Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога кандыдата на прэзыдэнта этапавалі з Наваполацку ў баруйскую калёнію ПК-2.

Ірына Халіп, жонка Саньнікава, атрымала тэрміновую тэлеграму з паведамленьнем пра гэта.

Халіп лічыць, што перавод у іншую калёнію – гэта спроба націснуць на Андрэя Саньнікава. У Наваполацкай калёніі ён карыстаўся аўтарытэтам у зьняволеных.

"Дапускаю, што адміністрацыя Наваполацкай калёніі адмовілася "прэсаваць" Андрэя наконт памілаваньня – да яго нават ні разу з гэтым не зьвярталіся. Магчыма, "бабруйскія"апынуліся згаворлівей", – заявіла Халіп.

"Гэта сьведчаньне пра тое, што Андрэя Саньнікава ніхто не зьбіраецца вызваляць, і ўсе гэтыя абяцаньні –ня болей за чарговую спробу ўвесьці ўвесь сьвет у зман. Калі б кандыдата на прэзыдэнта зьбіраліся вызваляць, то ніхто не пераводзіў бы яго ў іншую калёнію", – заявіла жонка палітыка сайту charter97.org.

У Бабруйскай калёніі адбываў пакараньне палітвязень Дзьмітры Дрозд.

"Хаця б параўнайце, дзе знаходзіцца наваполацкая калёнія і бабруйская. Наваполацкая знаходзіцца фактычна ў прамзоне, там паўсюль заводы. І я ня ведаю, чым там дыхаюць людзі. А бабруйская калёнія — далёка ад гораду і непадалёк ад ракі Бярэзіны. Дык у сэнсе экалёгіі ў бабруйскай лепей. Пра адміністрацыю са свайго досьведу скажу: адэкватныя людзі, якія не дапусьцяць "бязьмежжа". Афіцэры там нармальныя. Але яны будуць рабіць тое, што ім загадаюць", — сказаў "Свабодзе" Дзьмітры Дрозд.

13 траўня Андрэя Саньнікава асудзілі на 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG