Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 верасьня – 20-год з таго дня, калі ў Беларусі ў якасьці дзяржаўных сымбаляў былі прынятыя герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг. З нагоды гадавіны актывісты моладзевых палітычных партый вывесілі на вуліцах многіх гарадоў бел-чырвона-белыя сьцягі.

Гістарычнай даце 19 верасьня 1991 году, калі "Пагоня" і бел-чырвона-белы сьцяг займелі статус дзяржаўных сымбаляў, папярэднічала падзея меньш вядомая. Трыма гадамі раней на адным з паседжаньнеў нефармальнай моладзевай суполкі "Талака" навуковец Вінцук Вячорка выступіў з лекцыяй пра бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта было першае ў найноўшай гісторыі публічнае ўзгадваньне гісторыі бел-чырвона-белага сьцяга, кажа спадар Вячорка:

Вінцук Вячорка

"Ужо тады на "Талаку" прыходзілі сотні людзей і ў вокнах, што называецца, сядзелі. Памятаю, што на тое паседжаньне прыйшоў дэсант партыйных ідэолягаў на чале зь Пятром Краўчанкам, ці-то ён прысылаў каго. Вось так упершыню ў найноўшай гістрыі я зрабіў публічную лекцыю пра бел-чырвона-белы сьцяг. Так адбыўся прарыў. І хаця пазьней партыйныя ідэолягі аблілі брудам мяне і "Талаку" ва ўсіх газэтах, але справа была зробленая: пра бел-чырвона-белы сьцяг загаварылі. Пазьней я рыхтаваў тэксты, матэрыялы, якія былі скарыстаныя нашымі дэпутатамі падчас славутай выставы ў Вярхоўным савеце, прысьвечанай сьцягу і гербу, перад іх прыняцьцем".

Пазачарговая сэсія Вярхоўнага савету 12-скліканьня пагадзілася з новай назвай краіны – Рэспубліка Беларусь. Але за сьцяг і герб "Пагоня" тагачасныя дэпутаты галасавалі зь перавагаю ў адзінкі галасоў. Пераважную большасьць партыйнай намэнклятуры дэпутатам ад апазыцыі давялося ўгаворваць амаль пэрсанальна, узгадвае адзін з удзельнікаў падзеяў, навуковец Алег Трусаў:

Алег Трусаў

"Я ня быў упэўнены, што мы і тады прымем. Былі такія абставіны: не хапае пару галасоў, выступае адзін камуніст і кажа: Алег Анатольевіч, давайце зробім кансэнсус, хай будзе ваш вершнік, конь, меч, Але замест крыжа на шчыце зорку пяцікутную зьмесьцім. Я ня вытрымаў і кажу, толькі нячыстая сіла крыжа баіцца – пасьля гэтага прагаласавалі. Нават такі спантанны гумар дапамагаў. Я і тады, канечне, ведаў, што нашыя сілы вельмі слабыя, што мы авангард, які моцна адарваўся наперад. Але ў гісторыі так заўжды бывае. Таму вельмі добра, што мы сымболіку прынялі і, што ўлада прыняла сваю. І пад гэтай сваёй сымболікай цяперашняя ўлада ў ністрыю і адыйдзе. Але мы іхнія сьцягі і гербы драць ня будзем, а спакойна здымем і перададзім у музэй, як і зрабілі са сьцягам БССР".

Дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг на даху аднаго з галоўных будынкаў – адміністрацыі прэзыдэнта – сарваў з флагштоку, падраў на кавалкі і раздаваў на сувэніры сваім падачаленым, папярэдне паставіўшы свае аўтографы, тагачасны кіраўнік прэзыдэнцкіх спраў Іван Ціцянкоў. Гэта адбылося пасьля рэфэрэндуму 14 траўня 1995 года, калі паводле афіцыйнай інфармацыі, большасьць грамадзян выказаліся за вяртаньне крыху перайначанага герба і чырвона-зялёнага сьцяга. Ад таго часу распачалося і працягваецца супрацьстаяньне прыхільнікаў гістарычнай сымболікі – і новай афіцыйнай, прыдуманай ва ўладных кабінэтах. Узгадвае былая выкладчыца Берасьцейскага унівэрсытэту Ірына Лаўроўская:

Ірына Лаўроўская

"Вельмі шмат моладзі былі абураныя тым, што адбылося з сымболікай. Я тады яшчэ працавала ва ўнівэрсытэце і за адну ноч моладзь вырабіла каля тысячы друкаваных "Пагоняў" паводле спосабу літаграфіі. І за ноч моладзь распісала ўвесь горад лёзунгамі "Жыве Беларусь", разьвесілі выявы "Пагоні", якія нельга было адарваць. Я нават сама заўважыла, што яшчэ праз тры-чатыры гады гэтыя выявы былі заўважныя. Праўда, моладзь дазволіла сабе тое, што замяняла сьцягі зялёныя на бел-чырвона-белыя. Праўда за гэта іх моцна каралі і тады ўпершыню хлопцаў пакусалі сабакі, на іх напусьцілі сабак".

На кожнае нацыянальнае сьвята, як угодкі БНР 25 сакавіка, бітвы пад Воршай 8 верасьня, Каляды ды іншыя сьвята, Ірына Лаўроўская вывешвае бел-чырвона-белы сьцяг з вакна сваёй кватэры, за што неаднаразова атрымоўвала штрафы, а сьцягі ў яе адбіралі супрацоўнікі міліцыі. За гэтыя гады легендарную вядомасьць набыў віцебскі "Мірон", які шматразова вывешваў бел-чырвона-белыя сьцягі ў самых недасягальных месцах. Затрымлівалі, зьбівалі, судзілі і штрафавалі многіх людзей, якія выходзілі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі на вуліцы розных гарадоў Беларусі. Пры гэтым ніякіх юрыдычных падстаў для перасьледу за бел-чырвона-белыя сьцягі ў смлавікоў няма, кажа праваабаронца і юрыст Уладзімер Лабковіч:

Уладзімер Лабковіч

"Сапраўды, дакладны статус бел-чырвона-белага сьцяга ня вызначаны. Ёсьць даўняе тлумачэньне Мінюсту, што яму надазены стус нацыянальнай сымболікі, але парадак яе выкарыстаньня ня вызначаны. Пазьней, аднак, нідзе гэты статус не быў падцьверджаны. Таму гэта пытаньне духу і маралі: гэты сьцяг ёсьць сымбалем усяго таго, што так ненавісна сёньняшняй уладзе – і супраціву. І свабоды, і незалежнасьці Беларусі. Таму і такая абсалютна нездаровая рэакцыя".

20-гадавіну прызнаньня "Пагоні" і бел-чырвона-белага сьцягу актывісты руху "Маладая Беларусь" адзначылі вывешваньнем нацыянальнага сымбаля у многіх гарадах Беларусі. За спробы вывесіць бел-чырвона-белыя сьцягі на вуліцах Менску былі затрыманыя актывісты Маладога фронту Наста Палажанка і Уладзімер Яроменак, якіх асудзілі на 11 і 12 сутак адміністрацыйнага арышту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG