Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хлеб, мяса, малако — даражэюць; даляры — таньнеюць…


Цэнтральны рынак у Горадні.

Цэнтральны рынак у Горадні.

Ад сёньня ў Беларусі чарговы раз падаражэлі асноўныя прадукты харчаваньня — хлеб, малако, мяса. Цэны на іх павялічыліся на 10–20 працэнтаў згодна з адмысловай пастановай Міністэрства эканомікі. Раней гэтае ведамства папярэджвала, што Беларусь будзе паступова павышаць кошты на спажывецкія тавары да ўзроўню Расеі й Казахстану — партнэраў Беларусі ў Адзінай эканамічнай прасторы Мытнага саюзу.

Пра новыя цэны й стаўленьне да чарговага падаражэньня з боку пакупнікоў інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


«Кампэнсацыі на падаражэньне прадуктаў яшчэ няма, а цэны ўжо вырасьлі»

Новае падвышэньне цэнаў на хлеб, малако, мяса многія жыхары Гомеля ўспрынялі з абурэньнем. Адной рукой улады нібыта кампэнсацыі прапануюць, а другой праз цэны забіраюць болей, чым далі.

Гаворыць кабета ў гадах, спадарыня Галіна:

«Грошай мала, а ўсё даражэе. Пакуль абяцаюць — здаецца, 500 тысяч. Пакуль не далі, сказалі, нібыта з 20 верасьня будуць даваць. А цэны ўжо… Спачатку падвышаюць цэны, а там — што атрымаецца».

Балюча ўспрынялі новыя цэны на харчы й студэнты. Трэцякурсьнік з Унівэрсытэту транспарту так камэнтуе зьмены на цэньніках у крамах:
Харчуемся такімі фаст-фудамі, кшталту „Ролтана“ і яму падобных, каб працягнуць месяц.

«Кепска, немагчыма, асабліва калі ты ў іншым горадзе. Грошы сыходзяць проста ў нікуды, і ты ня можаш толкам нават купіць сабе паесьці. Нават пяльмені ня можаш купіць. Зараз 50 тысяч — гэта ўжо ня грошы, бо на іх кілё мяса ня купіш. Харчуемся такімі фаст-фудамі, кшталту „Ролтана“ і яму падобных, каб працягнуць месяц. А такая ежа, як сасіскі, мяса, малако, выводзіцца з рацыёну».

Аднакурсьнік суразмоўцы дадае:

«З-за таго, што падаражэла малако, проста выведзем яго з рацыёну. Давядзецца ўсё на вадзе гатаваць. Будзем усяляк прыстасоўвацца, на працу ўладкоўвацца».

Гамяльчанка Людміла лічыць, што няспынны рост цэнаў на харчы сьведчыць пра ненармальны стан эканомікі:

«Растуць бясконца, а заробкі застаюцца на месцы. Трэба карэнныя зьмены праводзіць і ў сыстэме эканомікі, і ў палітыцы».

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Заробак аддаём на харчы, пачынаем даношваць старыя рэчы…»

У прадуктовай краме на рынку «Цэнтральны» ў Горадні спадарыня глядзіць на кошты каўбасаў. Выбар ёсьць. Відавочна, што каўбасы ня вельмі раскупляюць, пакупнікоў побач з гэтай вітрынай няшмат.

Пытаюся ў спадарыні — што яна думае пра цэны на мясныя прадукты?
Каўбасы — во паглядзіце, якія дарагія… Ляжаць — плесьнеюць.

Спадарыня: «Каўбасы — во паглядзіце, якія дарагія. Лепш бы таньнейшыя зрабілі, то хоць куплялі б. А так — па 60–70 тысяч, ляжаць — плесьнеюць. І навошта гэта?».

Пытаюся яшчэ ў аднае спадарыні — што яна думае пра цэны?

Спадарыня: «Ня ведаю я, не даходзіць да мяне, гэта што робіцца. Атрымаеш пэнсію, пойдзеш у краму — і ўсё аддасі. Думаю, што ўсё вельмі дорага. І мяса, і каўбаса, і што толькі ні купляй…».

Карэспандэнт: «А што сёньня купілі?»

Спадарыня: «Во, 2 кіляграмы памідораў, ой, не — перцаў. То во, аддала 20 тысяч».

Яшчэ адна спадарыня далучаецца да размовы:
От калі-нікалі купляю толькі нейкі кавалачак, і ўсё…

Спадарыня: «Мяса то будзем толькі нюхаць, таму што вельмі дарагое. Вунь, паглядзіце: па 43, па 45, па 48 тысяч — ну што гэта такое? От калі-нікалі купляю толькі нейкі кавалачак, і ўсё…».

Спадар сярэдняга веку кажа, што працуе на прадпрыемстве і цяпер можа толькі набываць харчы, і то ня ўсё, што жадае. На астатняе грошай нестае.

Спадар: «Усё ідзе на харчы, а зараз яшчэ і пра камуналку задумаюцца, як падскочыць цана на газ, электрычнасьць. Пра адзеньне я ўжо не кажу, бо людзі цяпер дастаюць старыя рэчы і даношваюць. Абутковыя майстэрні ізноў заваленыя, бо новага абутку ніхто не купляе».

Яшчэ адзін спадар, далучыўшыся да нашае размовы, кажа, што затое на бульбу цэны невысокія — 1,5–2 тысячы. А, маўляў, столькі працы каля яе.

Спадар: «На бульбе будуць жыць, на падножным корме, як кажуць. А мяса ўжо ня кожны купіць. Дзясятак яек вунь ужо каштуе 10 тысяч. А для гаспадароў, якія вырошчваюць бульбу, гэтыя цэны невысокія, і малако, што яны здаюць дзяржаве па паўтары тысячы, — таксама невысокі кошт. Бульба сёлета ўрадзіла, людзі думалі, што нешта заробяць, а тут нічога не выходзіць».

Таксама ў Горадні карэспандэнт «Свабоды» гутарыў сёньня з наведнікамі харчовых крамаў, цікавіўся іх меркаваньнямі наконт чарговага падвышэньня цэнаў.

Спадар: «Не, я пайду, няма чаго гаварыць мне, навошта? Я й так ледзь жыву: ужо два інфаркты».

Спадарыня: «Думаю, што ніколі ня скончыцца. Сядзім у трансе, хто тут задаволены?».

Другая спадарыня: «Нічога, вытрымаем. Пэнсіі — дзевяцьсот тысяч, хопіць!».

Трэцяя спадарыня: «Ды гэта сьмешная размова, не хачу размаўляць на гэтую тэму. Канечне, цяжка».
Рост цэнаў палохае, але што я зраблю? Ад мяне гэта хіба залежыць?

Чацьвёртая спадарыня: «Рост цэнаў палохае, але што я зраблю? Ад мяне гэта хіба залежыць? Не».

Пятая спадарыня: «Рост цэнаў ня скончыцца, будзе так і далей. Таму што? Трэба аптымістычна на жыцьцё глядзець. Я на гэтыя цэны не гляджу. Мне трэба малако — я купляю. Мяса не купляю цяпер, таму што нерэальна па пяцьдзясят тысяч купляць. Тое, што было ў лядоўні, зьем, а далей ня ведаю, што рабіць. Пэнсія, але хаджу на працу, бо як пражыць? Ня ведаю: што думае адміністрацыя, там, наверсе? Трэба нарэшце больш пра людзей думаць. Багатыя жывуць як і раней, а нам, бедным, застаецца, напэўна, толькі на Бога спадзявацца, больш ні на што».

Спадар: «Цэны растуць як грыбы! Гэта невыносна, гэтаму канца ня будзе. Як сказаць: бунтаваць — гэта злачынства супраць улады і закону. І маўчаць няма магчымасьці. А што рабіць? Невядома».

Спадар: «Далей — горш будзе. Пры гэтай уладзе няма пэрспэктываў».

Спадар: «Ды я зараз мацярыцца буду! Ды які рост цэнаў? Вы схадзіце паглядзіце — мяса няма проста, і ўчора не было. У мяне бацька — вэтэран вайны, яму трэба бялок, усё сьвежае гатаваць, а купіць няма дзе, на рынку таксама асабліва не знайсьці. Глупства. Трэба для людзей працаваць, а не для кагосьці. На ўсіх гэтых парадах і хакеях аўтарытэту не заваюеш. У мяне ёсьць вэтэран, бацька вэтэрана: наколькі ўсе дзяды былі „за“, то цяпер яны настолькі „супраць“. Я, можа, глупства сказаў, але я таксама „супраць“ нядаўна стаў».


Даведка «Свабоды»


З пастановы Мінэканомікі № 153: «Дадаткова з 20 верасьня павышаюцца гранічныя максымальныя адпускныя цэны на хлеб жытні і жытні пшанічны, батоны і выпечку з пшанічнай мукі вагой 300 грамаў і болей, малако каровіна пастэрызаванае і кефір да 3,5% уключна, сьмятану тлустасьцю да 25% уключна, тварог тлустасьцю да 9% — да 10%. На ялавічыну патушную (у паўтушах і чацьвярынках), сьвініну патушную (у тушах і паўтушах), буйнакавалкавы мяса-касьцявы паўфабрыкат у выглядзе адрубаў са сьвініны — да 20%».

Паводле інфармацыі Белстату, спажывецкія цэны на тавары й платныя паслугі з пачатку верасьня вырасьлі на 6,4 працэнта. За студзень-жнівень 2011 году спажывецкія цэны вырасьлі на 53,6%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG