Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці. Галіна Сямдзянава


Галіна Сямдзянава

Галіна Сямдзянава

Ня стала Галіны Сямдзянавай. Яна пайшла з жыцьця ў 64 гады ад цяжкой хваробы. Дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, адна зь лідэраў беларускай дэмакратычнай незалежніцкай апазыцыі.

Дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Валянцін Голубеў згадвае той час, калі ў 1991 годзе прымалася нацыянальная сымболіка ў якасьці дзяржаўнай.

«На наступны дзень, 20-га верасьня, раніцай, калі я прыйшоў у Вярхоўны Савет, яшчэ да пачатку сэсіі Вярхоўнага Савету, Галя Сямдзянава ўжо была ў пакоі апазыцыі. Яна прынесла свой вялікі бел-чырвона-белы сьцяг і прас. І калі я прыйшоў, яна яго на стале прасавала, каб ён быў роўненькі, каб вывесіць яго перад пасяджэньнем 20 верасьня 1991 году ў залі Вярхоўнага Савету. Калі казаць яшчэ пра Галю, для нас напачатку гэта быў зусім незнаёмы чалавек з Наваградку, старшыня камітэту народнага кантролю. Чалавек, які раптам прыйшоў у апазыцыю і заявіў, што хоча быць разам з намі. Гэта было нечакана, незвычайна. Але Галіна вельмі хутка перазнаёмілася з намі, і яе адкрытасьць, шчырасьць, адданасьць праяўлялася ў працы апазыцыі амаль кожны дзень. Яна была мужная, настойлівая, моцная, але яна была жанчынай. Яна магла і перамагчы, сьціснуўшы зубы, і магла, калі было вельмі цяжка, заплакаць. За гады змаганьня ў апазыцыі ў нас многа чаго было, мы там жылі суткамі, больш знаходзіліся ў Вярхоўным Савеце, чым у сваіх сем’ях. Гэта быў добры, сьветлы чалавек, які многа зрабіў на карысьць вольнай Беларусі. Шкада, што яна не дажыла да сапраўднай той волі, свабоды, пра якую мы марылі».
Гэта быў добры, сьветлы чалавек, які многа зрабіў на карысьць вольнай Беларусі.

Былы старшыня Партыі БНФ і дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Лявон Баршчэўскі згадвае, што Галіна Сямдзянава была найперш вельмі зычлівым чалавекам і нягучным, насуперак зьнешнім уяўленьням.

«Яна ўмела ўдзельнічаць у нейкіх супольных абмеркаваньнях, знаходжаньні ісьціны. Зь іншага боку, у яе была такая неабходнасьць і цьвёрдасьць. Калі яна ўжо дайшла да нейкага перакананьня, а гэта ня проста, не адразу рабілася, яна не была чалавекам, які бярэ ўсё на веру, вось тады яна адстойвала тое, у чым яна перакананая. Ужо яе цяжка было зьбіць зь нейкага шляху. Тады яна змагалася і адстойвала гэта. Калі мы прыйшлі ў Вярхоўны Савет, яна ведала пра БНФ толькі паводле назвы. І як адбываўся яе шлях далучэньня — яна зразумела, што мы больш аргумэнтаваныя, што за намі гістарычная праўда. Яна да гэтага сама прайшла пэўны этап, далучылася і была адной з самых лепшых, самых працаздольных і адказных сярод дэпутацкай апазыцыі. Страта яе вельмі вялікая. Яна вельмі адказна рыхтавала любыя юрыдычныя дакумэнты, магла пайсьці ў Мін’юст і даказаць, што робіць правільна. Яе там паважалі і пабойваліся. Вельмі цяжка такім людзям знайсьці замену».

Паводле дэпутата Апазыцыі БНФ Лявона Дзейкі, у адной асобе Галіны Сямдзянавай быў увесь сакратарыят дэпутацкай апазыцыі ў Вярхоўным Савеце.

«Мы зь ёй даўно сябравалі і, будучы дэпутатамі Вярхоўнага Савету, шчыра гаварылі пра многія пытаньні палітычнай дзейнасьці, грамадзкага жыцьця. Гэта быў такі стрыманы аптыміст, да яе заўсёды можна было зьвярнуцца па падтрымку. Гэта рэдкая якасьць у чалавека. Калі мы, група дэпутатаў, былі ў 1994 годзе з паездкай у ЗША, на ўсіх сустрэчах, у грамадзкіх арганізацыях, у дзяржаўных структурах, як я бачыў па рэакцыі аўдыторыі, Галіна рабіла на іх самае станоўчае ўражаньне як кампэтэнтны, дасьведчаны і эрудыраваны чалавек, чалавек дэмакратычных поглядаў і прынцыпаў. Памятаю той урачысты Дзень Вайсковай славы 8 верасьня 1992 году, калі вайскоўцы, сябры БЗВ і група дэпутатаў Вярхоўнага Савету на плошчы Незалежнасьці ў Менску прымалі прысягу на вернасьць народу Беларусі. Тады Галіна стаяла на подыюме побач з Васілём Быкавым, Міхасём Ткачовым, Міколам Статкевічам, і пасьля таго як мы ўсе разам прачыталі тэкст прысягі, яна была вельмі ўзрушаная, падбегла да нас і кожнага з нас абняла, пацалавала. Чалавеку, які вырас у сям’і вайскоўца, было зразумела, што значыць прысяга на вернасьць народу Беларусі. Галіна ўсіх нас віншавала».
XS
SM
MD
LG