Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Меней чым праз тыдзень пасьля пачатку "стабілізацыі" на валютным рынку фінансавыя ўлады дасягнулі адваротнага эфэкту. Калі цягам паўгода насельніцтва не магло легальна набыць даляры, эўра, расейскія рублі, то цяпер, атрымаўшы камэрцыйны курс, ня мае магчымасьці прадаць СКВ – у банках няма рублёвай наяўнасьці. Тым часам на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы рубель працягвае ўмацоўвацца – сёньня ён зафіксаваўся на адзнацы 8460 за даляр. Ці ёсьць падставы казаць, што ідзе мэтанакіраваны разварот рынкавага курсу да афіцыйнага, які ўжо перавысіў 5400 рублёў?

З пачаткам працы дадатковай біржавой сэсіі ўлады паабяцалі выхад на раўнаважны курс беларускага рубля цягам 1,5-2 месяцаў. Аналітыкі кажуць, што пасьля першых таргоў паступова вымалёўваецца мэханізм збліжэньня рынкавага і афіцыйнага курсаў. Калі вартасьць рубля ў камэрцыйным сэктары чацьвёртую сэсію запар умацоўваецца, то курс, вызначаны Нацыянальным банкам, наадварот, падае.

Асобныя эканамісты пралічылі: паводле задумы дзяржаўных фінансістаў, сустрэцца два курсы павінны на стыку 6000 рублёў за даляр. Іншымі словамі, кошт рубля на падставе попыту і прапановы на валютна-фондавай біржы цягам 2 месяцаў мусіць умацавацца ў сярэднім на 2000 рублёў у параўнаньні зь цяперашнім, тады як Нацбанк штучна адпусьціць свой курс прыблізна на 1000. Прапаганда ўжо пачала рыхтаваць насельніцтва да такой пэрспэктывы: усе тэлеканалы агучылі прадказаньні старшыні Нацбанку Надзеі Ермаковай пра непазьбежнае абясцэньваньне даляра:

Надзея Ермакова

"Мы думаем, што курс акуратна, акуратна будзе ісьці ніжэй. А, магчыма, дзесьці на тыдні курс рэзка пойдзе ўніз. Гэта так званы падатковы тыдзень і прадпрыемствам будуць патрэбныя беларускія рублі дзеля таго, каб заплаціць падаткі ў бюджэт. Але як іх атрымаць? Прадаць валюту. Увогуле мы мяркуем, што працэс зойме 1,5-2 месяцы. А можа гэта і меней зойме часу. Гэта будзе залежаць ад таго, як актыўна будуць працаваць прадпрыемствы. Натуральна яны будуць працаваць актыўна тады, калі яны нам будуць давяраць".

Ці ёсьць падставы давяраць крокам, якія ўлады пачалі ажыцьцяўляць пасьля паўгода бязьдзеяньня? Экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Зьміцер Крук ня бачыць падставаў казаць пра доўгатэрміновае ўмацаваньне рубля:

Зьміцер Крук

"На мой погляд, тут яскрава выразнай тэндэнцыі на сёньняшні дзень яшчэ не сфармавалася і ёсьць перадумовы дзеля таго, каб курс імкнуўся ў любы бок. Таму, перад тым, каб гаварыць пра нейкую выразную тэндэнцыю, трэба пачакаць. Дакладнай інфармацыі аб тым, ці выкарыстоўваецца сапраўды адміністрацыйны рэсурс, на жаль, у мяне няма. Ёсьць толькі некаторыя чуткі, камэнтары і г.д.".

Карэспандэнт: "Калі рубель будзе ўмацоўвацца такім чынам, ці захочуць суб'екты гаспадараньня, перадусім -- экспартэры -- прадаваць сваю валюту?".

"Доўгатэрміновых падставаў для значнага ўмацаваньня рубля няма, бо інфляцыйны ціск нівэлюе, зьмяншае тыя перавагі, якія атрымалі экспартэры за кошт дэвальвацыі. Таму нават у сярэднетэрміновай – двух-трохмесяцовай пэрспэктыве, фактычна да канца года -- я ня бачу перадумоваў дзеля таго, каб ён значна ўмацоўваўся. То бок, ёсьць верагоднасьць, што трэба чакаць і нейкія іншыя працэсы".

Эканаміст Сяргей Балыкін перакананы: папулісцкая палітыка беларускіх уладаў у жаданьні дагадзіць электарату -- асабліва напярэдадні прэзыдэнцкай кампаніі -- мусіла прывесьці да чагосьці падобнага:

Сяргей Балыкін

"Самае галоўнае -- нельга казаць пра тое, што курс беларускага рубля ўмацоўваецца. Сапраўды, маюць месца нейкія ваганьні, але ж, на маё меркаваньне, трэнд -- усё роўна на падзеньне курсу рубля. Зь іншага боку, ня толькі Лукашэнка вінаваты ў цяперашняй сытуацыі, той жа Кебіч ў свой час рабіў насамрэч тое ж. Іншая справа, што пры Лукашэнку гэтае падзеньне стала куды больш істотным. Так што, беларускі рубель ўсю гісторыю свайго існаваньня ўсё падаў, падаў і толькі падаў. Так і цяпер: ён будзе падаць зь перапынкамі на кароткачасовую стабілізацыю ці нават падвышэньне, але ў існуючай фінансавай сытуацыі ён можа толькі абясцэньвацца. Гэта з шэрагу тога, як жартуюць пра "кароткачасовыя дажджы амаль без перапынку".

Сваім шляхам ідуць камэрцыйныя банкі. Сёньняшняя навіна пра чарговае "умацаваньне" беларускага рубля спрычынілася да перагляду курсаў у абменных пунктах: максымальны кошт, па якім абменьнікі прымаюць даляры, усталяваўся ў прамежку 7800-7900, толькі асобныя ўстановы працуюць у дыяпазоне 8000-8100. У першы дзень працы дадатковай сэсіі 14 верасьня гэты паказьнік ушчыльную падбіраўся да 9000.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG