Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая акцыя «маўклівага пратэсту»


21 верасьня ў Менcку і рэгіёнах былі заплянаваныя акцыі пад лёзунгам: «Хопіць цярпець! — рост цэнаў, дэвальвацыю, „бязьмежжа“ міліцыі, дзяржаўную прапаганду і абяцаньні ўлады!». У Менску акцыя скончылася воплескамі.


Акцыя маўклівага пратэсту ў рэгіёнах



Глядзець вялікую мапу Акцыя маўклівага пратэсту ў рэгіёнах, 21 верасьня 2011

20:10 Частка ўдзельнікаў акцыі дайшла па вуліцы Леніна да ратушы на плошчы Свабоды, і там усе разышліся. Затрыманьняў не зафіксавана.

20:05 Відавочцы кажуць, што бачылі, як міліцыянты павялі аднаго з удзельнікаў акцыі ў «варанок». Іншых затрыманьняў пакуль не зафіксавана.









20:00 Удзельнікі акцыі скончылі пляскаць у далоні і пачалі разыходзіцца

19:55 Аплядысмэнты доўжацца ўжо звыш 10 хвілінаў. Моладзь пачала скандаваць «Пераменаў!». Міліцыянты па-ранейшаму ня ўмешваюцца.




Зьлева — былы палітвязень Сяргей Казакоў.
19:50 Берасьце. Ад 19-й гадзіны на праспэкце імя Машэрава былі заўважаны групы ўдзельнікаў маўклівай акцыі. Яны гучна размаўлялі па-беларуску, абмяркоўвалі ў голас сацыяльныя праблемы. Міліцыянты і супрацоўнікі КДБ назіралі за актывістамі, але затрыманьняў не праводзілі. Праглядалі толькі дакумэнты ў асобных мясцовых журналістаў.

Бліжэй да 20-й гадзіны ўдзельнікі малапрыкметнай сёньня маўклівай акцыі пачалі разыходзіцца.

Карэспандэнт «Свабоды» таксама паведамляе, што міліцыянты й супрацоўнікі КДБ дзяжурылі на плошчах у Баранавічах і Пінску. Там таксама міліцыянты правяралі ў некаторых мінакоў дакумэнты, але паводзілі сябе карэктна, нікога не затрымлівалі.

Воплескі каля McDonald’s
19:45 Тых, хто пляскае ў далоні, некалькі дзясяткаў чалавек. Яны перайшлі з праспэкту Незалежнасьці на вуліцу Леніна. Міліцыянты іх не чапаюць.

19:40 Горадня. Маўклівая акцыя была заплянаваная на вуліцы Савецкай, даўжыня якой 500 мэтраў. Загадзя было дамоўлена, што ўдзельнікі будуць хадзіць уздоўж праезнай часткі гэтай вуліцы. Але ў цёплы верасьнёўскі вечар тут можна было заўважыць усяго некалькі асобных мясцовых дэмакратычных актывістаў. Наш карэспандэнт таксама заўважыў, што паблізу вуліцы Савецкай дзяжурылі «двойкі» міліцыянтаў й сям-там людзі у цывільнай вопратцы.

19:35 Некалькі дзясяткаў чалавек на ганку McDonald’s пачалі актыўна пляскаць у далоні. Яны ў атачэньні журналістаў. Можа таму міліцыянты пакуль іх не хапаюць. Аўтамабілі сыгналяць у знак падтрымкі.




19:35 Салігорск. Незалежная журналістка Ларыса Насановіч паведаміла «Свабодзе», што акцыя маўклівых не адбываецца. Па словах суразмоўніцы, прадстаўнікам апазыцыйных партыяў і рухаў не ўдалося папярэдне дамовіцца між сабой «па пытаньнях фармату акцыі і яе зьместу»: «Большасьць лічыць, што сёньняшняя акцыя магла абярнуцца затрыманьнямі і тым самым нашкодзіць арганізацыі Народнага сходу, прызначанага ў Салігорску 8 кастрычніка»

19:25 Каля McDonald’s некалькі чалавек пачалі хлопаць, але калі да іх падышлі міліцыянты, то яны перасталі. Тым часам апазыцыйныя актывісты побач даюць інтэрвію журналістам, ад чаго ўтварыўся невялікі натоўп.

19:25 Барысаў. Грамадзкі актывіст Міхаіл Васільеў паведаміў «Свабодзе», што ў гэты час міліцэйскія аўтамашыны ДАІ блякуюць унутранае кальцо плошчы Леніна, не дазваляюць аўтамашынам блізка спыняцца. На самой плошчы знаходзяцца да 10 чалавек, якія займаюць тут некалькі лавак. Якіх-небудзь дзеяньняў зь іх боку няма. На думку Міхаіла Васільева, у Барысаве сёньня акцыя маўклівых не адбудзецца.

19:20 Гарадзеншчына. У Лідзе, Ваўкавыску, Слоніме, Наваградку і мястэчку Бярозаўка, дзе сёлета адбываліся сацыяльныя акцыі, сёньня ніхто з мясцовых актывістаў не прыйшоў. У кожным з гэтых паселішчаў на плошчах і цэнтральных вуліцах дзяжураць толькі так званыя «ціхары» — людзі ў цывільным.

Журналісты і спэзназ дзяжураць ля McDonald’s.
19:20 Інтэрнэт-карыстальнікі паведамляюць пра складанасьці з доступам да сайтаў «Радыё Свабода», «Беларускага партызана», «Хартыі-97», «Народных навінаў Віцебску», «Эўрарадыё», vkontakte.ru (паралельны адрас vk.com працуе).

19:15 На праспэкце прысутнічаюць два супрацоўнікі Генэральнай пракуратуры, якія сочаць за падзеямі. Удзельнікі акцыі фактычна ў разгубленасьці, яны ня ведаюць, як сябе праявіць. Паводле сцэнару плясканьне ў далоні не прадугледжваецца, а іншай формы выявіць сябе ўдзельнікі не прыдумалі.

19:10 Людзі — як выглядае, патэнцыйныя ўдзельнікі акцыі — сабраліся на ўчастку на праспэкце Незалежнасьці ад Цэнтральнай кнігарні да станцыі мэтро Кастрычніцкая. Там людзей значна больш, чым на іншых частках праспэкту. Міліцыянты робяць заўвагі журналістам, каб не перашкаджалі.

19:05 Магілёў. Тэатральны сквэр, у якім на 19:00 плянавалася сёньня маўклівая акцыя, ачэплены й заняты міліцыянтамі. Паводле карэспандэнта «Свабоды», міліцыянты заяўляюць, што праводзяць тут «манэўры па разьмініраваньні тэрыторыі». Удзельнікі акцыі зьбіраюцца цяпер на вуліцы Ленінскай, якая праз дарогу ад сквэру.

19:00 Каля McDonald’s (скрыжаваньне вуліцы Леніна і праспэкту Незалежнасьці) нічога надзвычайнага не адбываецца. У дварах шмат супрацоўнікаў міліцыі. Вуліцы не перакрытыя, людзі ходзяць безь перашкодаў. Прыкметаў акцыі няма.

18:50 Гомель. Затрыманы апазыцыйны актывіст Канстанцін Жукоўскі. Яго затрымалі пяцёра супрацоўнікаў міліцэйскага спэцназу. Яны схапілі Канстанціна і закрылі яму рот рукамі, закінулі ў службовы аўтамабіль і вывезьлі ў невядомым напрамку. У дварах ля гомельскага цырку, дзе мае адбыцца акцыя, знаходзіцца некалькі аўтамабіляў са спэцназаўцамі.

18:45 На Кастрычніцкай плошчы заўважаны добра знаёмы журналістам намесьнік начальніка менскай міліцыі Ігар Яўсееў, а таксама некалькі ягоных падначаленых.

18:35 Наша карэспандэнтка прайшла ад плошчы Незалежнасьці ў бок Кастрычніцкай плошчы. На ўсім працягу гэтага маршруту шмат міліцыянтаў у цывільным, многія зь іх журналістам ужо добра вядомыя. На праспэкце вельмі шмат мінакоў. Але пакуль патэнцыйныя ўдзельнікі акцыі, калі яны тут знаходзяцца, ніякімі дзеяньнямі сябе ня выявілі.

18:20 Каля меркаванага месца правядзеньня акцыі на праспэкце Незалежнасьці — канцэнтрацыя міліцыі і супрацоўнікаў у цывільным. Літаральна праз кожныя 10-20 мэтраў стаяць людзі зь відэакамэрамі.

Хуткая дзяжурыць ля будынку Аблвыканкаму.
Па вуліцы Энгельса перакрылі рух. Паркоўка толькі для машынаў без нумароў.
Аўтобус спэцназу міліцыі ў двары Менскага аблвыканкаму.

17:30 У Цэнтар Менску сьцягнутыя сілы МУС.


Глядзець вялікую мапу Акцыя маўклівага пратэсту, 21 верасьня 2011


16:31 Новы фармат «маўклівага пратэсту»: ні лёзунгаў, ні аплядысмэнтаў

15:54 Ластоўскі: «Калі міліцыя пачынае працаваць, то ў гэтую варонку можа зацягнуць»

Прэс-служба БАЖ зьвярнулася да прэс-сакратара ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандра Ластоўскага з просьбай патлумачыць: як, на яго думку, варта паводзіць сябе журналістам на вуліцах Менску падчас плянаванай на вечар 21 верасьня чарговай «маўклівай акцыі»?


10:26 Паўла Севярынца ня выпусьцілі на працу

10:00 Запіс ў блогу грамадзкага дзеяча Вінцука Вячоркі: «Быў агаломшаны навіной, якую прынесла дачка з гімназіі. Ім загадана прынесьці ад бацькоў даведку, дзе і з кім яны, дзеці, будуць 21 верасьня. А тых, у каго даведкі ня будзе, замкнуць у школе да 9-й вечара. Шчыра кажучы, мая 13-гадовая дачка, аматарка жывёлак і кампутарнага маляваньня, наагул нічога ня ведала пра чарговы інтэрнэт-пэрформанс, заплянаваны на 21 верасьня. Але даведалася... ў школе — дзякуючы жывёльнаму страху і дрымучаму ідыятызму вышэйшых уладаў, а таксама бяздумнаму халуйству чыноўнікаў ніжэйшых».

20 верасьня арганізатары акцыі выставілі патрабаваньні да ўладаў:

  • Гарантыя недатыкальнасьці ўкладаў і ашчаджэньняў грамадзянаў
  • Індэксацыя заробкаў, пэнсіяў і дапамогаў паводле стану на травень 2010 году і рынкавага курсу беларускага рубля.
  • Курс Нацбанку павінен фармавацца ў адпаведнасьці з рынкавым коштам, «а ня стуканьнем кулаком па стале».
  • Шырокая і адкрытая грамадзкая дыскусія пра эканамічную і палітычную сытуацыю ў краіне — дэбаты ў дзяржаўных мэдыях з удзелам прадстаўнікоў улады, апазыцыі, экспэртаў і эканамістаў.
  • Неадкладнае вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх палітычных зьняволеных.
  • Спыненьне рэпрэсіяў у дачыненьні да палітычных апанэнтаў, грамадзкіх дзеячаў, журналістаў і праваабаронцаў.
  • Рэальныя дзеяньні па выратаваньні беларускай мовы.
  • Увядзеньне льготнага альбо бясплатнага праезду на грамадзкім транспарце для навучэнцаў і студэнтаў усёй рэспублікі, а ня толькі Менску.
  • Свабодны продаж валюты без дакумэнтаў і рэгістрацыі зьдзелкі куплі-продажу.

Плян для Менску

21 верасьня ў 19:00 удзельнікі акцыі будуць зьбірацца на праспэкце Незалежнасьці на адрэзку ад гатэлю «Менск» да Кастрычніцкай плошчы (уваход у мэтро) на правым баку праспэкту (бок ГУМу, «McDonald’s»).

«Калі ўчастак правядзеньня заблякаваны супрацоўнікамі ўнутраных спраў, пераходзім на другі бок вуліцы / праспэкту або абыходзім гэты ўчастак па прылеглых вуліцах і ідзем далей. Калі заблякаваны ўвесь маршрут, то ў 19:30 ідзем усімі магчымымі шляхамі і спосабамі на Кастрычніцкую плошчу. Калі плочша заблякаваная, атачаем яе з усіх бакоў. Калі вольная, то ідзем да яе і праз некалькі хвілін разыходзімся. Імкнемся ісьці арганізавана, групамі... Пляскаем, выкрыкваем лёзунгі толькі ў тым выпадку, калі вы гатовыя да затрыманьня і гатовыя актыўна адбіваць навакольных ад «бандытаў у цывільным», — пішуць арганізатары акцыі.

Плян для абласных цэнтраў

Горад Месца
Горадня вул.Савецкая: на ўчастку ад пл. Леніна і далей да Савецкай пл.
Берасьце праспэкт Машэрава: ад скрыжаваньня з вул.Савецкай і да скрыжаваньня з бульварам Касманаўтаў
Магілёў вул.Леніна: ад Мураўёўскага сквэру да Зорнай плошчы
Віцебск вул.Леніна: ад ратушы да ЗАГСу
Гомель вул.Савецкая: ад прыпынку «8 сакавіка» і да прыпынку «Цырк»

Станьце карэспандэнтам «Свабоды»!
Зрабіце фота. Здыміце відэа.
Дашліце на адрасы rferl.minsk@gmail.com і svaboda@rferl.org
Пазваніце на тэлефон у Менску +375 17 266-39-52.



Першая акцыя адбылася 1 чэрвеня. Удзельнікі інтэрнэт-суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» зьвярнуліся да прыхільнікаў дэмакратычных перамен у Беларусі штотыдзень у вызначаны час моўчкі зьбірацца на галоўнай плошчы свайго гораду.

На другую акцыю на Кастрычніцкай плошчы у Менску сабралася больш за 200 чалавек. Моладзь сьпявала пад гітару. Затрыманьняў не было.

На акцыю 15 чэрвеня сабраліся тысячы чалавек у Менску, Берасьці, Віцебску, Гомелі, Горадні, Магілёве, Баранавічах, Барысаве, Воршы, Салігорску, Бабруйску, Мазыры, Маладэчне, Полацку, Слуцку, Вялейцы, Жодзіне, Лідзе і Кобрыне. Былі затрыманыя дзясяткі людзей. Большасьць адпусьцілі, дзясяткі былі аштрафаваныя.

29 чэрвеня тысячы людзей выйшлі на вуліцы сваіх гарадоў пляскаць у далоні. Затрыманыя сотні людзей, многія асуджаныя да адміністрацыйнага арышту на тэрмін ад 5 да 15 сутак.

3 ліпеня на Прывакзальнай плошчы ў Менску адбыўся жорсткі разгон. Людзі ў цывільным зьбівалі сустрэчных, у тым ліку выпадковых, і кідалі ў аўтобусы без нумароў. Было затрымана каля 100 чалавек толькі ў Менску. Большасьць асуджаны да адміністрацыйнага арышту.

На наступных акцыях пратэсту затрымлівалі сотні людзей, абвінавачвалі ў дробным хуліганстве, большасьць каралі арыштамі, меншасьць штрафавалі. Арганізатары мянялі месцы і формы правядзеньня акцыяў. Зьбіраліся каля супэрмаркетаў, ля Нацыянальнай бібліятэкі, настаўлялі на пэўны час будзільнікі ў сваіх мабільных тэлефонах.

20 ліпеня людзей зноў паклікалі на цэнтральныя пляцы гарадоў. У Менску было затрымана і асуджана некалькі дзясяткаў чалавек. Агулам лік удзельнікаў акцыяй на працягу ліпеня паступова зьмяншаўся.

27 ліпеня была спроба правесьці маўклівыя акцыі ў новым фармаце на цэнтральных рынках гарадоў. Гэтая, дзясятая па ліку, акцыя засталася практычна незаўважанай. Арганізатары вырашылі зрабіць перапынак.

Паводле праваабаронцаў, усяго падчас маўклівых акцыяў пратэсту было затрымана каля 2 тысяч чалавек, у тым ліку дзясяткі журналістаў.

Перад акцыяй 20 ліпеня тагачасны Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч папярэдзіў міліцыянтаў, што яны павінны быць у форме і прадстаўляцца, а таксама павінны выконваць закон аб СМІ і не перашкаджаць працы журналістаў.



Папярэднія акцыі:
27 ліпеня
20 ліпеня
13 ліпеня
6 ліпеня
3 ліпеня
29 чэрвеня
22 чэрвеня
15 чэрвеня

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG