Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ аднаго дэпутата Незалежнасьці страціла Рэспубліка Беларусь. Вельмі цяжка перажываць сьмерць паплечнікаў і равесьнікаў. Няма ўжо Ігара Гермянчука, Ігара Пырха, Яўгена Цумарава, цяпер вось — Галіны Сямдзянавай.

Гэта пракляты Чарнобыль зьбірае сьмяртэльнае жніва. Калі ўсе мы, фронтаўцы і дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, змагаліся за праўду пра Чарнобыль і за ўратаваньне беларусаў ад радыяцыі, мы супрацоўнічалі з навукоўцамі, разьбіраліся ў працэсах і ў біяфізіцы нашай бяды. Тады казалі пра будучыя вынікі нішчэньня кожнага ізатопу, пра атаку плютонія праз 20 гадоў. І вось ужо паганскі дэман цемры выстрэльвае ў нашае сэрца… — Скалабан, Сіліцкі, Сямдзянава… Стрэл імгненны і хуткая сьмерць.

Шкада, што Галіна пайшла без пары, не дажыла да сьвітаньня, калі канае цемра і над Беларусяй засьвеціцца новы дзень. Гэты дзень ужо йдзе. Ён стукае ў нашыя дзьверы.

Апошні раз я бачыўся зь Сямдзянавай у восені 2009 года, калі мы, дэпутаты Апазыцыі БНФ, сабраліся ў Вільні, усьведамляючы як нішчыць нашую справу жыцьця акупацыйны рэжым. Мы гаварылі пра абарону Незалежнасьці, гісторыі і культуры, ды пра нашае братэрства, якое мусіць быць над падзеламі.

Галіна Сямдзянава была асобай сумленнай і прынцыповай з цьвёрдым характарам і праніклівым розумам. Мы ведалі, што ў тактычных кантактах з нашымі палітычнымі праціўнікамі яе не спалохаюць, ня скруцяць, не ўгавораць і не ашукаюць.

Сямдзянава была з сям’і ваенных, член КПСС, украінка. Пошукі праўды, прыстойнасьці і справядлівасьці прывялі яе ў дэпутацкую Апазыцыю БНФ. Яна пакінула кампартыю, успрыняла ідэалёгію і пазыцыю Фронту, стала гаварыць па-беларуску, намэнклятура асьцерагалася яе як беларускай нацыяналісткі. Тады быў пераломны час, калі людзі выбіралі шлях. Галіна Сямдзянава выбрала наш шлях — шлях змаганьня за праўду, за справядлівасьць, за дэмакратыю і волю, за незалежнасьць Беларусі, шлях пакутны, шлях цяжкі, шлях вечны…

Дзякуй, Галіна Георгіеўна. Дзякуй.

Вечная памяць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG