Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная авіякампанія «Белавія» выдзеліць для пералётаў хакейнага клюбу «Дынама-Менск» адзін з найлепшых «Боінгаў-737» у парку кампаніі, паабяцаў генэральны дырэктар «Белавія» Анатоль Гусараў на сустрэчы з гульцамі і трэнэрамі каманды 19 верасьня.

«Для пералётаў „Дынама-Менск“ будзе вылучаны адзін з найлепшых самалётаў „Боінг-737“ з высокапрафэсійным, добра падрыхтаваным, дасьведчаным экіпажам і абслуговым пэрсаналам, якія атрымалі высокую ацэнку ў мінулым сэзоне», — прыводзіць словы Гусарава афіцыйны сайт ХК «Дынама-Менск».

Акрамя таго, у склад групы ад «Белавія» будзе ўключаны спэцыяліст па тэхнічным забесьпячэньні паветранага судна. У яго абавязкі будзе уваходзіць дэталёвая праверка тэхнічнага абслугоўваньня самалёта ў аэрапортах іншых гарадоў.

Адказваючы на пытаньні гульцоў, Гусараў распавёў пра арганізацыю і тэхнічныя асаблівасьці ажыцьцяўленьня авіяцыйных перавозак, што выконваюцца «Белавія», а таксама пра тэхнічны стан самалётаў кампаніі і падрыхтоўку экіпажаў. Асобна абмяркоўвалася пытаньне пералётаў у Чарапавец, аэрапорт якога не прымае самалёты «Боінг». Туды, паводле слоў Гусарава, каманда будзе дастаўлена на самалёце канадзкай вытворчасьці СRJ.

Сустрэча адбылася па ініцыятыве старшыні цэнтральнага савету «Дынама» Юрыя Бародзіча. Бародзіч падкрэсьліў, што бясьпека палётаў каманды зьяўляецца прыярытэтам. «Як і раней, у мэтах яе забесьпячэньня кіраўніцтвам будуць рабіцца ўсе неабходныя дзеяньні. Мы ня маем права на гэтым эканоміць», — заявіў ён.
XS
SM
MD
LG