Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Кітайцы прагматычныя, на нейкія "сяброўскія" саступкі яны ніколі не ідуць"


Ці павінна Беларусь асьцерагацца кітайскай эканамічнай экспансіі? На якіх умовах Пэкін гатовы падтрымаць афіцыйны Менск? Экспэрты, знаёмыя з кітайскім падыходам да перамоваў, лічаць, што ніякіх саступак, якія грунтуюцца на сяброўскіх дачыненьнях, Кітай ніколі ня робіць.

"Беларусь зьяўляецца вельмі пэрспэктыўным і надзейным сябрам Кітаю ў цэнтры Эўропы. Мы заўсёды адкрыта заяўляем і падкрэсьліваем, што мы ганарымся такімі блізкімі і цеснымі адносінамі з нашымі кітайскімі сябрамі", — заявіў Аляксандар Лукашэнка 19 верасьня на сустрэчы ў Менску са старшынём сталага камітэту Ўсекітайскага сходу народных прадстаўнікоў У Банго.

У той час калі многія дзяржавы ў сьвеце фактычна ня ведаюць, як засьцерагчыся ад кітайскага эканамічнага пранікненьня, аберагаюць свае вытворчасьці ад кітайскіх канкурэнтаў, у Беларусі дзяржаўныя структуры адчыняюць перад кітайцамі ўсе дзьверы. Той жа Лукашэнка паабяцаў "заахвочваць і ствараць самыя спрыяльныя ўмовы для працы кітайскіх кампаній у Беларусі". Чаму гэта робіцца?

Кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі лічыць, што рэвэрансы афіцыйнага Менску перад Пэкінам робяцца не ад добрага жыцьця, а ад безвыходнасьці:

Аляксандар Класкоўскі

"Абрынулася "братняя інтэграцыя" з Расеяй, а дакладней, даеньне Расеі, і цяпер даводзіцца "прычэплівацца" да Кітаю. Нездарма Лукашэнка казаў, што кітайскі лякаматыў нас выцягне. Але ўсе гэтыя дэклярацыі пра стратэгічнае партнэрства аднабаковыя, бо Кітай ва ўпор ня бачыць гэтую маленькую Беларусь. Вядома, кітайцы, як прагматычныя людзі, даюць зьвязаныя крэдыты, каб рэалізаваць сваё абсталяваньне і задзейнічаць сваю працоўную сілу. І яны бяруць сабе тое, што ім трэба, уключна з ваеннымі тэхналёгіямі. Але для Беларусі эфэкт мінімальны — на парадак меншы, чым гэта дэкляруецца ў піяраўскіх мэтах".

Гісторыя апошніх дзесяцігодзьдзяў ведае нямала прыкладаў кітайскага эканамічнага, гандлёвага пранікненьня ў краіны трэцяга сьвету, асабліва ярка такія прыклады выяўляюцца ў Афрыцы. Вынікам кітайскіх крэдытаў часта робіцца поўны захоп кітайцамі цэлых галінаў эканомікі той ці іншай краіны. На чым грунтуецца стратэгія Кітаю, ці варта Беларусі яе асьцерагацца? На гэтае пытаньне адказвае адмыслоўца па Кітаі, які шмат гадоў правёў у гэтай краіне, аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Андрэй Шараградзкі:

Андрэй Шараградзкі

"Кітай заўсёды шукае матэрыяльную выгаду і звычайна дабіваецца яе. Перамовы кітайцы вядуць з гэтых пазыцыяў, пра нейкія саступкі, якія грунтуюцца на сяброўскіх дачыненьнях, гаварыць не даводзіцца. Звычайна гэта вельмі рацыянальная і матэрыяльная палітыка.

З гэтага пункту гледжаньня варта разглядаць і эканамічныя дачыненьні паміж Кітаем і Беларусьсю. Відавочна, Лукашэнка мае патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе, а Кітай можа яе прадставіць. Але, я ўпэўнены, Пэкін у адказ запатрабуе нейкіх ільготаў ці беларускіх актываў, якія маюць рэальную каштоўнасьць. Паўтаруся, Кітай заўсёды вядзе палітыку выключна прагматычна, менавіта ў матэрыяльным значэньні гэтага слова".
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG