалююць кожнага жыхара, які па-сапраўднаму любіць сваю краіну і мову, цэніць незалежнасьць. Вы даносіце да слухача ўсё тое, што немагчыма пачуць на іншых хвалях.

А турбуе мяне адна праблема. Вось я ведаю, што некаторым слухачам вы прэзэнтуеце за званкі кароткахвалевыя прымачы. Хачу запытацца: а ці нельга было б набыць у вас такі прымач за грошы? Справа ў тым, што мой прымач вельмі стары — "ВЭФ-202" савецкай вытворчасьці. Ён, напэўна, ужо адпрацаваў сваё: рамантаваць яго ў майстэрні не бяруцца. Слухаць па ім перадачы на кароткіх хвалях вельмі складана. А набыць новы прымач няма дзе"
.

І падобных просьбаў мы атрымліваем ад сваіх слухачоў вельмі шмат. На жаль, радыё ня мае магчымасьці задаволіць іх усе. Гандлем мы, вядома ж, не займаемся. А тую невялікую колькасьць прымачоў, якую маем у сваім распараджэньні, высылаем у якасьці прызоў пераможцам розных конкурсаў, найбольш актыўным нашым аўтарам.

Запрашаем да ўдзелу ў гэтых конкурсах і вас, спадар Генадзь.

Паўтару таксама сваю традыцыйную параду ўсім, хто ўжо сутыкнуўся альбо неўзабаве сутыкнецца з такой жа праблемай. Кампутар, інтэрнэт, спадарожнікавае тэлебачаньне перастаюць быць раскошай і ў многіх беларускіх сем'ях. Калі ня самі, дык з дапамогай дзяцей і ўнукаў навучыцеся слухаць "Свабоду" з дапамогай новай тэхнікі. І ня толькі слухаць, але і глядзець, чытаць, самім удзельнічаць у стварэньні нашага радыё.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на "Свабоду". З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма "Паштовая скрынка 111" выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG