Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіну Сямдзянаву пахавалі на ганаровай алеі Паўночных могілак Менску


Сёньня ў Менску разьвіталіся з дэпутаткай Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, актывісткай БНФ Галінай Сямдзянавай, якая шмат зрабіла для таго, каб Беларусь стала незалежнай. На пахаваньне прыйшлі калегі па працы ў парлямэнце, апазыцыйныя палітыкі, прадстаўнікі дэмакратычнай грамадзкасьці, а таксама Нацыянальнага сходу і менскіх уладаў.

Галіна Сямдзянава нарадзілася ў Гданьску, вучылася ў Куйбышаве. У Беларусь яна прыехала ўжо ў сталым веку, таму шмат сваякоў у яе тут няма. Спачуваньні прымалі дачка Сямдзянавай Юлія і ўнук Жэня, а таксама сястра Лілія, якая прыехала на пахаваньне з-пад Кіева. Гаворыць дачка Галіны Сямдзянавай Юлія:
дачка Юлія і ўнук Жэня

"Яна была вельмі справядлівая, да яе думкі я заўсёды прыслухоўвалася. І вось цяпер, калі яе няма, я заўсёды буду яе згадваць і ў думках зь ёю раіцца, што б яна зрабіла".

Сястра Сямдзянавай Лілія зазначае, што Галіна памерла заўчасна, з-за хваробы, выкліканай перш за ўсё Чарнобылем. Галіна не шкадавала сябе, дапамагала людзям, згадвае яе сястра Лілія:

"Нават калі яна была ў нас у Кіеве, да яе зьвяртаўся адзін вайсковы чалавек, у якога сваякі ў Беларусі, ён хацеў вярнуцца. Усё гэта пры мне было. Яна дапамагла чалавеку, яна вярнула хлопца дадому, і людзі былі ўдзячныя. Яна сябе людзям аддавала цалкам".

сястра Лілія
Галіна Сямдзянава мела шмат таварышаў і сяброў. Яна дзялілася апошнім, на яе дапамогу можна было разьлічваць, кажа яе сяброўка Валянціна Сьвяцкая:

"Такія сябры, як Галіна Георгіеўна, — гэта унікум. Больш прыстойнага, вернага, адданага сябра я проста ня ведаю".

Сябры і калегі Галіны Сямдзянавай па палітычнай барацьбе не хавалі эмоцыяў і сьлёз, згадваючы ня толькі выбітныя зьдзяйсьненьні ў палітычнай барацьбе за дэмакратыю і незалежнасьць Беларусі, але і яе асобу.


Жалобныя хвіліны разьвітаньня



Дэпутаты ВС 12-га скліканьня Юрась Беленькі і Сяргей Папкоў

Валянцін Голубеў: "Яна была сьветлым, добрым, разумным чалавекам. Я вось зараз успамінаю, як яна ўмела паказаць сябе залі, калі яна прыходзіла на чарговую сэсію, з новай прычоскай… Ёю ўсе захапляліся, і апазыцыя, і нашы апанэнты. А яна выходзіла, вось такая дама, для балю, для прыёму, а яна выходзіла на трыбуну і змагалася, змагалася за Беларусь, за незалежнасьць, дэмакратыю. Ведаючы тое, што сама яна ўкраінка, і тое, што лёс яе вельмі позна зьвязаў зь Беларусьсю, яшчэ большы дзякуй, Галя, табе за гэта, што ты прыйшла да нас і што ты змагалася за нашую незалежнасьць".
Дэпутаты 12-га скліканьня Пятро Садоўскі, Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Алег Трусаў

Алена Скрыган прыехала разьвітацца з Галінай Сямдзянавай з Капыля. Галіна прыцягвала да сябе людзей нават зь іншымі ідэалягічнымі ўстаноўкамі, кажа спадарыня Скрыган:

"Я ведаю, як яна ўмела працаваць, як яна магла працаваць цэлую ноч, а заўтра раніцай пачынаць зноў, як быццам бы нічога не было. І яна была вельмі добрым сябрам, ня толькі магла паспачуваць, а адразу кідалася дапамагаць".

Дэпутаты ВС 12 скліканьня выносяць труну


Былы старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч назваў Галіну Сямдзянаву сумленным дэпутатам, шчырым, прыстойным, працавітым чалавекам:

"Шчыра скажу, што гэта вельмі дрэнна, што ў нас вось такія людзі, якія зрабілі сваю працу для беларускай незалежнасьці, выпадаюць у забыцьцё і фактычна паміраюць у беднасьці".




Галіну Сямдзянаву праз спрыяньне Менскага гарвыканкаму пахавалі на ганаровай алеі Паўночных могілак, побач з магіламі Віталя Скалабана і Ўладзімера Конана.
XS
SM
MD
LG