Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не задаволіў касацыйную скаргу Пачобута


У суд накіроўваюцца Анжаліка Арэхва, Андрэй Пачобут (пасярэдзіне) і адвакат Аляксандар Бірылаў.

У суд накіроўваюцца Анжаліка Арэхва, Андрэй Пачобут (пасярэдзіне) і адвакат Аляксандар Бірылаў.

20 верасьня Гарадзенскі абласны суд разглядзеў касацыйную скаргу журналіста Андрэя Пачобута. Ён абскарджваў свой прысуд: тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкай пакараньня на два гады.

11:30 Адвакат Аляксандар Бірылаў: «Працэс у касацыйнай інстанцыі прайшоў у звыклым рэчышчы. Была заслухана пазыцыя абароны, выкладзеная ў нашай касацыйнай скарзе, яе далажыў судзьдзя, які разглядае гэтую справу. Была выслухана наша думка, была выслухана думка пракуратуры, і ўсё, было вынесена рашэньне».

Разгляд скаргі адбыўся пад старшынствам судзьдзі Корзуна.

Бірылаў: «Далейшая магчымасьць — гэта наглядная скарга, пачаткова — у Гарадзенскі абласны суд на імя старшыні, у далейшым — у Вярхоўны суд РБ, плюс — па лініі пракуратуры. Але мне здаецца, што па лініі пракуратуры, як Генэральнай, так і абласной цяпер пакуль гэтае пытаньне не разглядаецца і на дадзены момант, на мой погляд, яно чыста юрыдычна бессэнсоўнае. Далей усё будзе залежаць ад пазыцыі Андрэя Пачобута: якім чынам будзе ўзгоднена зь ім — якія канкрэтна будуць дзеяньні, магчымасьці... Як будзем дзейнічаць — будзе вырашацца самім Андрэем».

Сам Андрэй Пачобут зазначыў, што мае цьвёрды намер абскарджваць свой прысуд далей, уключна да Камітэту па правах чалавека ААН. Ён нагадвае, што пераклад з польскай мовы ягоных артыкулаў, на падставе якіх яго судзілі, быў выкананы з парушэньнем заканадаўства. Было парушанае ягонае права на абарону, калі на судовы працэс не дапусьцілі адваката зь Літвы, хоць наконт гэтага паміж дзьвюма краінамі існуе пагадненьне. Не было задаволена ніводнае хадайніцтва журналіста, не былі дапытаныя сьведкі, кажа ён.

Андрэй Пачобут: «Фактычна гэта была гульня ў адны вароты. Проста тое, што сьцьвярджалася галаслоўна пракуратурай, падтрымлівалася судом. Так выглядаў мой працэс у першай інстанцыі».




10:05 Суд не задаволіў касацыйную скаргу Пачобута і пакінуў прысуд бязь зьменаў. Сам Пачобут заявіў, што будзе абскарджваць прысуд у Вярхоўным судзе. А калі не задаволяць і там, у судзе па правах чалавека ААН.

9:54 На разгляд касацыі дапусьцілі журналістаў.

9:20 У суд пусьцілі толькі Андрэя Пачобута і ягонага адваката Аляксандра Бірылава. Раней дзяжурны міліцыянт заявіў журналістам, што разгляд касацыйнай скаргі будзе закрытым.

Перад будынкам суду знаходзяцца журналісты і актывісты непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў пад кіраўніцтвам Анжалікі Арэхвы.

Перад будынкам суду.
Карэспандэнта польскай «Газэты выборчай» Андрэя Пачобута судзілі па абвінавачаньні ў абразе і паклёпе на прэзыдэнта Беларусі. Журналіста тры месяцы трымалі за кратамі, пакуль ішло сьледзтва.

5 ліпеня яго вызвалілі ў судовай залі.

Пачобут паведаміў, што касацыйная скарга складзеная на шаснаццаці старонках. У ёй падрабязна гаворыцца пра парушэньні, якія, паводле Пачобута, былі дапушчаныя сьледчымі КДБ і пракуратуры.

Журналіст зазначае: у судзе яму сказалі напачатку, што скарга будзе разгледжаная цягам месяцу, але з часу яе падачы мінула больш за два месяцы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG