Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка спадзяецца на перазагрузку дачыненьняў з Эўразьвязам


Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў сёньня, прымаючы даверчыя граматы ад амбасадара Майры Моры, якая стала кіраўніцай прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі. Лукашэнка лічыць магчымым разьвязаньне супярэчнасьцяў, якія існуюць паміж Менскам і Брусэлем. У прыватнасьці, ён чарговы раз выказаўся наконт праблемы палітвязьняў.

Амбасадар Майра Мора ачоліла прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі. Дагэтуль кіраўнік прадстаўніцтва, якое ахоплівала адразу дзьве краіны — Украіну і Беларусь, знаходзіўся ў Кіеве. А ў Менску працаваў часовы павераны Жан-Эрык Гольцапфэль. Ён ужо пакінуў Беларусь і чакае новага прызначэньня.

За келіхам шампанскага Лукашэнка размаўляў з Морай як з добрай знаёмай. Яна некалькі год узначальвала дыпляматычную місію Латвіі ў Беларусі. Лукашэнка заклікаў спадарыню Мору да зьняцьця бар'ераў паміж Беларусьсю і Эўропай:

"Я хачу, каб мы, як суседзі, па-людзку, як у нас з вамі гавораць, па-чалавечы жылі. Каб мы не глядзелі адзін на аднаго праз плот, навошта нам гэта трэба?".

Мойра: "Давайце будзем дэмантаваць гэтыя платы".

"Цалкам слушна. І мы да гэтага гатовыя. Мы да гэтага гатовыя".

У гэтай жа размове Лукашэнка закрануў і палітвязьняў: Як перадае "Інтэрфакс", ён, у прыватнасьці, сказаў:

"Калі мы можам зрабіць нешта для палягчэньня долі асуджаных, у тым ліку ў інтарэсах Эўразьвязу, дык мы гэта зробім, мы зробім гэта шчыра".

Да сёньняшніх выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі трэба ставіцца стрымана, лічыць палітоляг Андрэй Фёдараў:

Андрэй Фёдараў

"Яго словы не заўсёды азначаюць справы. Напрыклад, былі словы пра дыялёг. І было відавочна, што меўся на ўвазе дыялёг з апазыцыяй. А потым словы былі ўзятыя назад.

У дадзеным выпадку, праўда, можна меркаваць, што для беларускага кіраўніцтва сапраўды патрэбна наладжваньне дачыненьняў з Захадам і Эўразьвязам у прыватнасьці. І тыя крокі, якія цяпер робяцца, у прынцыпе адпавядаюць тым абяцаньням, што дало беларускае кіраўніцтва міністру замежных спраў Баўгарыі Младэнаву".

Цікаўлюся ў Андрэя Фёдарава, наколькі, на яго думку, ранейшая праца амбасадара Моры ў Менску можа паспрыяць прасоўваньню інтарэсаў Эўразьвязу ў Беларусі:

"Калі казаць прынцыпова, то — не. Яна, магчыма, можа атрымліваць тут крыху больш інфармацыі. І толькі. Але што тычыцца вырашэньня прынцыповых пытаньняў, то яе папярэдняя праца ў Беларусі гэтаму спрыяць ня будзе".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG