Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кааліцыя “За Эўрапейскі кантынэнт бязь візавых межаў” заклікае паскорыць візавую лібэралізацыю


Міжнародная кааліцыя “За Эўрапейскі кантынэнт бязь візавых межаў”, зьвярнулася да кіраўнікоў краін ЭЗ і “Усходняга партнэрства” з просьбай паскорыць працэс візавай лібэралізацыі.

Сябры кааліцыі лічаць, што візавая лібэралізацыя была б “перамогай для ўсіх бакоў”, уцягнутых у працэс. Экспэрты сьцьвярджаюць, напрыклад, што “шляхам правядзеньня рэформаў у галінах памежнай бясьпекі, паліцэйскага супрацоўніцтва і абмену інфармацыяй краіны “Усходняга партнэрства” змогуць умацаваць агульную бясьпеку, а таксама дасягнуць высокага ўзроўню даверу ў дачыненьнях з ЭЗ па супрацоўніцтве ў барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю, гандлем людзьмі альбо нелегальнай міграцыяй”. У той жа час, выгоды ад узаемных бязьвізавых падарожжаў атрымае і эўрапейскі бізнэс, а таксама турыстычная індустрыя па абодва бакі Шэнгенскай заслоны.

У супольным звароце гаворыцца, што “неабходна як мага хутчэй перайсьці да наступнага этапу пляну дзеяньняў для Ўкраіны і Малдовы, пачаць рэалізацыю адпаведнага пляну для Грузіі, а ў выпадку Беларусі, Азэрбайджану і Армэніі падпісаньне Дамоваў па спрашчэньні візавага рэжыму і рэадмісіі мусіць зрабіцца прыярытэтам”. На думку сяброў кааліцыі, неабходна таксама паскорыць выкананьне нормаў і палажэньняў, якія прадугледжаны ўжо існуючымі Дамовамі па спрашчэньні візавага рэжыму і Візавым кодэксам, бо пакуль што яны не сталі эфэктыўным інструмэнтам палягчэньня сытуацыі і ня мелі значнага ўплыву на візавыя працэдуры.

Кааліцыя “За Эўрапейскі кантынэнт бязь візавых межаў” была заснавана ў Варшаве, 26 лістапада 2010 г. зь ініцыятывы фонду Стэфана Баторыя. Сёньня яе сябры – больш за 30 грамадзкіх арганізацый з розных куткоў Эўропы, у тым ліку і “Офіс за дэмакратычную Беларусь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG