Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Васілевіч больш не Генэральны пракурор


«У Рыгора Васілевіча, які вызвалены кіраўніком Беларусі ад пасады Генэральнага пракурора, вельмі вялікі вопыт і ён будзе запатрабаваны на новым месцы працы», заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка, прызначаючы на гэтую пасаду Аляксандра Канюка. Апошні быў вызвалены з пасады намесьніка старшыні Вярхоўнага суду, паведаміла БЕЛТА.

«Ён пераходзіць на іншую працу, у яго вельмі шмат магчымасьцяў у гэтым пляне. Ён чалавек не чужы, і я гэта хачу прама сказаць, каб ніхто не думаў, што Рыгор Васілевіч тут дрэнны быў для прэзыдэнта. Не, гэта наш чалавек, чалавек адданы нашай дзяржаве, — падкрэсьліў Аляксандр Лукашэнка. — Таму мы яго будзем выкарыстоўваць ці на навуковай працы, калі ён гэтага захоча (ён вельмі шмат працуе ў гэтым кірунку), або на выкладчыцкай, альбо на той і іншы, альбо на якой-небудзь дзяржаўнай службе. Гэта ўжо ён сам павінен вырашыць, і мы вызначымся, дзе ён будзе працаваць. У яго вельмі вялікі вопыт і вельмі вялікія веды як у юрыста. Я гэта вельмі цаню і, вядома, ён з абоймы не выпадзе ».

«Я думаю, што вам трэба выкарыстоўваць той вопыт, які назапасіў Рыгор Васілевіч у працы юрыстам і ў пракуратуры ў тым ліку. Гэта талковы чалавек. Таму я буду толькі рады, калі вы будзеце з ім падтрымліваць добрыя дзелавыя адносіны», — сказаў Лукашэнка, зьвяртаючыся да Аляксандра Канюка.

«У пракуратуры трэба прынцыпова разабрацца з сытуацыяй, перш за ўсё — з кадравай... Як чалавек ваенны, вы па службе ведаеце многіх людзей, якіх можна было б прыцягнуць для працы ў Генэральнай пракуратуры і пракурорскіх органах, каб, перш за ўсё, там навесьці парадак і павярнуць пракуратуру тварам да вырашэньня тых праблемаў, якія трэба сёньня вырашаць», — заявіў Лукашэнка, прызначаючы Канюка на пасаду.

На пытаньне Эўрарадыё, куды яго могуць павысіць, Рыгор Васілевіч адказаў так: “На павышэньне я не іду. Вы разумны чалавек — усё зразумееце”.




Аляксандар Канюк нарадзіўся 11 ліпеня 1960 году ў Горадні.

Пасьля заканчэньня Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту два гады быў камандзірам мотастралковага ўзводу. Потым працаваў ва Упраўленьні ваенных трыбуналаў ў Маскве. Далей працаваў у ваенных трыбуналах у Казахстане і Аўганістане.


  • З 1987 году — член ваеннага трыбунала Менскага гарнізону.
  • З 1993 году — судзьдзя Беларускага ваеннага суду.
  • З 1997 году — судзьдзя і старшыня Менскага міжгарнізоннага ваеннага суда.
  • 2006 году — судзьдзя і старшыня Беларускага ваеннага суду.
  • З 2009 году — намесьнік старшыні, старшыня ваеннай калегіі Вярхоўнага суду Беларусі.

Рыгор Васілевіч нарадзіўся ў 1955 годзе ў Менску. У красавіку 1994 году быў абраны чальцом Канстытуцыйнага суду Беларусі. Неаднаразова дэманстраваў сваю нязгоду з пазыцыяй тагачаснага старшыні КС Валера Ціхіні, падтрымоўваў Аляксандра Лукашэнку. Працаваў над праектам Канстытуцыі, прапанаваным Лукашэнкам на рэфэрэндуме 1996 году. 5 сьнежня 1996 г. прызначаны выканаўцам абавязкаў старшыні Канстытуцыйнага суду замест Валера Ціхіні. З 1997 па 2008 быў судзьдзём і старшынём Канстытуцыйнага суду. 8 лютага 2008 году прызначаны Генэральным пракурорам Беларусі.



Павал Шарамет: Васілевіч не належыць да каманды Віктара Лукашэнкі

Вядомы журналіст Павал Шарамет пракамэнтаваў адстаўку Рыгора Васілевіча з пасады генпракурора Беларусі.

Павал Шарамет

"Рыгор Васілевіч не належыць да каманды Віктара Лукашэнкі. А гэтая група так званых маладых ваўкоў, група маладых генэралаў, якая захапіла цяпер уладу ў Беларусі, камандуе КДБ, Рачкоўскі камандуе памежнай службай, Вакульчык камандуе апэратыўна-юрыдычным цэнтрам пры прэзыдэнце. Апошняе месца, якое яны не кантралявалі, гэта якраз быў Васілевіч. Вось яны яго замянілі. Больш за тое, Васілевіч — чалавек вельмі асьцярожны і баязьлівы, і таму ён не хацеў адкрыта акцэптаваць, узгадняць абсалютна незаконныя дзеяньні апошніх месяцаў. Таму яго і прыбралі. Гэта -- лягічная гісторыя".


Гары Паганяйла: Лукашэнка думае пра захаваньне сваёй палітычнай улады

Гары Паганяйла

Праваабаронца Гары Паганяйла пракамэнтаваў адстаўку Рыгора Васілевіча з пасады генпракурора Беларусі. Ён лічыць, што прычыны адстаўкі можа ведаць толькі Аляксандар Лукашэнка, бо ўсе кадравыя пытаньні вырашаюцца ім.

"Але Васілевіч, відаць, не апраўдаў надзеяў кіраўніка краіны на гэтай пасадзе. Ён выявіўся занадта мяккім чалавекам для дзейнасьці на пасадзе генпракурора — і цэнтральнага апарату, і ў цэлым пракурорскай сыстэмы. Ёсьць, відаць, прэтэнзіі да кадравага фармаваньня органаў пракуратуры і выкананьня абавязкаў пракурорамі, уцягнутасьці іх у карупцыйныя схемы. Але можна адзначыць і іншае. Кіраўнік краіны мае надзвычай кароткую лаву запасных і практычна тусуе адну і тую ж кадравую калоду і перамяшчае з адной пасады на іншую людзей ужо правераных, ляяльных яму. Асабліва ў сілавых структурах. Ён асьцерагаецца, каб людзі там доўга не заседжваліся, не абрасталі нейкімі сувязямі і магчымасьцю згрупавацца для адхіленьня яго ад улады. Лукашэнка думае пра захаваньне сваёй палітычнай улады на доўгі час і асьцерагаецца, асабліва ў крызісныя пэрыяды, нейкіх таемных змоваў".


Вось як пракамэнтваў адстаўку Рыгора Васілевіча галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Ежедневник» Сяргей Сацук.


«Я лічу, што Васілевічу хутчэй за ўсё не хапіла жорсткасьці. Ён па натуры мяккі чалавек і законьнік да каранёў валасоў. Ён дакладна выконвае закон у сваіх дзеяньнях, яшчэ з часоў Канстытуцыйнага суду. На нейкія кампрамісы з законам, калі нейкае гучнае ці знакавае расьсьледаваньне, ён не гатовы ісьці. У беларускіх умовах органы вельмі часта ідуць на кампраміс з законам. Васілевіч гэта не гатовы рабіць, я думаю. І не гатовы адкрыта пратэставаць і адстойваць сваю пазыцыю па сваёй натуры, паколькі ён мяккі чалавек. Таму я думаю, што ён не ўліўся ў жорсткі ўладны калектыў сілавой ўлады.

Згадаем арышт ягонай падначаленай Сьвятланы Байковай. Я не памятаю за 10 гадоў ніводнага кіраўніка свайго ведамства, які б так лёгка аддаў свайго лепшага падначаленага на зьяданьне. Васілевіч фактычна аддаў. Ён абсалютна ня здольны адстойваць інтарэсы свайго ведамства. Ён не здольны лябіраваць гэтыя інтарэсы, уступаць ў адкрытую канфрантацыю".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG