Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярына Статкевіч: «Ня ведаю, як трактаваць гэтыя званкі»


Кацярына Статкевіч
Кацярына Статкевіч
Дачка Міколы Статкевіча Кацярына ў інтэрвію «Свабодзе» кажа пра чарговыя абяцаньні вызваліць палітвязьняў, пра тое, чаму бацьку дазваляюць тэлефанаваць у Нямеччыну і чаму яму забаранілі пісаць лісты.

Ганна Соўсь: Сёньня Аляксандар Лукашэнка чарговым разам паабяцаў вызваліць вязьняў Плошчы. «Вы ня верце таму, што кажуць і пішуць. Што мы зь некім будзем таргавацца гэтак званымі палітвязьнямі. Мы ні з кім не таргуемся. Калі мы можам што зрабіць для палягчэньня іх долі, у тым ліку ў інтарэсах Эўразьвязу, то мы гэта зробім, мы зробім гэта шчыра», — заявіў ён у размове з кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску Майрай Морай.

Ці вы верыце, што ваш бацька хутка выйдзе на свабоду?

Кацярына Статкевіч: Я вельмі спадзяюся, што гэта будзе. Але я ня ведаю, ці можна верыць гэтаму чалавеку, які абяцае вельмі шмат чаго.

Соўсь: Ваш бацька тэлефанаваў вам 14 верасьня, калі вызвалялі 11 палітвязьняў, 19 верасьня патэлефанаваў вашай сястры Ганьне ў Нямеччыну расказаў пра праблемы з траўмаванай рукой. Ці гэта былі першыя ягоныя тэлефанаваньні з-за кратаў?

Статкевіч: Гэта быў першы раз, калі яму ўдалося мне патэлефанаваць. Маёй сястры ён патэлефанаваў, як толькі прыбыў у калёнію, калі яму дазволілі некалькі тэлефонных званкоў зрабіць.

Соўсь: Сястра таксама ў Нямеччыне жыве?

Статкевіч: Так.

Соўсь: Ці не падаецца вам, што тое, што бацьку дазволілі вам патэлефанаваць цяпер, зьвязана з абяцаньнем Лукашэнкі вызваліць палітвязьняў, якое ён даў міністру замежных справаў Баўгарыі Младэнаву?

Статкевіч: Я ня ведаю, як трактаваць гэтыя званкі і тое, чаму менавіта цяпер дазволілі яму патэлефанаваць. Я думаю, што сапраўды гэта зьвязана з тым, што Лукашэнка цяпер ня ведае што рабіць, каб вылезьці з той сытуацыі, у якую ён сам сябе загнаў. Альбо яны спадзяюцца, што калі дадуць патэлефанаваць, ён нешта падпіша, альбо яны думаюць, што мы зь сястрой будзем яго ўгаворваць падпісаць прашэньне аб памілаваньні, якое яны мараць, каб ён падпісаў.

Соўсь: Як ваша перапіска з бацькам? Ці даходзяць лісты?

Статкевіч: Яму нельга пісаць лісты. Яму гэта забаранілі. Ён мне казаў, што калі ён піша лісты, іх забіраюць і зьнішчаюць, а потым караюць усю брыгаду, дзе ён працуе. Таму ў гэтай сытуацыі ён іх і ня піша. На ўсе скаргі дзядулі, што не даходзяць лісты ад сына, быў нядаўна дадзены зьдзеклівы адказ, што зь Міколам Статкевічам была праведзена тлумачальная размова, чаму ён ня піша свайму бацьку. Такімі мэтадамі яны там працуюць. Нашы лісты даходзяць да яго вельмі рэдка. Калі ён мне патэлефанаваў, ён пасьпеў сказаць, што апошні мой ліст атрымаў 2 жніўня. А я яму пішу кожны тыдзень. А да 2 жніўня ён таксама вельмі доўга не атрымліваў ад нас лістоў.

Соўсь: Вы прыедзеце ў Беларусь, калі бацьку вызваляць?

Статкевіч: Думаю, што прыехала б з задавальненьнем. Я год не была ў Беларусі...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG