Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жэнэве патрабуюць вызваленьня беларускіх палітвязьняў


На чарговай сэсіі Рады ААН па правах чалавека ў Жэнэве абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі. На пасяджэньні прадставілі даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Таксама адбылася імпрэза, прысьвечаная сытуацыі вакол арышту Алеся Бяляцкага.

У дакладзе зьвяртаецца ўвага на падзеі 19 сьнежня ў Менску, разгон дэманстрацыі і крымінальны перасьлед вялікай колькасьці грамадзянаў. Таксама адзначаецца ціск на няўрадавыя арганізацыі і праваабаронцаў. Асобна гаворыцца пра арышт і крымінальную справу, пачатую супраць кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна", віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алеся Бяляцкага. Прысутны на сэсіі праваабаронца Валянцін Стэфановіч распавёў:

Валянцін Стэфановіч

"Гаварылася таксама пра супрацоўніцтва Беларусі з ААН, што былі звароты ад спэцдакладчыкаў, ад вышэйшага камісара з мэтай наведаць краіну, і адказу ніякага не было. Але зараз сказалі, што Мартынаў нібыта запрасіў вышэйшага камісара наведаць Беларусь. Ну, і адзначылі апошняе вызваленьне палітвязьняў. Вышэйшы камісар вітае гэтыя крокі і спадзяецца, што Беларусь насамрэч жадае зьменаў ва ўнутранай палітыцы".

Тым часам беларускае афіцыйнае прадстаўніцтва распаўсюдзіла тэкст сваёй заявы, у якой сьцьвярджаецца, што ўлады дзейнічалі 19 сьнежня ў межах сваіх паўнамоцтваў, а дзеяньні дэманстрантаў нібыта мелі гвалтоўны характар. У гэтым жа ключы на сэсіі выступіў сталы прадстаўнік Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве Міхаіл Хвастоў.

"Хвастоў сказаў, што Беларусь прыняла большасьць рэкамэндацыяў паводле працэдуры UPR, што няпраўда. Бо тыя асноўныя рэкамэндацыі, якія выносіліся па адмене артыкула 193-1 і іншых рэчаў, Беларусьсю не прымаліся. Прынятыя другасныя, агульнага зьместу рэкамэндацыі".

Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, даклад вышэйшага камісара ААН быў даволі крытычны і адлюстроўваў рэальную сытуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў Беларусі.

"Яны, магчыма, пазьбягалі рэзкіх заяваў, казалі, што "выклікае шкадаваньне" ці "мы з жалем адзначаем", "выклікае заклапочанасьць". Асобна былі адзначаны выпадкі ціску на адвакатаў, што шмат хто зь іх пазбаўлены ліцэнзій. Па зьмесьце ён досыць-такі поўны. Там рэкамэндацыі ёсьць. Адна зь іх — найхутчэйшае і безумоўнае вызваленьне ўсіх палітычных апанэнтаў і актывістаў, журналістаў, якія не былі задзейнічаныя ні ў якім гвалце. Каб былі расьсьледаваныя ўсе выпадкі катаваньняў, што гэта выклікае вельмі вялікую трывогу. І таксама — неадкадна спыніць усе формы палітычнага і адміністрацыйнага перасьледу праваабаронцаў, журналістаў і палітычных апанэнтаў. Запрасіць у краіну місію па правах чалавека".

Валянцін Стэфановіч апавёў, што ў сваім выступе падчас дыскусіі, якая пройдзе 21 верасьня, ён найперш запатрабуе неадкладнага вызваленьня Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязьняў. Таксама па сытуацыі ў Беларусі выступяць прадстаўнікі яшчэ трох міжнародных праваабарончых арганізацый.

Сёньня ж у Жэнэве адбылася імпрэза, адмыслова прысьвечаная сытуацыі вакол Алеся Бяляцкага. Яе арганізавалі праваабарончыя інстытуцыі. Валянцін Стэфановіч распавёў, што на ёй выступілі прадстаўнікі Польшчы, Нямеччыны, Вугоршчыны, кіраўнік дэлегацыі Эўразьвязу ў Радзе па правах чалавека ААН Дымітрыс Іліопалас, а таксама "Міжнародная амністыя","Human Rights Watch", "Civicus".

"Міжнародная амністыя" яшчэ раз пацьвердзіла, што адназначна лічыць Алеся Бяляцкага вязьнем сумленьня ...

"Міжнародная амністыя" яшчэ раз пацьвердзіла, што адназначна лічыць Алеся Бяляцкага вязьнем сумленьня. Дымітрыс Лопалас зачытаў заяву ад ЭЗ. Ён запатрабаваў неадкладнага вызваленьня Алеся Бяляцкага і ўсіх палітвязьняў. Было адназначна сказана, што гэта палітычна матываваны перасьлед праваабаронцы за праваабарончую дзейнасьць".

Сёньня ж у Менску сьледчая Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Тацяна Касынкіна адмовіла жонцы Бяляцкага Натальлі ў хадайніцтве аб спатканьні. Яна ня бачылася з мужам ад 5 жніўня. Прычына адмовы не паведамляецца. Спадарыня Натальля распавяла:

"Я не бяруся камэнтаваць. Была спроба неяк атрымаць спатканьне, але адмову ў той жа дзень, як падала заяву, атрымала".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG