Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўніцтва Нацыянальнага банку абяцае чарговым разам падвысіць ад 1 кастрычніка стаўку рэфінансаваньня па рублёвых укладах, якая ўжо складае 30%, а некаторыя камэрцыйныя банкі ўзьнялі яе да 40%. Такім чынам дзяржава намагаецца прыцягнуць як найбольш сродкаў, якія застаюцца на руках у насельніцтва.

Між тым, такія захады робяць практычна недаступнымі банкаўскія крэдыты, якія ў Беларусі наўпрост прывязаныя да памеру стаўкі рэфінансаваньня — выплачваць да 50% звыш пазычанай сумы (з улікам банкаўскіх камісійных, абслугоўваньня рахунку і г.д.) шараговыя беларусы наўрад ці здольныя. Тым часам беларускі рубель на біржы ўмацоўваецца.

Падзеі на Беларускай валютна-фондавай біржы ставяць у тупік нават адмыслоўцаў. Зрабіўшы на пачатку верасьня скачок на чорным рынку да 9000 рублёў за даляр, на дадатковых таргах меней чым за тыдзень рубель умацаваўся больш чым на паўтысячы рублёў — з 8600, зафіксаваных 14 верасьня, да 8030 сёньня.

Аналітык фінансавага рынку Алена Глушакова не выключае, што ўлады распачалі «двайную гульню» на біржы, паколькі, на яе думку, аб’ектыўных падставаў да ўмацаваньня беларускага рубля няма. Яна нагадвае, што пры канцы мінулага тыдня старшыня Нацбанку Надзея Ермакова спрагназавала рэзкае падзеньне курсу даляра — на той падставе, што рэзка ўзрасла колькасьць валюты, якую здае насельніцтва. Аднак, на думку экспэрта, гэта — «адгаворкі для бедных»:

«Трэба сказаць, што маразму ў дадзенай сытуацыі, на жаль, шмат. Проста насамрэч не зразумела, на якой падставе раптам такое ўмацаваньне — ці сапраўды гэтыя ўмовы дыктуе рынак, ці гэта чарговае ўмяшаньне з боку дзяржавы? Таму эканамічная сытуацыя па-ранейшаму незразумелая. Прагнозы рабіць немагчыма, бо зусім ня ясна, якія захады будзе рабіць дзяржава надалей. І я ўвогуле ня вельмі разумею, якія яшчэ можна зрабіць крокі, заблытаць грамадзкасьць і пры гэтым не разьвязаць сытуацыю».
Насамрэч не зразумела, на якой падставе раптам такое ўмацаваньне — ці сапраўды гэтыя ўмовы дыктуе рынак, ці гэта чарговае ўмяшаньне з боку дзяржавы?

Тым ня меней інфармацыя пра разварот рынкавага курсу ў напрамку да афіцыйнага істотна адкарэктавала лічбы ў абменных пунктах. Калі па выніках першых таргоў на мінулым тыдні асобныя банкі прымалі даляр па курсу блізу 9000, то сёньня гэты паказьнік стартуе ад 7300.

Тым часам прадстаўнікі Нацбанку заяўляюць, што ў людзей вяртаецца давер да беларускага рубля. Кіраўніца банку Надзея Ермакова заявіла: каб падвысіць прывабнасьць укладаў у нацыянальнай валюце, ад 1 кастрычніка стаўка рэфінансаваньня будзе падвышаная. На колькі пунктаў — не ўдакладняецца, але, лічаць аналітыкі, да цяперашніх 30% найменей можа дадацца 5%.

Доктар эканамічных навук Уладзімер Кулажанка падкрэсьлівае, што дзяржаўныя фінансісты гавораць толькі пра адзін бок пытаньня. Аднак пазьбягаюць высноваў пра тое, ўва што гэта выльецца для тых, хто хацеў бы ўзяць у банку крэдыт:

«Прыкладам, што тычыцца крэдытаў, то пахваліцца ім няма чым. Справа ў тым, што ў нас стаўкі крэдытаў дзікія. Калі Нацбанк цягам мінулага году амаль кожны месяц зьніжаў стаўку рэфінансаваньня, апусьціўшы яе практычна да 7%, то сёлета ўжо павысілі да 30%.
Крэдыты сталі недаступныя ня толькі шараговым грамадзянам, але ў першую чаргу прадпрымальнікам.
Гэта насамрэч азначае, што крэдыты сталі недаступныя ня толькі шараговым грамадзянам, але ў першую чаргу прадпрымальнікам, у якіх іншай крыніцы, каб атрымаць грошы за так, безь ніякага эквіваленту, няма. Як вынік, капіталаўкладаньні па лініі прадпрымальніцкага сэктару ня могуць павышацца. Такая ж сытуацыя і зь дзяржаўным сэктарам. Хоць гэта і дзяржаўныя крэдыты, і дзяржаўныя прадпрыемствы, Лукашэнка ўвесь час патрабуе ад іх рэнтабэльнай працы. Сытуацыя вельмі супярэчлівая».

Паказальна, што сама спадарыня Ермакова ахвотным крэдытавацца раіць на нейкі час устрымацца ад падобных думак. Зь яе слоў вынікае, што даваць пазыкі ў задачы банкаўскай сфэры цяпер не ўваходзіць; мэта, хутчэй, адваротная — прыцягнуць як мага большы аб’ём асабістых ашчаджэньняў:

«Сёньня, напэўна, браць крэдыт не зусім утульна будзе чалавеку, таму што працэнтныя стаўкі таксама складаюцца з той стаўкі, па якой прыцягваюцца рэсурсы. Таму крыху выдача крэдытаў ці атрыманьне крэдытаў затарможаныя. І гэта натуральна. Напэўна, трэба гэты пэрыяд без крэдытаў пажыць. Ну, а калі ў кагосьці ёсьць магчымасьць плаціць такія высокія стаўкі, то гэта ягонае права. Ва ўсялякім разе, банкі выдачу крэдытаў не прыпынілі. Але, няглядзячы на тое, што і стаўкі падвысіліся, усё ж праблемных крэдытаў ня стала больш. Насельніцтва пагашае крэдыты».

Высокія працэнтныя стаўкі і абясцэненыя ў выніку дэвальвацыі і інфляцыі заробкі робяць крэдытаваньне амаль немагчымым. Так, скасаваньне для большай часткі грамадзянаў ільготаў на будаўніцтва жыльля зноў зрабіла мару пра ўласны кут нязбытнай. Рублёвыя крэдыты, якія прапануюць банкі з растэрміноўкай на 15 гадоў, выдаюцца пад 30–35%. Пры павелічэньні тэрміну выплаты да 20–25 гадоў стаўкі ўзьлятаюць да 40%. У іншых галінах паказьнікі яшчэ большыя. Крэдыты на набыцьцё аўтамабіляў сягаюць 43%, на разьвіцьцё бізнэсу — 44%, на спажывецкія патрэбы — 45%. З падвышэньнем стаўкі рэфінансаваньня працэнты вырастуць яшчэ больш.
XS
SM
MD
LG